20 красавiка 2024, Субота, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыя Геркулеса Літоўскага, які перамог у 30 бітвах

1
Гісторыя Геркулеса Літоўскага, які перамог у 30 бітвах

У 1508-м годзе Радзівіл Геркулес удзельнічаў у вайне з Маскоўскім княствам.

Блізу 1480-га года на свет з'явіўся Юрый Радзівіл, які атрымаў пасля мянушку «Віктар - Пераможца, Геркулес Літоўскі» за тое, што рэгулярна ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях і перамог агулам у 30 бітвах. Акрамя гэтага ён з'яўляўся дзяржаўным дзеячам і з 1500-га года займаў пасады намесніка мазырскага, мейшаголаўскага, мярацкага, вяленскага, уцянскага, піша сайт vklby.com.

У 1508-м годзе Радзівіл Геркулес удзельнічаў у вайне з Маскоўскім княствам. На наступны 1509-ы год ён атрымаў пасаду падчашага ВКЛ і будзе ім да 1517-га года. 1511-ы год прынёс Радзівілу пасаду літоўскага гетмана польнага і чарговую перамогу: ён разам са слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разбіў татараў за 20 міль да Кіева ва ўрочышчы Рутцы.

1512-ы год зноў знамянальны ў жыцці літоўскага Геркулеса. У гэтым годзе ён узяў удзел у пераможнай бітве супраць татараў пад Вішняўцом. Праз год пасля гэтай бітвы Юрый Радзівіл ізноў ваюе з ворагамі айчыны. На гэты раз ён біўся супраць Масквы ў бітве пад Воршай 8 верасня 1514-га года. У гэтай знамянальнай паводле сваіх маштабаў бітве ён камандуе лёгкай конніцай ВКЛ на левым флангу. У баі Радзівіл праяўляе ўсю сваю адвагу, мужнасць і гонар, за што пасля перамогі над ворагам і атрымлівае сваё мянушку Віктара - Пераможцы, Геркулеса Літоўскага.

Пасля слаўнай перамогі ў бітве пад Воршай яго чакае яшчэ нямала сур'ёзных бітваў. У 1517-м годзе ён удзельнічае ў паходзе на Пскоў, у 1519-м змагаецца з маскоўскімі войскамі пад Крэвам, і з таго ж 1519-га года да 1521-га ваюе з Тэўтонскім ордэнам.

З 1520-га года Радзівіл Пераможца займае новую дзяржаўную пасаду і становіцца кашталянам Троцкім, а з 1522-га - Віленскім. Але на гэтым ён не спыняецца і прадаўжае служыць і абараняць сваю дзяржаву. У 1527-м годзе ўдзельнічае ў бітве на рацэ Альшанцы, дзе войскі ВКЛ пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага зноў разбіваюць татараў, і ў гэтым жа годзе Радзівіл атрымлівае чарговую дзяржаўную пасаду маршалка надворнага.

Дзякуючы сваёй дзяржаўнай дзейнасці і баявым заслугам ён дасягнуў вялікага ўплыву ў Вялікім княстве Літоўскім і ў 1530-ім годзе ўжо ўваходзіў у магнацкі трыумвірат, дзе разам з канцлерам ВКЛ Альбрэхтам Гаштольдам і Жамойцкім старастам Янам Радзівілам фактычна кіраваў Вялікім княствам Літоўскім у адсутнасць Вялікага князя Літоўскага.

Наступны 1531-ты год становіцца самым значным у вайсковай кар'еры Радзівіла Пераможцы, яго прызначаюць на самую галоўную вайсковую пасаду ў ВКЛ, ён становіцца Вялікім гетманам Літоўскім. Пасля прызначэння Радзівіл як і раней абараняе межы княства і з часу землятрусу 1534-га да 1537-га года ваюе з Маскоўскім княствам. Падчас гэтай вайны ён захопіць гарады Гомель і Старадуб.

Юры Радзівіл Геркулес быў двойчы жанаты. Першым разам ён пабраўся шлюбам з Барбарай Кішкай, але яна рана памерла. Другім разам ён узяў у жонкі 22-гадовую Барбару са знакамітага роду Колаў, якая з'яўлялася дачкой багатага галіцкага каменданта Паўла. У іх нарадзілася трое дзяцей: сын Мікалай і дзве дачкі Ганна і будучая Вялікая княгіня Літоўская і каралева Польская Барбара Радзівіл. Памёр Юрый Радзівіл у 1541-м годзе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках