19 красавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што будзе пасля сыходу Пуціна?

7
Што будзе пасля сыходу Пуціна?

Прыклад Украіны не дае спакою Крамлю.

Паўтара года таму прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пераабралі на новы шасцігадовы тэрмін. Расейцам ужо цяпер цікава, што адбудзецца, калі ў 2024 годзе ён сапраўды сыдзе, піша журналіст нарвежскага выданне NRK Ян Эспен Крус (пераклад – inosmi.ru).

Фактычна прэзідэнт Уладзімір Пуцін кіруе Расеяй ужо амаль дваццаць гадоў. Вельмі многія маладыя расейцы ўсё жыццё пражылі толькі пры ім.

У расейскіх блогах і СМІ выказваецца мноства здагадак, што можа адбыцца ў 2024 годзе.

Ці можна ўявіць сабе Расею без Пуціна ў якасці лідара? Ці здарыцца крызіс або грамадзянская вайна, калі Пуцін сапраўды сыдзе?

Сам Пуцін не надта шмат кажа, каб растлумачыць пытанне пра свой сыход. Вось ягоны апошні каментар на гэтую тэму: «Пра гэта занадта рана казаць. Перада мной пяць гадоў цяжкай працы».

Многія застаюцца на сваіх пасадах

Такім чынам, зусім не ясна, ці сапраўды Пуцін збіраецца пакінуць прэзідэнцкі пост, калі скончыцца гэты шасцігадовы перыяд.

А многія лідары былых савецкіх рэспублік выяўляюць вялікую крэатыўнасць, калі справа даходзіць да вынаходкі выкрутаў, каб застацца ва ўладзе.

Пуцін і сам не выключэнне. Пасля першых двух тэрмінаў запар ён сышоў з пасады прэзідэнта, пасадзіўшы на сваё месца таварыша і калегу ў партыі Дзмітрыя Мядзведзева, які і грэў прэзідэнцкае крэсла чатыры гады. Сам Пуцін стаў прэм'ер-міністрам, але ні ў кога ў Расеі не было сумневаў, у чыіх руках на самай справе сканцэнтраваная ўлада.

Потым наш герой зноў стаў прэзідэнтам.

Потым было пастаноўлена, што чатырохгадовы прэзідэнцкі тэрмін – гэта занадта мала, і яго прадоўжылі да шасці гадоў. А ў іншых былых савецкіх рэспубліках многія прэзідэнты захоўваюць сваю пасаду ўсё жыццё, паколькі іх уважаюць незаменнымі.

Ці адбудзецца тое самае і ў Расеі?

Расейскія СМІ

На дзяржаўным тэлеканале «Расея» кожную нядзелю выходзіць перадача «Масква, Крэмль, Пуцін». Адзін мой знаёмы сказаў, што на самай справе гэтую праграму варта было б назваць «Пуцін, Пуцін, Пуцін». І гэта даволі трапная заўвага, таму што гаворка там заўсёды ідзе пра прэзідэнта. Часам перадаецца афіцыйная пазіцыя, а часам апавядаецца, што адбываецца за кулісамі.

Крытычнай журналістыкай у гэтай праграме і не пахне, яе мэта – паказаць, што прэзідэнт надзейна кіруе краінай цвёрдай рукой.

Тое самае тычыцца і навінных перадачаў на двух найбуйнейшых дзяржаўных тэлеканалах. Першы сюжэт у іх амаль заўсёды прысвечаны Пуціну і таму, што ён зрабіў за сёння. Не мае значэння, наколькі гэта важна, – прэзідэнт паводле вызначэння становіцца галоўнай тэмай.

Таму спачатку паведамляюць адзін ці два рэпартажы пра Пуціна, а потым апавядаюць пра тое, што сказаў ці зрабіў прэм'ер-міністр Мядзведзеў.

Мне, нарвежскаму журналісту, цалкам немагчыма да гэтага прывыкнуць. Я жыву тут ужо больш за год, і кожны вечар мяне гэта выводзіць з сябе.

Ці можна змяніць Канстытуцыю?

У параўнанні з амерыканскімі палітыкамі Пуцін у 66 гадоў яшчэ не стары, і нават у 2024 годзе ён будзе маладзейшы за многіх амерыканцаў, якія маюць намер балатавацца ў прэзідэнты налета.

Але праблема ў тым, што расейская Канстытуцыя дазваляе аднаму чалавеку быць прэзідэнтам толькі два тэрміны запар.

Расейскія СМІ задаюцца пытаннем, ці можна нешта зрабіць, каб Пуцін застаўся яшчэ на адзін ці два тэрміны. Кіроўная партыя «Адзіная Расея» мае зручную большасць у расейскім парламенце, і, цалкам верагодна, зможа схіліць на свой бок многія іншыя партыі, калі гэта будзе неабходна ў сувязі з такім важным пытаннем.

А што ж з прыкладам Украіны?

У пачатку гэтага года ўкраінскі народ абраў прэзідэнта без якога-небудзь досведу ў палітыцы. А потым ягоная партыя атрымала большасць у парламенце.

Перадача ўлады ад былога прэзідэнта новаму прайшла годна і згодна з правіламі. Фактычна адна палітычная эліта была цалкам замененая іншай. І нічога страшнага не адбылося.

І гэта нягледзячы на тое, што расейскія дзяржаўныя СМІ не менш чым за год да ўкраінскіх выбараў пачалі штодня трубіць, якая катастрофа чакае Украіну.

Але ў Расеі патэнцыйная перадача ўлады, верагодна, апынецца значна складанейшай.

Эканамічная і палітычная эліта, якая расла вакол Пуціна цягам дваццаці гадоў, абзавялася неверагоднай уладай і велізарным аб'ёмам каштоўнасцяў. Вельмі шмат каму ёсць што страчваць у выпадку змены рэжыму.

Ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы лідарам заўсёды страшна сыходзіць у адстаўку, бо яны не ведаюць, як з імі абыдзецца новы кіраўнік.

Прэзідэнт Пуцін не прызначыў спадчыннага прынца, так што размовы на гэтую тэму тут, у Расеі, не сціхаюць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках