26 красавiка 2024, Пятніца, 0:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эксперты пра заяву Румаса: Тэатр абсурду і абсалютна савецкая туфта

24
Эксперты пра заяву Румаса: Тэатр абсурду і абсалютна савецкая туфта
СЯРГЕЙ РУМАС
ФОТА: CTV.BY

Чаму МЗС не можа выратаваць беларускі экспарт.

На пасяджэнні ўрада 15 кастрычніка прэм'ер-міністр Сяргей Румас біў у набат: рост эканомікі запавольваецца (101% паводле вынікаў студзеня –верасня), а экспарт увогуле падае (96,9%). Румас заявіў, што кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязальніцтвы.

На пасяджэнні прэм'ер некалькі разоў акцэнтаваў увагу на недапрацоўках МЗС: у амбасадах не выконваюцца даведзеныя заданні ў экспарце тавараў (у 37 з 57 замежных установаў), а кіраўніцтва міністэрства на гэта не рэагуе.

Udf.by пацікавіўся ў экспертаў, хто вінаваты і ці падзяляюць яны крытыку ў дачыненні да ўстановы Уладзіміра Макея.

«Мы хутка даінтэгруемся да стану Абхазіі і Прыднястроўя»

Былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» Васіль Шлындзікаў у каментары адзначыў, што здзіўлены прэтэнзіямі прэм'ера на адрас іншых.

«Дык ён жа і вінаваты. Чамусьці Украіна, якая ваюе і якой Расея заблакавала экспарт тавараў на свой рынак, мае рост эканомікі большы за 3%. А ў нас і да 1% не дастае, хоць мы вайны не вядзем і мы найлепшыя сябры з Расеяй. Прычым увесь час інтэгруемся з ёй – хутка, мусіць, даінтэгруемся да стану Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўя», – сказаў Шлындзікаў.

Крытыку на адрас МЗС былы кіраўнік канцэрна «Амкадор» мяркуе несправядлівай.

«Экспарт – гэта якасць плюс кошт тавару. Калі няма гэтых двух чыннікаў, то ніякая МЗС, ніякая амбасада не дапаможа. Так што ідзе падмена паняццяў, не больш за тое», – мяркуе Шлындзікаў.

«Што можа зрабіць МЗС – адправіць у офіс дыпламатаў з бутэлькай віскі, каб яны яе распілі і ўгаварылі набыць беларускі трактар?»

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка сказаў, што не падзяляе перажыванняў з нагоды росту эканомікі.

«Паказнік да 3% – узровень статыстычнай хібнасці. 0,9%, 1% ці 1,5% – гэта мала пра што кажа, росту можа і не быць», – патлумачыў Заіка.

Ён звярнуў увагу, што без уліку тавараў з нафтавай групы экспарт сёлета застаўся такім жа, як і летась.

«На нафце ўжо час ставіць крыж: нафтавая эканоміка заканчваецца, увесь свет пераходзіць на электратранспарт. Калі нічога не мяняецца, то парэкамендаваў бы ўсім чыноўнікам ва ўрадзе падаць заявы і сысці ў адстаўку – у іх нічога не атрымліваецца. Хлопцы, які можа быць рост экспарту, калі прадукцыя неканкурэнтназдольная? Што вы збіраецеся экспартаваць? Беларускія тэлевізары, якія ўжо не вырабляюцца? Беларускае малако? Так Расея ўжо сама сябе забяспечвае ім. Няма новых ідэяў. Я бачу, што пакуль толькі сектар IТ круціцца. У астатнім – летаргічны сон, які будзе пераходзіць у лёгкі храп», – адзначыў эканаміст.

Папрокі на адрас МЗС Заіка не зразумеў.

«Гэта ўсё тэатр абсурду, абсалютна савецкая туфта. Хлопцы, пры чым тут МЗС? Што ён можа зрабіць – адправіць у офіс дыпламатаў з бутэлькай віскі, каб яны яе распілі і ўгаварылі набыць беларускі трактар? Дык там жа канкурэнцыя: кітайскі трактар, амерыканскі. Мы самі набываем нямецкую і амерыканскую сельгастэхніку. Як навуковец-эканаміст скажу: хлопцы, ніякі экспарт не павялічыцца, пакуль не падвысіцца канкурэнтаздольнасць вашай унутранай нацыянальнай эканомікі», – адзначыў эканаміст.

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра «Стратэгія» таксама дадаў:

«МЗСаўцы – якія яны там прадаўцы і маркетолагі? Бедны Макей вымушаны ладзіць нарады пра павышэнне экспарту. Але патрабаваць ад амбасадаў, каб яны нешта там прадавалі... Добра хоць, што яны Радзіму не прадаюць – за гэта ім скажыце дзякуй».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках