16 красавiка 2024, aўторак, 22:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікола Статкевіч – Лукашэнку: Падумай, на што ты ідзеш

54
Мікола Статкевіч – Лукашэнку: Падумай, на што ты ідзеш
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

У беларусаў хутка будзе новы прэзідэнт.

У Менску прайшло пасяджэнне камітэта Сацыялістычнага інтэрнацыяналу. Паводле ягоных вынікаў сусветная сацыял-дэмакратыя абвесціла 2020 год годам Беларусі.

Што гэта можа азначаць на практыцы? На пытанні Charter97.org адказвае лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу, старшыня партыі «Народная Грамада», сустаршыня Камітэта Сацінтэрна Мікола Статкевіч:

– Хачу ўдакладніць: сусветная сацыял-дэмакратыя збіраецца абвесціць 2020 год годам Беларусі. Плануецца, што гэта адбудзецца на Радзе Сацінтэрна, якая з'яўляецца найвышэйшым органам гэтага міжнароднага аб'яднання паміж кангрэсамі. У Раду, дарэчы, уваходзяць 135 сацыял-дэмакратычных партый з розных краінаў свету – гэта каб усе разумелі, які маштаб у прыманай пра Беларусі пастановы.

Што гэта дасць? Гэта значыць, што сусветная сацыял-дэмакратыя выкарыстоўвае ўсе свае магчымасці для ўплыву на беларускую сітуацыю, каб зрабіць прэзідэнцкія выбары 2020 года больш сумленнымі і справядлівымі. У тым ліку павінны быць знятыя незаконныя абмежаванні на ўдзел у гэтых выбарах палітыкаў, абмежаваных у правах з палітычных матываў. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра мяне,

На Радзе Сацінтэрна будзе праведзеная асаблівая нарада на гэтую тэму з удзелам прэм'ер-міністра Гішпаніі Пэдра Санчэса. Беларускае пытанне ўключанае ў парадак дня Рады – такое адбываецца вельмі рэдка, беручы да ўвагі глабальны характар развязвальных на Радзе праблемаў.

Плануюцца, што будуць задзейнічаныя магчымасці Сацінтэрна ў ААН і Еўразвязе. Цяпер сацыял-дэмакраты займаюць высокія пасады ў гэтых структурах. Напрыклад, папярэднік генеральнага сакратара Сацыялістычнага інтэрнацыяналу Луіса Аялы Антоніа Гутэрыш цяпер узначальвае ААН. Сацыял-дэмакраты таксама вызначаюць цяпер міжнародную палітыку Еўразвязу.

Я спадзяюся, што гэта паўплывае на беларускі рэжым – інакш, акрамя рэзалюцыяў і дамаўленняў, будуць ужытыя яшчэ захады. Думаю, што гаворка можа зайсці нават пра вяртанне рэжыму санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.

– Лукашэнка ўжо цяпер кажа пра тое, што «парламенцкія выбары» – гэта рэпетыцыя «вакханаліі» 2020 года. Чаму так нэрвуецца дыктатар?

– Лукашэнка баіцца, таму што адчувае, што беларускі народ яго не проста не падтрымлівае – народ яго ненавідзіць.

Лукашэнка баіцца, таму што ўжо нічога не можа прапанаваць беларусам і завёў нашу краіну ў тупік. Ён і сам гэта разумее.

Лукашэнка баіцца, што беларусы выйдуць за рамкі дакучлівага ўсім спектакля і зламаюць яму сцэнар «выбараў» – як гэта зрабіў БНК падчас «парламенцкай» кампаніі.

Дзве асноўныя палітычныя сілы, якія ўваходзяць у БНК, – «Народная Грамада» і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» – выкарысталі магчымасці гэтых «выбараў» і правялі яркую, жорсткую, дзёрзкую кампанію з лозунгамі, якія хутка сталі папулярнымі ў народзе: «Лукашэнка павінен сысці!», «Пакуль ты спаў, лука радзіму прадаў!», «Калгаснай дыктатуры – баста!» і іншымі.

Гэта ўзрушыла сітуацыю і прывяло да небывалай цікавасці да «парламенцкай» кампаніі, якая ў Беларусі заўсёды праходзіла незаўважна. Мы паказалі, што можам эфектыўна выкарыстоўваць падобныя кампаніі і навязваць уладам свой сцэнар.

І гэта – на «парламенцкіх выбарах», якія ніколі нікому ў Беларусі не былі цікавыя. А на прэзідэнцкіх выбарах сітуацыя будзе кардынальна іншая. Бо практычна ўсе беларусы разумеюць: нельга аддаваць краіну Лукашэнку яшчэ на 5 гадоў. І людзі будуць гатовыя паводзіць сябе інакш. А мы ўжо паказалі толькі малую частку нашых магчымасцяў – і таму ў Лукашэнкі істэрыка.

З іншага боку, паўстала каласальная пагроза для нашай незалежнасці. Яна – нашчат большая, чым многія сабе ўяўляюць. Расейскія палітыкі ўяўляюць сабе, што ўжо вясной «саюзная дзяржава будзе».

І пад гэтай формулай яны разумеюць поўнае паглынанне Беларусі. І адзіная перашкода для іх – не Лукашэнка, а тыя беларускія патрыёты, якія гатовыя ламаць сцэнар уладаў, пратэставаць, а калі спатрэбіцца, то, згодна з Канстытуцыяй, абараняць незалежнасць са зброяй у руках.

Таму Лукашэнка не ведае, што рабіць. Так проста, як у 2015 годзе, у яго ўжо не атрымаецца. Дыктатар гэта зразумеў – і гэтая думка выносіць ягоныя мазгі.

– Аўтары двух самых папулярных фільмаў пра злачынствы Лукашэнкі – Юры Хашчавацкі і Сцяпан Святлоў – заявілі нядаўна, што час Лукашэнкі на зыходзе і бачныя прыкметы яго хуткага фіналу. Ці згодныя Вы з гэтым, і ці можа 2020-ы год стаць для яго фатальным?

– Ведаеце, я бачу прадвесце пераменаў. І бачу страх перад пераменамі – не толькі ў самога Лукашэнкі, але і тых, хто ўжо «зжыўся» з ягоным рэжымам.

Бо сапраўды: час гэтага рэжыму ўжо на зыходзе. Ягоны падмурак – фінансавая дапамога Масквы, якая дазваляла ўтрымліваць 200 тысячаў сілавікоў – ужо разбураная. Галоўны фундатар сказаў Лукашэнку: усё, ужо заплачана – цяпер аддавай краіну. Мы стаім на скрыжаванні: у Беларусі неўнікнёныя драматычныя перамены.

Яны абавязкова адбудуцца, пытанне толькі – у які бок? Альбо мы ўбачым відавочную інкарпарацыю Беларусі з падачы рэжыму, і нам давядзецца падымацца і супраціўляцца, альбо мы вернем Беларусі свабоду і станем развівацца нармальна.

У нас – скрыжаванне. А Лукашэнка ўжо не «перажыве» гэтую сітуацыю – усё, забудзьцеся ўжо пра гэтага чалавека. У беларусаў хутка будзе новы прэзідэнт. Але ёсць два варыянты, і сітуацыя, прабачце, ужо так склалася, што ў абодвух гэтых варыянтах новым прэзідэнтам будзе немалады падпалкоўнік.

– БНК высунуў Вас кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2020 года. Ці гатовыя Вы даць вызначальны бой дыктатуры?

– Беларуская справа – гэта справа майго жыцця. І цяпер мы падышлі да вызначальнага моманту: ці будзе ўвогуле існаваць наша нацыя, таму што інкарпарацыя Расеяй азначае знікненне праз некалькі дзясяткаў гадоў, ці ж мы станем нармальнай, еўрапейскай, паспяховай, багатай нацыяй.

Момант вызначальны – і я не пашкадую ў гэты момант нічога асабістага. Не думаю, што ў каго-небудзь з маіх сяброў, ворагаў і тых, хто ведае гісторыю майго жыцця, ёсць нейкія сумневы ў тым, што я не кідаюся сваімі словамі.

Я хачу папярэдзіць кіраўніцтва Расеі. Беларусы для вас пакуль яшчэ – сяброўскі народ. Вы хочаце забраць у гэтага народа ягоны дом. Вы атрымаеце жорсткі супраціў і вялікага ворага. Дружалюбны народ стане народам варожым. Не рабіце гэтага. Што тады ў вас застанецца? Вы створыце трагедыю не толькі для беларускага народа, але і для свайго ўласнага.

Я звяртаюся да беларускага дыктатара: не ідзі на здраду. Такая здрада караецца смерцю. За гэта забіваюць. Зразумей гэта. Калі ты не можаш ужо ў гэтай сітуацыі нічога зрабіць і цябе ўжо падмінаюць – звяртайся да патрыётаў, да нас. Беручы да ўвагі, што пакладзена на шалі вагаў, нягледзячы на тое, што ты зрабіў з намі, нашымі блізкімі, нашымі сем'ямі. нашым народам, нашай краінай – мы цябе выслухаем дзеля Беларусі.

Мы скажам, што рабіць. Мы ведаем, як выратаваць краіну, і будзем гэта рабіць. Але здрада будзе карацца. Гэта табе скажа любы патрыёт. Падумай, на што ты ідзеш, на што цябе штурхае Масква.

Менскі гарадскі камітэт «Народнай Грамады» падтрымаў Сустрэчу свабодных людзей, якая пачнецца 15 лістапада а 18.00 на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Мікалай Статкевіч асабіста возьме ўдзел у акцыі.

Напісаць каментар 54

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках