28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларуска прайшла шляхам сьвятога Якуба

Як беларуска прайшла шляхам сьвятога Якуба

Знакамітая пілігрымка ў пытаньнях і адказах.

Беларуская рэжысэрка-дакумэнталістка Вольга Абрамчык, чый фільм «Трэнэр» пра каманду невідушчых віцебскіх футбалістаў дэманстраваўся на шэрагу міжнародных кінафэстываляў, у тым ліку і на «Лістападзе» ў Менску, гэтай восеньню прайшла пешкі знакамітым шляхам сьвятога Якуба. Такім чынам Вольга вырашыла выпрабаваць сябе і зьмяніць жыцьцёвы ракурс пасьля цяжкай працы над фільмам пра людзей, якія робяць, падавалася б, немагчымае, перадае svaboda.org.

Што такое шлях сьвятога Якуба?

Гэта знакаміты шлях пілігрымаў да меркаванай магілы апостала Якуба ў гішпанскім горадзе Сант’яга-дэ-Кампастэля, галоўная частка якой праходзіць па паўночнай Гішпаніі. Дзякуючы сваёй папулярнасьці і разгалінаванасьці гэты маршрут аказаў вялікі ўплыў на распаўсюджваньне культурных дасягненьняў у эпоху Сярэднявечча. Шлях сьвятога Якуба ўваходзіць у лік помнікаў сусьветнай спадчыны UNESCO. У 2009 годзе ім прайшлі больш за 145 тысяч чалавек. Сьвяты Якуб стаў лічыцца заступнікам падарожнікаў.

Колькі заняло падарожжа ў днях і кілямэтрах?

31-гадовая рэжысэрка Вольга Абрамчык жыве ў Празе, працуе на тэлеканале «Настоящее время». У падарожжа яна выправілася зь дзьвюма сяброўкамі. Яны паляцелі ў Лісабон, адтуль у Порта, і далей пешкі да сабору сьвятога Якуба ў Сант’яга-дэ-Кампастэля.

«Гэта лічыцца шляхам паломнікаў, але людзі бачаць у гэтым і турыстычную мэту, хтосьці хоча пабыць адзін на адзін з прыродай, каб адказаць на пытаньні, якая назапасіліся ўнутры, — кажа Вольга. — Я хацела пабыць сама з сабой. Мы нядаўна закончылі фільм, было шмат працы, трэба было адпачыць і правесьці час у філязофскіх роздумах.

Па дарозе сустракалі самых розных людзей розных узростаў зь дзясяткаў краінаў сьвету.

Пазнаёміліся з 80-гадовым мужчынам, які некалькі гадоў таму прайшоў пешкі 1000 кілямэтраў. Пілігрымы расказвалі, што ў гэты час таксама ішла шляхам сьвятога Якуба дзяўчына зь Беларусі, але мы зь ёй не перасекліся».

Вольга прайшла 260 кілямэтраў за 12 дзён.

Дзе начуюць пілігрымы?

Вольга Абрамчык ішла праз маленькія гарадкі і вёскі Партугаліі і Гішпаніі. Пілігрымы звычайна спыняюцца ў спэцыяльных месцах для начлегу, муніцыпальных ці прыватных альбэрге. Вольга ўдакладняе, што муніцыпальныя альбэрге загадзя забраніраваць нельга:

«Усё павінна быць сумленна, прыходзіш, пытаесься, ці ёсьць вольныя месцы, а там ужо як пашанцуе. Прыватныя альбэрге можна браніраваць, але яны даражэй каштуюць — каля 12 эўра, а муніцыпальныя — 5 эўра. Першы дзень нам было дастаткова цяжка ісьці, да канца не разумелі, што чакае. Прайшлі больш, чым плянавалі, стаміліся. Пайшоў дождж, пачыналася ноч, а месцаў у альбэрге не было. Што рабіць? У выніку ўсё ж знайшлі нейкі начлег, усталі на сьвітанку і пайшлі далей».

Што трэба мець з сабой?

«Выбіраючы вопратку, трэба арыентавацца на надвор’е, але ўсё роўна не ўгадаеш, — кажа падарожніца. — Мы ішлі ў верасьні-кастрычніку, было то горача, то холадна, часта ішоў дождж. Трэба браць і цёплыя, і лёгкія рэчы. Калі холадна, рэчы ня сохнуць, а калі горача, яны ўсё роўна застаюцца вільготныя. Заплечнік не павінен быць цяжэй за 5-7 кіляграмаў. Мой заплечнік быў каля 10 кіляграмаў, і першы дзень я магла думаць толькі пра тое, што выкінуць. Трэба браць адны шорты, адны штаны, дзьве майкі. Калі начуеш у муніцыпальных альбэрге, патрэбны ручнік, калі ў прыватных — не. Я ішла ў трэкінгавых красоўках. Важна, каб абутак быў разношаны і камфортны. Бялізну прала ў альбэрге (брала з сабой мыла), а заплечнік быў „вешалкай“, якую насіла на сабе».

Што самае складанае ў падарожжы?

За дзень Вольга праходзіла мінімальна 17 кілямэтраў, максымальна — 32, што лічыцца добрым вынікам для першага паходу:

«Ісьці было дастаткова лёгка. Самае цяжкае было — спыняцца ў альбэрге, дзе магло быць да 30 чалавек у адным пакоі. Чакаеш, што табе будзе цікава зь людзьмі з розных краінаў, але калі прыходзіш стомлены, і ўсе вакол таксама стомленыя, то не заўсёды атрымліваецца казачная атмасфэра. Ні зь кім ня хочаш гаварыць. Аднаўляцца трэба, і гэта не заўсёды атрымлівалася, бо побач нехта размаўляе, нехта рана ўстае, камусьці холадна, камусьці душна, адкрываюць ці закрываюць акно».

Як сілкавацца ў дарозе?

«Па дарозе ёсьць шмат кавярняў і закусачных, дзе заўсёды ёсьць спэцыяльнае мэню для пілігрымаў, — распавядае рэжысэрка. — За 5-6 эўра можна ўзяць суп, рыбу, рыс і каву. Вельмі сытна і смачна. Прыдарожныя кавярні вельмі атмасфэрныя, усе табе жадаюць добрай дарогі, вакол шмат пілігрымаў. Там сапраўды можна разгаварыцца, запытацца пра наступны прыпынак, як праходзіць маршрут, ці ўсё ў парадку. З вадой таксама праблем не было. Шмат фантанчыкаў было па дарозе. У мяне была 0.5 бутэлька, якую я ўвесь час напаўняла вадой».

Калі пачынаеш атрымліваць задавальненьне ў дарозе?

Вольга згадвае, што першыя пяць дзён ісьці было вельмі цяжка не фізычна, а маральна:

«Я думала, што я тут раблю, навошта я пайшла. Толькі на пяты дзень я пачала атрымліваць задавальненьне, заўважаць людзей і прыроду больш тонка. Вельмі спадабаліся мясцовыя людзі ў Партугаліі, якія жадалі добрай дарогі, усьміхаліся. Шмат успамінала Беларусь, бо пахі партугальскіх вёсак нагадвалі мне дзяцінства ў бабулі ў вёсцы. Гэта было нібы пагружэньне ў дзяцінства».

Якія небясьпекі чакаюць у падарожжы?

«Мы выйшлі ўтрох, але на чацьверты дзень адна дзяўчына была вымушаная сысьці з дарогі праз старую траўму нагі, бо ў яе пачалося запаленьне зьвязак. Можна рыхтавацца, хадзіць у трэнажорную залю, але што насамрэч будзе, пакажа падарожжа, — перакананая Вольга Абрамчык. — Я захварэла ў сярэдзіне дарогі, бо немагчыма было высушыць рэчы. З кашлем і тэмпэратурай ісьці было цяжка, але атрымалася хутка аднавіцца».

Ці лепей ісьці адной?

«Вельмі шмат людзей ідуць самі дарогай сьвятога Якуба. У кожнага свой рытм. Зь сяброўкай мы выходзілі ў адзін час, але вельмі хутка праз тое, што ў нас быў розны рытм, разыходзіліся. Мы паважалі адна адну. Павольна мне было нязручна ісьці, а ёй было цяжка ісьці хутка. І гэта нармальна. Мы сустракаліся ўжо ў горадзе і разам выбіралі, дзе будзем спыняцца. Наступным разам я б наважылася пайсьці адна», — лічыць падарожніца.

Якая самая галоўная выснова з падарожжа?

«Калі жывеш і працуеш, то прывыкаеш да пэўнай рутыны. Празь некалькі дзён падарожжа думаеш толькі пра тое, як знайсьці ежу і начлег. Заходзіш у бар ці рэстарацыю і пытаесься, дзе ў гэтых мясьцінах можна пераначаваць, і ўсім абсалютна пляваць, як ты выглядаеш і дзе ты працуеш. Усе людзі разумеюць, што ты едзеш дарогай сьвятога Якуба, і табе патрэбная дапамога. Я не сустрэла ніводнага чалавека, хто б праігнараваў просьбу ці пытаньне, усе жадалі добрай дарогі, хацелі дапамагчы, накарміць», — згадвае Вольга.

У наступнае падарожжа Вольга Абрамчык выправіцца адна. Яна вырашыла выбраць больш дзікія мясьціны, дзе будзе вельмі мала людзей. Каб яшчэ раз выпрабаваць сябе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках