29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэс Міжнароднага ПЭНу заступіўся за беларускую мову

2
Кангрэс Міжнароднага ПЭНу заступіўся за беларускую мову

Распачата кампанія адвакатаваньня нашай мовы.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу (PEN International) на 85-м штогадовым кангрэсе, які праходзіць у Маніле (Філіпіны) 1-5 кастрычніка, выказала занепакоенасьць працяглай стыгматызацыі беларускай мовы ў Беларусі, дзе ўлады ўжо амаль тры дзесяцігодзьдзі імкнуцца замацаваць дамінаваньне расейскай мовы, перадае «Радыё Свабода».

«Некалькі гадзін таму 85-ы кангрэс Міжнароднага ПЭНу прыняў прапанаваную Беларускім ПЭНам рэзалюцыю адносна беларускай мовы. Мы вельмі добра разумеем: на рэзалюцыі праца не заканчваецца, а толькі пачынаецца. Беларускі ПЭН ў кансорцыюме зь іншымі беларускімі арганізацыямі працуе над супольнай кампаніяй адвакатаваньня беларускай мовы. І тут такая падтрымка кангрэсу незвычайна істотная, бо часта менавіта зьнешняя цікавасьць дазваляе заставацца ў тонусе цікавасьці ўнутранай — на ўсіх узроўнях.

Але перш за ўсё мы вельмі ўдзячныя ПЭНам ЗША, Украіны, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Санкт-Пецярбургу, якія падтрымалі нашу рэзалюцыю ў самым пачатку (для вылучэньня на галасаваньне кангрэсу). Таксама дзякуй вялікі тэлеканалу «Белсат» і ўсяму кансорцыюму арганізацый кампаніі «Беларускамоўныя» за супрацоўніцтва і дапамогу ў працы над рэзалюцыяй» — пракамэнтавала падзею старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай.

У закліку Беларускага ПЭНу адзначаецца, што ўлады грэбуюць беларускай мовай. На афіцыйным узроўні ўсе законы напісаныя па-расейску. Абмяжоўваецца доступ да адукацыі на беларускай мове: толькі 13% вучняў навучаюцца па-беларуску, а ў краіне няма ніводнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай выкладаньня. У Беларусі 85% кніг выдаюцца па-расейску.

Разам з тым беларускамоўны мас-мэдыі ня могуць платна прасоўваць уласны відэакантэнт на сваіх YouTube-каналах, бо Google Ads не падтрымлівае беларускую мову. Гэта сур’ёзна ўплывае на эфэктыўнасьць спробаў пашыраць аўдыторыю і распаўсюджваць праўдзівую і дакладную інфармацыю, адзначаюць аўтары рэзалюцыі.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу заклікае беларускія ўлады дзейнічаць у адпаведнасьці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая заканадаўча замацавала статус беларускай мовы як дзяржаўнай, а Google і іншыя інтэрнэт-плятформы — прызнаць беларускую мову і забясьпечыць беларусам магчымасьць выказвацца і свабодна размаўляць з прадстаўнікамі уласных супольнасьцяў і іншымі людзьмі на беларускай мове.

Поўны тэкст рэзалюцыі разьмешчаны на сайце Беларускага ПЭНу.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках