19 красавiка 2024, Пятніца, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карты Лукашэнкі бітыя

11
Карты Лукашэнкі бітыя
КАРЫКАТУРА: ARU.TV

Як выглядаюць расклады на беларускім «картачным стале».

Дарожныя карты – самы папулярны тэрмін апошняга часу ў беларускім эканамічным жыцці. Але калі заходні пакет картаў тычыцца менавіта эканомікі, то «расейска-беларускі інтэграцыйны» мае на ўвазе і палітычнае прадаўжэнне, піша RFI.

Паводле звестак Мінфіна Беларусі, паводле вынікаў гэтага года чакаецца рост ВУП на 2,9%, Міжнародны валютны фонд раней прагназаваў усяго толькі 1,8%. МВФ і Еўразійскі банк развіцця прагназуюць запаволенне эканомікі Беларусі таксама і ў 2020-м да 0,3%.

Пра неабходнасць структурных рэформаў у Беларусі кажуць на эканамічных форумах гадоў пятнаццаць, апошнія гады з меркаваннем эканамістаў згаджаюцца і чыноўнікі. Але рэформы так і не пачыналіся. Калі верыць віцэ-прэм'еру Турчыну, то рэформы нарэшце амаль гатовыя – урад і Сусветны банк вывучаюць дарожную карту ў павышэнні эфектыўнасці эканомікі. Грошы на рэформы, паводле словаў віцэ-прэм'ера, Беларусь пакуль прасіць не будзе.

Алекс Крэмер, прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі, заявіў, што дарожныя карты бяруць да ўвагі пагаршэнне становішча насельніцтва пры рэфармаванні эканомікі, ураду прапануюцца захады сацыяльнай абароны насельніцтва, здольныя змякчыць наступствы пераменаў.

Раней чыноўнікі, напрыклад, памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды чатыры гады таму, казалі пра непрыманне рэформаў грамадствам, маўляў, няма запыту ў народа, таму кіраўніку дзяржавы цяжка адважыцца на непапулярныя захады. Цяпер жа, як адзначыў у інтэрв'ю RFI акадэмічны дырэктар Кастрычніцкага эканамічнага форуму, дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык, спаслацца на нежаданне грамадства не атрымаецца.

Урад тым часам разглядае не толькі карты, распрацаваныя з дапамогай Захаду. Да пачатку снежня кіраўнікам Беларусі і Расеі павінен быць прапанаваны пакет дарожных картаў паглыбленай эканамічнай інтэграцыі дзвюх краінаў. Змест інтэграцыі па-ранейшаму не раскрываецца, толькі расейскі «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы ў Крамлі паведамляе, што ўжо ўзгоднена 16 картаў з 31. У Беларусі ж кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калавур разбіваў чуткі пра пераход Беларусі на расейскі рубель. Паводле словаў банкіра, бакі ў рамках стварэння дарожных картаў усяго толькі «дамовіліся гарманізаваць грашова-крэдытную палітыку». Як мяркуе эканаміст Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары», пераход на адзіную валюту пакуль сапраўды немагчымы.

«Цяпер жа нават з эканамічнага гледжання казаць пра пераход на агульную валюту з Расеяй складана. Вельмі розныя эканомікі, залежнасць, напрыклад, ад сыравіны ў нас і здабыча сыравіны ў Расеі, розныя падатковыя сістэмы, розная макраэканоміка – маецца на ўвазе, што і розная інфляцыя, рознае беспрацоўе, розныя эканамічныя цыклы. У такіх умовах пераходзіць на адзіную валюту выключна складана. Акрамя таго, не з'яўляецца сакрэтам, што Расея нясе сур'ёзныя рызыкі праз фінансавыя санкцыі, якія ўжо ўвялі, патэнцыйна могуць быць новыя фінансавыя санкцыі – і пры добраахвотным пераходзе на адзіную валюту з Расеяй мы добраахвотна можам узяць на сябе вось гэтыя эканамічныя рызыкі, якія, я думаю, нам не патрэбныя», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Самае неспакойнае для шмат каго ў Беларусі ў апошнім паведамленні «Коммерсанта» з Крамля заключаецца ў сказе: «Пасля эканамічнай інтэграцыі Расея і Беларусь зоймуцца палітычнай». Праўда, як прызнае крамлёўскі суразмоўца выдання, адзіныя акты заканадаўства дзвюх краінаў мяркуюць наяўнасць наднацыянальных органаў, якіх у «саюзнай дзяржаве» пакуль няма – «пра іх, як і пра агульную канстытуцыю, дамовіцца пакуль не атрымліваецца».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках