19 красавiка 2024, Пятніца, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэр Вільні: Для патрыёта Літвы вельмі важна, каб Беларусь заставалася суверэннай

2
Мэр Вільні: Для патрыёта Літвы вельмі важна, каб Беларусь заставалася суверэннай
РЭМІГІЮС ШЫМАШУС
Фотa: sa.lt

Літоўцам важна бачыць па суседстве не толькі гістарычна, але і палітычна блізкую краіну.

Калі на экраны выйшаў серыял «Чарнобыль», здымкі якога праходзілі ў тым ліку і ў адным са спальных раёнаў Вільні, сталіца Літвы стала месцам паломніцтва для турыстаў, якія жадаюць зірнуць на тое, што вельмі падобнае на горад Прыпяць да выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

У пачатку кастрычніка ў Літве праводзіліся вучэнні, дзе адпрацоўвалася дзеянні літоўскіх службаў у выпадку магчымай аварыі на Астравецкай АЭС, а крыху раней такая сітуацыя прапрацоўвалася ў Вільні. Сталіца Літвы знаходзіцца ў 50 кіламетраў ад АЭС, якая будуецца ў Беларусі, і гэта ўжо не серыял.

«З самых высокіх будынкаў Вільні АЭС бачная няўзброеным поглядам. Тое, што мы бачым, нас не супакойвае. Няма даверу ў тым, ці ўсё зроблена добра», - падкрэслівае мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус. Пра гэта, а таксама пра тое, чым і як жыве і развіваецца Вільня, а таксама пра агульных герояў для Літвы і Беларусі ён распавёў у інтэрв'ю Сharter97.org.

- Згодна з нядаўна праведзеным даследаваннем, у Вільні за апошнія 5 гадоў стала больш багатых людзей. Так добра стала жыць у літоўскай сталіцы?

- Вядома, Вільня – гэта горад поспеху і для Літвы, і для ўсяго рэгіёну, таму расце і колькасць багатых людзей. Гэта людзі, якія зарабляюць вельмі добрыя грошы. А з новымі тэндэнцыямі ў эканоміцы, транснацыянальнымі карпарацыямі ў Вільні расце колькасць паспяховых у эканамічным плане людзей. Безумоўна, гэтаму можна толькі парадавацца.

- Што стала глебай для гэтага?

- Ёсць некалькі аспектаў. Цяпер з пункту гледжання эканомікі ў свеце вельмі добры час. І Вільня гэтым карыстаецца. Наша палітыка палягае ў імкненні быць больш адкрытымі, быць хутчэйшымі за іншых. Гэта азначае, што людзям, дзейнасць якіх звязаная з новымі эканамічнымі тэндэнцыямі, у Вільні добра.

Дарэчы, мы часам з нагоды інвестыцый і новых тэхналогій нават канкуруем з вялікімі мегаполісамі. У Вільні прадстаўлены капітал буйных кампаній у галіне фінансавых тэхналогій, а таксама паспяховыя стартапы. Калі браць у колькасных суадносінах лік банкаўскіх ліцэнзій у ЕЗ, то Літва другая пасля Вялікай Брытаніі. І калі брытанцы пакінуць ЕЗ, то Літва будзе першай. А ўсе гэтыя працэсы ў асноўным адбываюцца ў Вільні. Мы гэтым карыстаемся.

- Добра гэта ці дрэнна, калі Брытанія пакіне ЕЗ?

- Гэта дрэнна. Перад рэферэндумам я асабіста праводзіў кампанію, стараўся знайсці брытанцаў, каб абняць іх і выказаць такім чынам думку пра тое, што нам добра разам. Але калі яны наважылі ўсё ж пакінуць ЕЗ, то трэба выкарыстоўваць нават і гэта.

- Людзі сталі багацейшымі, вы пералічылі яшчэ пункты, згодна з якімі літоўская сталіца паспяхова развіваецца. Стала зручней тут жыць?

- Абапіраючыся на звесткі ЕК і Еўрабарометра апошніх 2-3 гадоў, можна сказаць, што жыхары Вільні самыя шчаслівыя сярод іншых гарадоў краін ЕЗ. 98% людзей адказваюць, што рады тут жыць. Гучыць, вядома, як беларускія выбары...

- Лічбы насцярожваюць?

- У ЕЗ ёсць і іншыя гарады з блізкімі паказчыкамі. Стакгольм, Капенгаген - там гэты паказчык 97%. Мы, вядома, рады тут жыць. І калі прадаўжаць размову аб перавагах Вільні, то яны праяўляюцца вось у чым: эканамічнае жыццё развіваецца добра, прырода побач – таксама добра, і культурнае жыццё не стаіць на месцы. Але мэру ёсць чым заняцца і да чаго імкнуцца. Мы жывем у добрым горадзе.

- Міні-серыял «Чарнобыль» атрымаў узнагароды «Эмі» ў некалькіх намінацыях і рэжысёр у сваёй прамове падзякаваў Літве. Серыял здымаўся ў тым ліку і ў Вільні і пасля выхаду серыяла ў раён савецкай забудовы Фабіёнішкес пацягнуліся турысты. Увага да спальных раёнаў мінулай эпохі, безумоўна, пазітыўны момант. З іншага боку, гэта і праблема. Як вы працуеце з гэтым?

- Тут ёсць два аспекты: кінаіндустрыя і непасрэдна спальныя раёны. Кінаіндустрыя таксама вельмі важная рэч, бо невыпадкова здымкі серыяла прайшлі ў Літве.

У нас вельмі добрыя ўмовы, гэтая індустрыя ў Літве развіваецца вельмі хутка. Што тычыцца жылых раёнаў...

Трэба разумець, што горад Прыпяць быў жамчужынай савецкага часу, быў добра спланаваны, людзі хацелі там жыць. Цяпер, вядома, гэта выглядае інакш.

У нас таксама засталіся раёны з савецкіх часоў. Часам яны выглядаюць лепш, чым тады, часам горш. І для нас гэта вялікі выклік - зрабіць так, каб маладыя сем'і з добрым заробкам з сярэдняга класа хацелі там жыць. Для мяне гэта адно з самых галоўных пытанняў.

Мы хочам, каб у Вільні ў гэтых раёнах жылі людзі і каб яны квітнелі. У гэтым плане мы многае робім - займаемся паляпшэннем функцыянавання паслуг агулам, паслуг грамадскага транспарту, абнаўляем публічную прастору - ствараем скверы, паркі і т. д.

- Гэта тое, з чым вы ішлі на выбары.

- Так, я стараюся рабіць тое, аб чым казаў.

- Што б вы назвалі галоўнай праблемай Вільні?

- Праблемы і магчымасці часта ходзяць нага ў нагу. Некаторыя праблемы я ўжо называў, але калі называць адну, то я б назваў сферу адукацыі.

Час ідзе наперад і нам патрэбныя свабодныя, адкрытыя, творчыя людзі. Цяжка сказаць, што наша сістэма дастаткова да гэтага падрыхтаваная. Як палепшыць сітуацыю – вялікае пытанне.

Я думаю, гэта самае галоўнае пытанне і ў свеце, і ў нас. Гэта падмурак жыцця і росквіту.

- У Вільні жыве немалая колькасць замежнікаў, у тым ліку і беларусаў. Госці горада лёгка знойдуць што, дзе і як уладкаванае?

- Па-першае, я вельмі ганаруся тым, што Вільня – гэта адзіны горад па-за межамі Беларусі, дзе ёсць поўная беларуская школа ад 1 да 12 класа. Мы цэнім яе і падтрымліваем.

Па-другое, так, у нас ёсць праграмы ў Вільні, для эмігрантаў, якія вяртаюцца. Напрыклад, у сферы аховы здароўя, жылля, транспарту.

Акрамя таго, палітыка Вільні - гаварыць на мовах яе грамадзян, таму ў муніцыпалітэце мы абслугоўваем на літоўскай, ангельскай, польскай і расейскай.

Літоўская мова заўсёды будзе ў дапамогу, але тое, што мы гаворым на расейскай, дапамагае і людзям з Беларусі. Відавочна, што ўсе яны гавораць на расейскай мове.

- Прыходзіць які-небудзь бізнэс з Беларусі?

- Даволі цяжкае пытанне, бо наогул экспансія беларускага бізнэсу ў краіны Захаду не такая вялікая, як заходняга або кітайскага.

Калі б беларускі бізнэс хацеў ісці ў Еўропу, Вільня і Літва былі б адпраўным пунктам. Але некаторыя рэчы адбываюцца па-іншаму. Я сустракаюся з украінскімі, расейскімі прадпрымальнікамі. Яны кажуць, што хочуць паспрабаваць весці бізнэс без дзяржаўнай пратэкцыі і карупцыі. У нас таксама бываюць праблемы, але ўмовы для вядзення бізнэсу тут лепшыя. Вільня - вельмі добрае месца і я запрашаю ўсіх беларусаў рабіць тут бізнэс.

Калі ж казаць аб дачыненнях ЕЗ і Беларусі, Літвы і Беларусі, то для мяне, як грамадзяніна Літвы, мэра Вільні і патрыёта Літвы, вельмі важна, каб Беларусь заставалася незалежнай краінай, а не сатэлітам Расеі.

Мы ўсё больш чуем пра гэта. Цягам доўгіх сотняў гадоў Літва і Беларусь былі ў адной дзяржаве, і тое, што адбываецца цяпер у плане нашай гістарычнай спадчыны, перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863-64 гадоў вельмі важна. Гэта нашы агульныя героі, і трэба ўзгадаць, за што мы тады разам змагаліся. І важна мець не толькі гістарычна блізкую, але і палітычна блізкую краіну. На жаль, гэта не факт. Хацелася б, каб гэта стала фактам.

- За 50 кіламетраў ад Вільні неўзабаве запрацуе Беларуская АЭС. Як вы, як мэр горада, глядзіце на працэсы, якія адбываюцца вакол гэтага?

- З самых высокіх будынкаў Вільні БелАЭС бачная няўзброеным поглядам. Тое, што мы бачым, нас не супакойвае.

Няма даверу ў тым, ці ўсё зроблена добра. Мы сачылі за працэсам і інфармацыя была не заўсёды адкрытай, здараліся інцыдэнты, мы не ведаем, ці ўжытыя захады бяспекі. І нас гэта турбуе, мы не рады таму, што гэтая станцыя знаходзіцца ля мяжы Літвы.

Але мы рыхтуемся да ўсяго. У выпадку нават самага найгоршага сцэнару, мы ведаем, што нам пагражае і рыхтуемся да гэтага. Але нельга забываць і аб бытавых праблемах - якасці вады, напрыклад, мы хацелі б мець датчыкі, каб сачыць за ўзроўнем радыеактыўнасці вады, грунтавымі водамі.

- Дзякуй за размову.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках