24 красавiка 2024, Серада, 0:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як кантралёры спыняюць аўтобусы жэзламі, каб праверыць талон

86
Як кантралёры спыняюць аўтобусы жэзламі, каб праверыць талон

Ужо сёння кантралёры ў Менску пачалі правяраць аплату праезду ў грамадскім транспарце па-новаму.

Яны могуць тармазіць аўтобусы на тых прыпынках, якія тыя звычайна праязджаюць. Tut.by паглядзеў, як гэта працуе.

Учора паведамлялася, што з 8 кастрычніка кантралёры ў Менску змогуць спыняць грамадскі транспарт не толькі на спецыяльных прыпынках, але і ў кожны момант на шляху, падняўшы жазло - такое, як у Транспартнай інспекцыі. Але да такой раптоўнай праверкі справа яшчэ не дайшла.

Жэзлы ў кантралёраў сёння сапраўды з'явіліся, але спыняюць імі пакуль толькі экспрэсы і хуткасныя аўтобусы, якія звычайна прапускаюць некаторыя прыпынкі на сваім шляху.

- Можам стаяць толькі на прыпынках, бо ў іншых месцах гэта супярэчыць правілам дарожнага руху, ніводзін кіроўца не спыніцца, на такое не пойдзе, - распавядае кантралёр пасажырскага транспарту Аляксандр Бабуркін.

Брыгада Аляксандра Бабуркіна выйшла на змену а 13.00 з дыспетчарскай станцыі «Карастаянавай». На чатыры чалавекі ў брыгадзе - адно сігнальнае жазло. Спачатку ў кантралёраў задача - знайсці такі прыпынак, які ў звычайны час аўтобусы праязджаюць.

- Будзем чакаць 76-ы экспрэс. На адрэзку «Тэатральны» - «Навінкі» ў нас ёсць аўтобусы 68, 68 У, 105, якія спыняюцца на Шчадрына, а потым прапускаюць два-тры прыпынкі. Іх акурат там можна і праверыць, - кажа Аляксандр Бабуркін.

Спачатку кантралёры пад'язджаюць да прыпынку «Кіеўскі сквер», там чакаюць экспрэснага аўтобуса №76. Адзін з кантралёраў махае жазлом - кіроўца аўтобуса спыняецца і адчыняе толькі адны дзверы - пярэднія. Гэта значыць, выйсці, убачыўшы кантралёра, заяц не зможа.

- У аўтобусах МАЗ-215 вытворца не прадугледзеў магчымасці адчыняць толькі пярэднія дзверы, яны адкрываюцца адначасова, - разважаюць кантралёры. - Такія спыняць бессэнсоўна - усе безбілетнікі выйдуць.

Механізм такі: кіроўца адчыняе пярэднія дзверы, кантралёры заходзяць, блакуюць кампосцеры і валідатары. Транспарт не стаіць на месцы, служба правярае аплату ў дарозе.

На жазло кантралёра кіроўца аўтобуса павінен зрэагаваць, але не ў шкоду дарожнай сітуацыі.

- Калі кіроўца ўжо знаходзіцца на другой паласе і не можа выехаць на першую - зразумела, што ён не будзе спыняцца, - кажа Аляксандр Бабуркін.

У першым экспрэсным аўтобусе, які спыніўся на сігнальнае жазло, у трох пасажыраў няма талонаў. Кантралёры выходзяць з імі на найбліжэйшым прыпынку. Адзін з безбілетнікаў прызнаецца:

- Чакаў, што кантралёры як раз сёння могуць так праверыць квіткі, як ведаў!

Іншы пасажыр тлумачыць, што талон, калі ўвайшоў у аўтобус, спрабаваў купіць, але ў кіроўцы не было рэшты з дзесяці рублёў.

- Паводле правілаў аўтамабільных перавозак пасажыр абавязаны зайсці ў пярэднія дзверы і падысці да кіроўцы па талон, а ён толькі ішоў па талон з сярэдзіны салона, калі мы спынілі экспрэс, - кажа Аляксандр Бабуркін.

- У электрычным транспарце, дарэчы, па-іншаму: там пасажыр павінен аплаціць праезд цягам аднаго прыпынку.

Штраф - 12 рублёў 75 капеек. Два з трох пасажыраў згаджаюцца заплаціць грошы адразу, яшчэ адзін павінен выплаціць штраф адпаведна з квітанцыяй цягам 30 дзён.

Яшчэ два безбілетнікі - у экспрэсным аўтобусе №89.

- Пяць чалавек з дзвюх машын - гэта больш, чым звычайна. Думаю, эфект будзе. Вось у 89-м аўтобусе дзяўчына кажа: «Ой, а я не паспела заплаціць!». А чаму вы не паспелі заплаціць, калі паводле правіл павінны гэта зрабіць адразу? - падсумоўвае кантралёр.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках