25 красавiка 2024, Чацвер, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скнара плаціць двойчы

21
Скнара плаціць двойчы

Што хаваецца за кітайскімі крэдытамі для Беларусі?

Скандальны завод беленай цэлюлозы пад Светлагорскам, будаўніцтвам якога займалася кітайская кампанія, атрымаў дазвол Дзяржпрамнагляду на працу. І гэта нягледзячы на відавочныя парушэнні і пратэст жыхароў горада. Будаўніцтва завода суправаджалася непрыемнымі для ўладаў інцыдэнтамі. Урэшце беларускі бок разарваў дамову з КНР.

Кантракт з кітайскім падраднікам летась скасавала Добрушская папяровая фабрыка. Мадэрнізацыя кітайскімі фірмамі абодвух нашых цэментных заводаў так і не вывела іх з шэрагаў стратных.

Многія кітайскія інвестыцыі выходзяць уладам бокам, але афіцыйны Менск прадаўжае браць крэдыты ў КНР. На гэтым тыдні стала вядома, што наша краіна знаходзіцца ў трыццатцы самых буйных пазыкоўцаў Паднябеснай.

Ці нясуць падобныя праекты пагрозу для Беларусі?

Cайт Charter97.org звярнуўся па каментар да праваабаронцы са Светлагорску Алены Маслюковай, якая актыўна ўдзельнічала ў барацьбе са шкодным прадпрыемствам.

Эканамічную мэтазгоднасць кітайскіх інвестыцый для Беларусі пракаментаваў доктар эканамічных навук Барыс Жаліба.

Алена Маслюкова: «У 21-м стагоддзі такой вытворчасці быць не павінна!»

– Як Вы паставіліся да пастановы ўладаў дазволіць працу завода ў Светлагорску?

– Шчыра кажучы, нашу ініцыятыўную групу гэта не здзівіла з шэрагу прычынаў. Па-першае, усім вядома, што гэты завод будаваўся на асабісты ўказ Лукашэнкі. Зразумелая рэч, што гэты чалавек цяпер ні ў якім разе не прызнаецца, што гэта быў памылковы ўказ, што людзей не паслухалі. А было ж сабрана больш за дзесяць тысячаў подпісаў! І цяпер улады будуць спрабаваць запусціць завод.

Перад размовай з вамі я вярнулася з завода – смурод каля яго стаіць такі, што дыхаць проста немагчыма. Рэальна адчуваеш, як адтуль вылятае нейкі пыл бялявага колеру і асядае плямамі на скуру. А пах які!

Мы – супраць таго, каб яго запускалі. Мы – за тое, каб яго зачынілі і забыліся, што ён існуе.

– Нядаўна ў сеціве з'явіліся фота працы завода ноччу. Парушэнні відаць няўзброеным поглядам. Чаму ўлады заплюшчваюць на гэта вочы?

– Мне неаднаразова даводзілася назіраць гэтыя выхлапы і скіды ў раку Бярэзіну бруду, пены і вады. З усіх шчылінаў валіць дым і пара. Разам з клубамі дыму выходзіць гэты непрыемны пах – да гэтага часу гэта ўсё адбываецца бескантрольна.

Літаральна перад размовай з вамі здарылася вельмі парадаксальная сітуацыя. Прысутнічала журналістка «Зялёнай сеткі», спецыялісты з «Экадому» і я там была разам з імі. Усе адчуваем смурод, але чытаем на электронным табло інфармацыю: «этан-тэол, метан-тэол – не выяўленыя». Таму што вымярэння праводзіліся раніцай і ў паўднёвай частцы, а вецер сёння – паўночна-заходні.

Такім чынам кіраўніцтва завода ўвесь час падманвае людзей і ніякага даверу да іх няма.

Учора ўвечары ў горадзе быў моцны смурод, сёння – у раёне самага заводу, у прамысловай зоне. Вы ж разумееце, што ў 21-м стагоддзі такой вытворчасці быць не павінна! Гэта павінен быць «завод-космас», каб ён стаяў і людзі нават не ведалі пра тое, што ён існуе.

Каб жыхары Светлагорска не адчувалі гэтыя пахі, не бачылі гэтых выкідаў, гэтага дыму, які валяецца з усіх шчылінаў. Каб людзі не чулі гэтага грукату і піску, які ідзе ад камбіната. Нам увесь час скардзяцца, што пад раніцу праз шум спаць практычна немагчыма

– Была інфармацыя, што аўстрыйцы прапаноўвалі за мільярд даляраў пабудаваць першакласны завод. Чаму ўлады выбралі кітайцаў?

– Сапраўды, калі ў 2012 годзе з'явілася інфармацыя, што збіраюцца будаваць гэты завод, першапачаткова гаварылася пра тое, што кампанія «Ангрыд» пабудуе яго пад ключ. Аўстрыйцы б яго пабудавалі, але пытанне ўпіралася ў грошы.

У Беларусі фактычна не было сродкаў, каб пабудаваць гэты завод. Таму давялося пагадзіцца на «цукерку ў каляровай абгортцы» ў выглядзе кітайскай прапановы. А чаму б і не: узяць крэдыт, потым выплаціць. Урэшце высветлілася, што кампанія, якая на той момант ніколі не будавала такіх заводаў, прыступіла да будаўніцтва.

Нам сказалі, што гэта будзе за кітайскія грошы, гэта будуць кітайскія супрацоўнікі, але будуць выкарыстоўваць аўстрыйскія тэхналогіі і абсталяванне. Цяпер нам невядома, ці аўстрыйскае там абсталяванне, бо прадстаўнікі кампаніі «Ангрыд» перыядычна на запрашэнне кіраўніцтва завода туды прыязджаюць. Прыязджаюць і з'язджаюць, а завод як не працаваў, так і не працуе.

Як той казаў – скнара плаціць двойчы. Так яно і сталася: больш за 700 мільёнаў даляраў улады ўзялі ў крэдыт у Кітая, кітайцы пачалі будаваць – пабудавалі паводле сваіх нормаў і стандартаў. А мы атрымалі гэты «цуд», які не працуе.

Беларусы – людзі багатыя, яны могуць за ўсё заплаціць. На сённяшні момант улады ж уклалi ў гэты завод больш за 1 мільярд даляраў. А прыбытку так і няма.

У гэтай сітуацыі самае страшнае не тое, што беларусы страцілі грошы. Грошы – справа нажыўная. А вось вярнуць здароўе немагчыма ні за якія грошы! Супрацоўнікі завода страчваюць яго проста вокамгненна.

А чаму яго павінны страчваць людзі, якія жывуць у горадзе і сталі закладнікамі гэтай вытворчасці? Нам гэта абсалютна незразумела. У чым вінаватыя дзеткі, якія не могуць выйсці пагуляць на вуліцу, таму што там банальна смярдзіць? У чым правініліся тыя людзі, якія пражылі ўсё жыццё ў гэтым горадзе і яго вельмі любяць? Чаму мы павінны дыхаць гэтай гадасцю і атручвацца?

На жаль, наша краіна, мякка кажучы, неправавая. На жаль, для гэтай дзяржавы людзі – ніхто і клікаць іх – ніяк!

– Як Вы мяркуеце, ці адпавядаюць кітайскія тэхналогіі сучасным выклікам і стандартам?

– Рэч у тым, што няма ніякага даверу да кітайскіх тавараў, не кажучы пра тое, што яны будуюць. Дастаткова паглядзець, што яны пабудавалі ў Светлагорску, Добрушы, «Вялікім камені» у Менску, у Берасці.

Няўжо нельга было адразу зразумець, што няма ў кітайцаў ні сучасных стандартаў, ні якасці працаў. У іх тавары аднадзёнкі – набыў-выкінуў. Як той казаў: «не нарадзіўся яшчэ той чалавек, які надурыў кітайца». А яны надураць каго заўгодна – увесь свет, не толькі беларусаў.

– Сёння экалогія стала тэмай, якая аб'ядноўвае людзей па ўсёй Беларусі. Чаму яна знайшла такі водгук сярод беларусаў?

– На сёння найбольшым прыярытэтам з'яўляецца чалавек, ягонае здароўе, ягонае жыццё, ягоны камфорт.

На жаль, такую бедную і залежную краіну папросту ператвараюць у звалку падобнымі прадпрыемствамі. Людзі разумеюць, што так не павінна быць.

Таму і з'явіўся экалагічны рух. Сёння гэта і Гомель, і Берасце, і БелАЭС. Гэта ўсё – болевыя кропкі Беларусі, таму што людзі ў першую чаргу турбуюцца пра сваё здароўе, выдатна разумеючы, што гэтыя ўлады нічога добрага не прыносяць беларусам.

Эканаміст Барыс Жаліба: «Ідзе велізарная экспансія кітайскага капіталу»

– Беларускія ўлады ўсё часцей звяртаюцца па крэдыты да Кітая. Як Вы ставіцеся да кітайскіх інвестыцыях у Беларусь?

– Адназначна не адкажаш. Калі коратка, то дваяка. З аднаго боку, нам трэба сыходзіць ад татальнай залежнасці ад Расеі ў плане запазычанняў. У гэтым плане Кітай можа скласці сур'ёзную альтэрнатыву – гэта станоўча. Акрамя таго, Кітай ужо валодае досыць сучаснымі тэхналогіямі – гэта і даволі добрыя мабільныя тэлефоны, абсталяванне, іншая кітайская тэхніка. Тыя ж аўтамабілі, якія становяцца ў адзін шэраг з такімі лідарамі легкавога аўтамабілебудавання, як Нямеччына, Паўднёвая Карэя, Японія.

Але ёсць яшчэ адзін бок гэтага супрацоўніцтва – шэраг праектаў, выкананых на кітайскія крэдыты, пакуль няўдалы. Напрыклад, сіламі кітайскіх спецыялістаў была праведзеная рэканструкцыя ўсіх трох цэментных заводаў. Як паказала потым практыка – гэтыя тэхналогіі несучасныя, іх можна трактаваць як тэхналогіі ўчорашнія ў вытворчасці цэменту. З боку ж беларускіх спяцоў не былі прадуманыя пытанні маркетынгу, збыту гэтага цэменту і г.д.

Таксама няўдалым я мяркую супрацоўніцтва з канцэрнам Беллеспаперапрам – гэта дрэваапрацоўка, гэта мадэрнізацыя цэлюлозна-кардоннага камбіната ў Светлагорску, які не адпавядае экалагічным патрабаванням. І нам давялося разрываць стасункі з кітайскім падраднікам і дарабляць яго ўласнымі сіламі. Таксама няўдалая папяровая фабрыка ў Добрушы.

Ёсць еше шэраг няўдалых праектаў, а нам даводзіцца вяртаць кітайскія валютныя крэдыты строга паводле графіка. А гэтыя шматлікія аб'екты не ў стане гасіць ні самі крэдыты, ні адсоткі ў іх.

Цяжар кладзецца на бюджэт, гэта робім мы ўсе – падаткаплатнікі. Вялікія чаканні мы ўскладаем на «Вялікі камень» – кітайска-беларускі індустрыяльны парк.

Вядома, так, як мы шырока разгарнулі супрацоўніцтва з Кітаем, нам трэба супрацоўнічаць і на заходнім вектары. Таму што ўсё ж такі найбольш перадавыя тэхналогіі знаходзяцца ў краінах ЕЗ, у ЗША, Канадзе і г.д. А тут у нас пахваліцца няма чым.

Але крэдыты – гэта крэдыты і іх трэба вяртаць. Нам менавіта не хапае прамых замежных інвестыцый – калі сучасныя інвестары прыходзяць і з нуля будуюць прадпрыемства або мадэрнізуюць за свае сродкі. І гэта – не крэдыты. На гэтых праектах будуць працаваць беларускія спецыялісты. Вось гэта ў нас слабы бок!

– Чаму Кітай дзеліцца з намі толькі адсталымі тэхналогіямі?

– Я не сказаў бы, што яны такія ўжо адсталыя. Так, гэта не тэхналогіі заўтрашняга дня, няхай толькі сённяшняга. Усё ж такі Кітай – развіваецца. Пра яго яшчэ нельга сказаць, што гэта развітая краіна. Адсюль і вынікі. Але мы супрацоўнічаем з тымі, хто да нас ідзе і не выстаўляе нейкіх асаблівых умоваў.

Кітай – вялікая краіна, другая эканоміка ў свеце. З Кітаем трэба супрацоўнічаць. У стасунках з ім няма такой небяспекі, як у сітуацыі супрацоўніцтва з Расеяй.

Калі мы залазім у такія дзяржаўныя і карпаратыўныя пазыкі, якія цяпер выліваюцца ў патрабаванні – гэта турбуе. Расея кажа: «ніякіх вам больш субсідый і крэдытаў, пакуль мы не паглыбімся з інтэграцыяй настолькі, што парвецца тонкая грань і вы ўвойдзеце ў склад РФ». Ад Кітая сёння такіх пагрозаў няма.

– У апошнім рэйтынгу кітайскіх пазыкоўцаў Беларусь апынулася на 30-м месцы. Ці нясе гэта пагрозу нашай краіне?

– Так, я чытаў артыкул на гэтую тэму. У кітайцаў даволі шмат пазыкоўцаў. Перш за ўсё – гэта былыя рэспублікі Сярэдняй Азіі – Кыргызстан, Казахстан. Вядома, ідзе экспансія кітайскага капіталу – і ў выглядзе крэдытаў, і недзе – у выглядзе прамых інвестыцый.

Кітайскія крэдыты звязаныя. Яны даюцца не грашыма, якія ты можаш на сваё меркаванне выкарыстоўваць. Да прыкладу – набыць больш сучасныя праекты. А выдаецца кітайскімі тэхналогіямі, абсталяваннем, спецыялістамі і г.д. Але такая палітыка Кітая ва ўсім свеце.

Безумоўна, яна яму выгодная, дае магчымасць размяшчаць заказы на кітайскія прадпрыемствы, для таго, каб для нас вырабіць нейкую тэхніку.

Але часам Кітай усё ж такі ідзе на саступкі – у тым жа «Вялікім камені».

У любым выпадку, вяртаць Кітаю крэдыты трэба паводле графіку. Пакуль гэта нам удаецца за кошт рэфінансавання. А некаторым краінам гэта не ўдаецца – яны дапускаюць пратэрміноўку, і даводзіцца расплачвацца цэлымі аб'ектамі.

Але небяспека стаць завінавачанымі існуе не толькі перад Кітаем. Можна ўляцець у пратэрміноўку міжнародных крэдытаў у любой іншай краіне. Таму крэдытаатрымальнікам увесь час трэба эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя крэдыты, каб не стаць вінаватымі.

У пратэрміноўкі не трэба трапляць. Магчымыя рэструктурызацыі, аднясенне крэдытных плацяжоў на пазнейшыя тэрміны. Гэта, вядома, справа шкодная.

Хай у Міністэрстве фінансаў усё пралічваюць. Небяспека існуе для любога крэдытаатрымальніка.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках