20 красавiка 2024, Субота, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч - украінцам: Не верце Лукашэнку з ягонай дапамогай

11
Мікалай Статкевіч - украінцам: Не верце Лукашэнку з ягонай дапамогай
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Беларускія войскі не могуць быць міратворцамі на Данбасе.

У верасні ўрада РФ і Беларусі ўзгаднілі праграму эканамічнай інтэграцыі дзвюх дзяржаў, якая прадугледжвае частковае аб'яднанне іх эканамічных сістэм да студзеня 2021 года. Праграма, напрыклад, прадугледжвае стварэнне адзіных Падатковага і Грамадзянскага кодэксаў і адзінага замежнагандлёвага рэжыму, цэнтралізаванага рэгулявання паліўнай сферы і іншых галін. Пра сітуацыю ў Беларусі журналісты ўкраінскага сайта expres.online пагаварылі з кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалаем Статкевічам.

- Цяпер у краіне ідзе кампанія з нагоды так званых парламенцкіх выбараў. Бюлетэняў на «выбарах» не лічаць, бо вынікі вядомыя загадзя. Таму выбарчыя камісіі абвяшчаюць пераможцамі прызначаных уладай асоб, а назіральнікі не маюць права кантраляваць падлік бюлетэняў.

Але перадвыбарчы перыяд дае трохі больш свабоды, бо звычайна дазволу ўладаў на правядзенне масавых акцый апазіцыянерам атрымаць немагчыма. А калі такі дазвол ўлада і дае, то месцам правядзення мітынгу можа быць, напрыклад, нейкі ўчастак парку, дзе выгульваюць сабак. Парушальнікаў забарон караюць, нават могуць кінуць за краты. Я ў свой час атрымаў 15 дзён арышту за заклік да малітвы каля храма, калі ўлада знішчыла крыжы на магілах ахвяраў сталінскага рэжыму ў Курапатах.

- А што адбывалася ў нядзелю на плошчы Свабоды ў Менску?

- Я скарыстаўся выбарчай кампаніяй і ў яе рамках арганізаваў мітынг. Сабралася амаль 350 чалавек. Сумарна я правёў 20 такіх мітынгаў ва ўсёй Беларусі. У Менску мы выступілі за незалежнасць Беларусі і супраць яе інтэграцыі з Расеяй. Адным з нашых лозунгаў быў «Пакуль ты спаў, Лука радзіму прадаў!».

Дарэчы, сёння антырэйтынг Лукашэнкі складае 90 адсоткаў, асабліва ў правінцыі. Але падкантрольныя ўлады СМІ пераконваюць людзей, што яго ўсе падтрымліваюць.

- А як у Беларусі рэагуюць на магчымую інтэграцыю краіны з Расеяй?

- 55 адсоткаў беларусаў выступае за саюз з Расеяй. Гаворка ідзе аб захаванні дачыненняў, якія і цяпер існуюць паміж дзвюма дзяржавамі. Гэта значыць, няма мяжы, беларускія прадпрыемствы маюць доступ да рынкаў Расеі. Сёння беларуская прамысловасць у асноўным арыентаваная на Маскву, трохі на Украіну і іншыя дзяржавы СНД. У ЕЗ яна не канкурэнтаздольная. Беларусы разумеюць, што без расейскіх датацый, якія цяпер складаюць 12 адсоткаў ВУП, мадэль эканомікі краіны, якую стварыў Лукашэнка, будзе зруйнаваная за некалькі месяцаў.

25 адсоткаў беларусаў за інтэграцыю з ЕЗ, а за ўваходжанне краіны ў склад Расеі - менш за паўтары адсоткі грамадзян. Але цяпер склалася такая сітуацыя, што Расея наўзамен грошай, якія давала Лукашэнку, мае намер анэксаваць краіну. Спадзяюся, што беларусы такога не дапусцяць.

- Лукашэнка гатовы гэтаму супрацьстаяць?

- Ён крычыць, што ніколі не аддасць незалежнасць краіны. Але гэта толькі словы. Бо ён нічога не робіць для рэальнай яе абароны. Напрыклад, не ўкараняе эканамічныя рэформы, якія зрабілі б эканоміку краіны канкурэнтаздольнай. З кожным годам Пуцін падвышае для Беларусі кошт нафты. А ўвесь экспарт Беларусі ў краіны ЕЗ - гэта нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты. Калі яна будзе дарогай, то вытворчасць бензіну і дызеля стане нерэнтабельнай.

Таму ўжо неўзабаве Лукашэнку давядзецца пагадзіцца на інтэграцыю з Расеяй або сутыкнуцца з сацыяльным бунтам. Рана ці позна Пуцін яго ў гэтым пытанні дацісне. Таму нашы патрыёты павінны рыхтавацца бараніць незалежнасць краіны.

За прыгожым фасадам Беларусі напраўду хаваецца беднасць і адчай яе грамадзян. І калі мы даведаемся, што ва Украіне хтосьці захапляецца Лукашэнкам, называе яго «бацькам», хочацца пакруціць пальцам ля скроні. Украінцы, вы з розуму сышлі?

- Апошнім часам Лукашэнка спрабуе стаць міратворцам у вайне паміж Украінай і Расеяй. Як думаеце, ці варта нам яму давяраць?

- Такім чынам Лукашэнка спрабуе атрымаць дадатковыя козыры ў гутарках з Пуціным, хоча паказаць яму свой уплыў, каб ён пакінуў Беларусі хаця б намінальную незалежнасць. Нібыта незалежныя беларускія войскі будуць выконваць міратворчую місію на Данбасе.

Аднак напраўду ў беларускім войску палітык нумар адзін - гэта Уладзімір Пуцін. Таму што вайсковыя і сілавыя структуры выхоўваліся і далей выхоўваюцца ў ідэалогіі расейскага свету. Яны выступаюць за інтэграцыю з Расеяй, больш вераць Пуціну, чым Лукашэнку.

Гэта бяда Беларусі, бо яе войска не развалілася, як гэта было з украінскім войскам у 2014 годзе, але яно не з'яўляецца беларускай. Таму я раіў бы не верыць Лукашэнку з ягонай нібыта дапамогай Украіне міратворцамі. Паколькі вы можаце атрымаць вялікія праблемы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках