29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША ўвялі візавыя абмежаванні для чыноўнікаў з Кітая

ЗША ўвялі візавыя абмежаванні для чыноўнікаў з Кітая

У спісе – высокапастаўленыя прадстаўнікі ўрада і Камуністычнай партыі Кітая.

Кітай асудзіў пастанову ЗША ўвесці візавыя абмежаванні для шэрагу кітайскіх чыноўнікаў, якія, на думку Дзярждэпу, нясуць адказнасць за прыгнёт меншасцяў.

Як паведамляе «Нямецкая хваля», Пекін расцаніў падобны крок як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны.

Пастанова амерыканскага боку з'яўляецца «сур'ёзным парушэннем фундаментальных прынцыпаў міжнародных стасункаў» і «падрывае інтарэсы» Пекіна, гаворыцца ў заяве амбасады Кітая ў ЗША.

Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа абвесціў пра візавыя абмежаванні для высокапастаўленых прадстаўнікоў ураду і Камуністычнай партыі Кітая, а таксама чальцоў іх сем'яў. Пастанова Вашынгтона закранае асобаў, якія маюць дачыненне да затрыманняў і парушэнняў правоў уйгураў, этнічных казахаў і іншых мусульманскіх меншасцяў у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне (СУАР).

ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненні да 28 урадавых і камерцыйных арганізацый КНР у сувязі з прыгнётам уйгураў. Паводле словаў міністра гандлю Уілбур Роса, Злучаныя Штаты «не могуць і не будуць цярпець жорсткі ўціск этнічных меншасцяў унутры Кітая».

У верасні 2018 года праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch апублікавала даклад пра становішча уйгураў у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне. Паводле звестак праваабаронцаў, у Кітаі да мільёна уйгураў і іншых мусульманаў цюркскага паходжання прымусова ўтрымліваюцца ў лагерах. Там іх супраць волі «палітычна і культурна індактрынуюць», а таксама прымушаюць вучыць кітайскую мову і спяваць «хвалебныя песні» камуністычнай партыі, сцвярджалі аўтары дакладу.

У сваю чаргу, урад КНР сцвярджае, што ў рэгіёне існуюць толькі «адукацыйныя цэнтры для рэсацыялізацыі дробных злачынцаў». Пекін заявіў, што СУАР знаходзіцца пад уплывам сепаратыстаў, рэлігійных экстрэмістаў і тэрарыстаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках