23 красавiка 2024, aўторак, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 галоўных серыялаў гэтай восені

2
10 галоўных серыялаў гэтай восені

Мяркуючы з кінапрагнозаў, цяперашняя восень стане самай гарачай за апошнія гады.

Штотыдзень з'яўляюцца ўсё новыя і новыя праекты, канкурэнты як з ланцуга сарваліся, выдаючы прэм'еру за прэм'ерай. Паспрабуем жа разабрацца ва ўсёй гэтай раскошы, вылучыўшы дзясятку самых яскравых сезонных навінак, піша nv.ua.

1. Праведныя Джэймстоўны

Амерыканскі актор, прадусар і аўтар сцэнарыяў Дэні Макбрайд пасля закрыцця камедыі Завучы прыхапіў Уолтана Гогінса і адразу ж прадаў НВО свой наступны праект. На гэты раз ён цынічна жартуе не пра школьную адукацыю, а пра рэлігійныя шоу: у эпіцэнтры сямейства тэлевізійных евангелістаў Джэймстоўнаў, якому ў свецкім жыцці даводзіцца расхлёбваць наступствы сваіх зусім не праведных справаў. Шантаж, пералюб, царкоўнае рэйдарства, своеасаблівы гумар і схуднелы Джон Гудман – вось што чакае гледача.

2. Шпіён

Новы міні-серыял ад Гідэона Рафа (рэжысёра Радзімы). Зноў пра шпіянаж, але на гэты раз паводле рэальнай гісторыі ізраільскага выведніка Элі Коэна, укаранёнага ў 60-я ў сірыйскія вярхі. У галоўнай ролі Саша Барон Коэн, але гумару не чакайце – надта ж суровая гэтая сага. Асабліва рэкамендуецца прыхільнікам міру любым коштам. Спойлер – не бывае яго.

3. Неверагоднае

Рэжысёрка Ліза Халадзенка (Алівія Кітэрыдж) зноў узялася за міні-серыял пра нялёгкі жаночы лёс – цяпер Netflix экранізуе рэальнае журналісцкае расследаванне пра серыю згвалтаванняў, якія паліцыя палічыла фантазіямі пацярпелых. Справа кранаецца з месца, калі за яе бярэцца пара жанчынаў-дэтэктывак – іх згулялі Мэрыт Уівер і Тоні Колет (Шостае пачуццё).

4. Палітык

Услед за жорсткім шпіёнам Netflix запускае вясёлага палітыка – нас чакае камедыя пра студэнта, які збіраецца стаць прэзідэнтам ЗША. Не, для гэтага ён не здымаецца ў серыяле, а ідзе вучыцца ў элітную школу. У галоўнай ролі Бэн Плат, на другім плане Гвінет Пэлтраў і Джэсіка Лэнг. Шоўранер Раян Мэрфі (Варожасць Бэт і Джоан) умее падпісваць гучныя імёны – у Палітыку ён здолеў завабіць Марціну Наўрацілаву і Барбру Стрэйзанд!

5. Сучаснае каханне

Цікавы канцэпт-серыял – камедыйная анталогія, складзеная з рэальных гісторый, апісаных у цыкле калонак New York Times. За стырном Джон Кэрні (Сінг Стрыт), пад прыцэлам – незвычайныя лірычныя жыццёвыя сітуацыі; у касце Эн Хэтэўэй, Дэў Патэль, Кэтрын Кінер, Эндзі Гарсія, Эндру Скот, Шы Уігхэм і Джон Галахер-малодшы. Заяўка выглядае вельмі інтрыгоўна.

6. Захавальнікі

У эпоху панавання супергеройскіх франшызаў выхад падобнага серыяла на НВО быў толькі пытаннем часу. Вось гэтая гадзіна Х і надыдзе 20 кастрычніка, калі стартуе прэм'ерны эпізод экранізацыі DC Comics ад Дэймана Ліндэлофа (Lost, Пакінутыя). Радары сігналізуюць пра невялікія ролі Роберта Рэдфарда і Джэрэмі Айранса, але гэта не больш чым цеплавыя пасткі – у альтэрнатыўнай арыгінальнаму коміксу гісторыі правіць баль будуць іншыя людзі. І зусім хутка мы даведаемся, ці атрымалася ў стваральнікаў асядлаць самую вялікую хвалю сучаснасці, ці ж новыя Захавальнікі сыдуць на дно.

7. Кацярына Вялікая

Яшчэ адзін дарагі міні-серыял на гістарычнай аснове – Хэлен Мірэн гуляе Кацярыну Другую, Джэйсан Кларк – Пацёмкіна. Чакаць новага Чарнобыля не даводзіцца, хутчэй нам прапануюць абруселую версію Кароны (рэжысёр Філіп Марцін раней над ёй і працаваў) з коньмі, інтрыгамі, гарэлкай, мядзведзямі і пацёмкінскай вёскай.

8. Ранішняе шоу

Вось мы і дачакаліся адкрыцця стрым-сэрвісаў ад Disney і Apple. Апошнія да старту падрыхтавалі серыял Ранішняе шоу з Джэніфер Эністан, Рыз Уізерспун і Білі Крудапам, дзе падпісчыкам прапануюць тэлевізійнае закуліссе, харасмент і слёзы. Гучыць так сабе, але не маглі ж Apple стартаваць з прахаднога эксклюзіву. Ці маглі?

9. Цёмныя пачаткі

З Свету Дзікага Захаду новых Пасадаў пакуль не вымалёўваецца, вось вам спроба № 2 – дарагая экранізацыя серыі раманаў Філіпа Пулмана. Папярэднюю версію, фільм Залаты компас, пастаноўлена не заўважаць. Трымаем у памяці снежаньскі выхад Ведзьмака і спадзяемся на тое, што з гэтай барацьбы атрымаецца нешта прыстойнае і доўгатэрміновае.

10. Мандалорац

Ну і адказ ад Disney не замарудзіць – спраўдзілася мара фанатаў Зорных войнаў, паўнавартасны серыял у лукасаўскім сусвету! Кароль Леў яшчэ не сабраў апошнія даляры, як Джон Фаўро выпускае свой наступны праект. Чакаем, спадзяемся і спрабуем зразумець, дзе ўзяць час на ўсе восеньскія навінкі

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках