19 красавiка 2024, Пятніца, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскі звадкаваны газ перамагае «Паўночны струмень – 2»

2
Амерыканскі звадкаваны газ перамагае «Паўночны струмень – 2»
Лінас Лінкявічус (злева) і Рык Пэры
ФОТА: AP

Усходняя Еўропа вызваляецца ад энэргетычнай залежнасці ад Расеі.

У Вільні абмяркоўваюцца праблемы энэргетычнай бяспекі краінаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і зніжэнне іх залежнасці ад паставак газу з Расеі.

Міністр энэргетыкі ЗША Рык Пэры падпісаў са сваімі калегамі з краінаў Літвы, Латвіі і Эстоніі дэкларацыю пра гарантыі падтрымкі ў пытаннях абароны энэргетычнай інфраструктуры краінаў Балтыі ад кібератак, паведамляе «Голас Амерыкі».

Пазней, падчас самой канферэнцыі міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, звяртаючыся да Рыка Пэры, сказаў: «Нам патрэбныя вы ў Еўропе, патрэбен ваш сланцавы газ у Еўропе. Нам дакладна вядомы кошт свабоды, але мы ведаем і кошт энэргетычнай бяспекі... Мы зразумелі, што мы можам быць чальцом ЕЗ, NATO, але пакуль ты залежыш ад адной крыніцы, не можаш быць незалежным напоўніцу».

У сваю чаргу, Рык Пэры адзначыў, што газаправод «Паўночны струмень – 2» павялічыць залежнасць краінаў Еўразвязу ад Расеі і «стане зруйнавальным ударам па энэргетычнай разнастайнасці і бяспецы Еўропы». Кажучы пра сваю краіну, Пэры падкрэсліў: «ЗША апынуліся ў даволі новай і ўнікальнай ролі важнага імпарцёра ЗПГ у Еўропу. Мы спадзяемся на разуменне еўрапейцаў, расцэньваем гэта як магчымасць прыўнесці на рынак больш свабоды і канкурэнцыі».

Гэтая думка знайшла пацверджанне ў словах міністра энэргетыкі Літвы Жыгімонта Вайчунаса: «Відавочна, што чым больш ЗША ў Еўропе, чым больш ЗША ў еўрапейскай энэргетыцы, тым мы мацнейшыя».

Карэспандэнт Расейскай службы «Голасу Амерыкі» папрасіў рэгіянальных экспертаў пракаментаваць заявы, якія прагучалі на энэргетычнай канферэнцыі ў Вільні.

Пра карысць канкурэнцыі на рынку газу і пра небяспеку БелАЭС

Эканамічны аглядальнік партала Delfi.lt Эдгарас Савіцкас адзначыў, што дадатковыя пастаўкі газу ў балтыйскі рэгіён узмацняюць канкурэнцыю сярод прадаўцоў, а выгоду атрымліваюць пакупнікі. «Мы можам выбіраць, з якім коштам набываць энэргарэсурсы. І з'яўленне на нашым газавым рынку амерыканскага ЗПГ падае нам такую магчымасць», – сказаў Савіцкас.

І сапраўды, да будаўніцтва тэрмінала «Independence» у Клайпедзе Літва плаціла «Газпраму» самы высокі кошт у Еўропе. Цяпер сітуацыя змянілася, і з улікам паставак з ЗША расейскі манапаліст быў вымушаны знізіць кошт.

«Мы адчуваем гэта ўжо цягам некалькіх гадоў», – пацвярджае літоўскі эксперт.

Кажучы пра блізкі запуск у эксплуатацыю «Паўночнага струменю – 2», Савіцкас згаджаецца, што сваімі газавымі пастаўкамі Расея павялічвае не толькі энэргетычную, але і палітычную залежнасць Заходняй Еўропы. «Расея можа павышаць кошты або ўвогуле спыніць пастаўкі. Вядома, калі Нямеччына ўжо прывыкла набываць расейскі газ, то яна не хоча змены сітуацыі», – канстатуе суразмоўца Расейскай службы «Голасу Амерыкі».

Сярод іншага, у ходзе віленскай канферэнцыі гаворка зайшла і пра будаўніцтва ў суседняй Беларусі атамнай электрастанцыі (БелАЭС) пры ўдзеле карпарацыі «Расатам». Сярод іншага, намесніца міністра энэргетыкі ЗША Рыта Барануол заклікала Літву да прадаўжэння дыялогу з суседняй краінай «пры захаванні празрыстасці».

Рэч у тым, што раней літоўскі Сейм прыняў закон, які забараняе пропуск электраэнэргіі з БелАЭС праз літоўскія электрасеткі. Улады Беларусі са свайго боку запэўніваюць, што будаўніцтва ажыццяўляецца ў адпаведнасці з самымі высокімі стандартамі бяспекі.

Рык Пэры заявіў, што Злучаныя Штаты не маюць намер умешвацца ў спрэчку, а Рыта Барануол заўважыла: «Рэактары, накшталт тых, якія будуюцца ў Беларусі, бяспечна працуюць у розных краінах свету. У будучыні палівам іх маглі б часткова забяспечваць амерыканскія пастаўшчыкі».

Закрануўшы тэму БелАЭС у размове з карэспандэнтам Расейскай службы «Голасу Амерыкі», Эдгарас Савіцкас сказаў: «Сёлета яе дакладна не запусцяць, а налета, магчыма і ўключаць». Пры гэтым запуск гэтай атамнай электрастанцыі, на думку эканамічнага аглядальніка Delfi.lt не зможа абцяжарыць далучэнне Літвы да еўрапейскай энэргасістэмы. «Ёсць стратэгія, накіраваная на тое, каб у 2025 годзе балтыйскія краіны выйшлі з адзінага энэргакола, якое аб'ядноўвае былыя савецкія рэспублікі», – падкрэсліў ён.

Пра эфект пераходу на біяпаліва і пра асцярогі за Нямеччыну

Літоўскі публіцыст і грамадскі дзеяч Рымвідас Валатка назваў умацаванне незалежнасці сваёй краіны ад энэргапаставак з усходу «альфай і амегай нашага быцця».

«Паколькі Расея не прагназавальная і прагназавальнай не хоча быць, то дзякуй Богу, што гэтыя намаганні даюць плён. Таму што ў нас ужо некалькі гадоў ёсць электрычны кабель, які злучае Літву з Швэцыяй, некалькі гадоў дзейнічае лінія электраперадачаў з Польшчай і ёсць тэрмінал, які прымае звадкаваны газ. Гэта значыць, нам засталося толькі адключыцца ад сеткі з РАТ “ЕЭС” і замкнуць сетку з Заходняй Еўропай і Польшчай. І мы да гэтага блізкія», – сказаў ён у гутарцы з карэспандэнтам Расейскай службы «Голасу Амерыкі».

«Вядома, было б добра, калі б гэта зрабілі гадоў дзесяць – пятнаццаць таму, але ў 90-я гады, у ельцынскі час, была вера ў тое, што Расея будзе нармальнай дэмакратычнай краінай і мы не спяшаліся з гэтымі працамі. Яны былі паскораныя пасля таго, як Расея напала на Грузію, і цяпер, у прынцыпе, яны ідуць да заканчэння.

Вядома, энэргетычная бяспека – толькі ўмова поўнай бяспецы, а яе ў нашай геапалітычнай прасторы мы, хутчэй за ўсё, не дасягнем. Але лепш хоць бы гэта, чым увогуле нічога», – мяркуе Рымвідас Валатка.

Літоўскі эксперт згодны з заявай Лінаса Лінкявічуса, які сказаў: «Мы можам выкарыстоўваць нашы брамы ў Клайпедзе для далейшага транспартавання сланцавага газу ў Еўропу». Разам з тым ён адзначае, што спажыванне газу ў Літве зніжаецца: «Зімовае ацяпленне ў нас праводзіцца за кошт біяпаліва, якое складае 72% – 74% усёй энэргіі. Я маю на ўвазе драўняныя адкіды, якія мы здабываем у лесе. Гадоў пятнаццаць таму гэта здавалася б фантастыкай, а цяпер гэтай факт. А газ мы выкарыстоўваем для патрэбаў заводаў».

Беручы да ўвагі памяншэнне спажывання газу ў Літве, Рымвідас Валатка заўважае, што для ягонай краіны будаўніцтва «Паўночнага струменю – 2» не нясе вялікай небяспекі. «Але гэты праект нясе небяспеку для Нямеччыны – самай моцнай эканамічна і ўплывовай палітычна краіны Еўропы. Была б Расея нармальнай краінай, нічога гэтага б не было. А так, калі яна раптам перакрые кісларод на некалькі тыдняў, то Нямеччыны будзе дрэнна. А значыць, будзе дрэнна і ўсім іншым краінам Еўразвязу», – асцерагаецца літоўскі эксперт.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках