19 красавiка 2024, Пятніца, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Тры разы перахрысціўся і адкрыў канверт»

11
«Тры разы перахрысціўся і адкрыў канверт»

Фігуранта «справы медыкаў» паўгода здымалі на схаваную камеру.

Сёння ў Менскім гарадскім судзе, у якім адбываецца масавы працэс паводле «справы медыкаў», паказваюць аператыўна-вышуковай матэрыялы. Як высветлілася, у кабінеце дырэктара Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандра Сталярова прыхаваная камера і аўдыязапіс былі ўсталяваныя з лістапада 2017 года, кайданкі на яго надзелі ў траўні 2018 го, паведамляе tut.by.

Аляксандр Сталяроў, дырэктар Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя

На сёння дапытаныя ўжо ўсе 20 фігурантаў гучнай справы. Бок абвінавачвання перайшоў да вывучэння аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Перш чым паказаць відэа на вялікім экране, пракурор Аляксандр Андрэеў чытае яго апісанне:

– 6.12.2017 года ў 10.09 у кабінет да Сталярова заходзіць Кузняцоў (прадстаўнік кампаніі «Лекфарм», таксама абвінавачаны паводле гэтай справы), дастае канверт і кладзе на стол. У 10.14 Кузняцоў сыходзіць, Сталяроў бярэ канверт, кладзе ў стол, чутны шолах паперы як пры пералічванні грошай, канверт выкідвае ў сметнік, грошы кладзе перш у барсетку, потым яе ставіць у шафу. Далей аб'ект працуе з дакументамі.

Яшчэ падчас допыту Аляксандр Сталяроў апавядаў, што «шыфраваўся» пры перадачы хабару, грошы пералічваў заўсёды, але ці ў стале, ці ў барсетцы.

– Пазнаяце сябе? – звяртаецца да абвінавачанага пракурор Андрэеў.

– Пазнаю, – адказвае Сталяроў. – Не ўпэўнены, што на першай палове файла Кузняцоў.

– Грашовыя сродкі перадаваліся? – удакладняе дзяржабвінаваўца.

– Не, на відэа не відаць, што ён перадае. Гэта маглі быць дакументы, спіс з лекамі, – мяркуе дырэктар Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя.

Прыхаваная камера ў кабінеце Сталярова ўстаноўленая за некалькі метраў ад ягонага стала, на чорна-белым экране відаць, як ён прымае наведвальнікаў, бярэ нешта са стала, чутны шолах, але не ўсе словы чуваць выразна.

Аляксандр Сталяроў віну прызнае часткова. На думку следства, ён атрымаў хабар на суму 52 650 даляраў, сам фігурант прызнае толькі 16 тысячаў даляраў. Грошы ён атрымліваў за рэгістрацыю лекаў, яму прадстаўнікі бізнэсу перадавалі адмысловы спіс, дзе былі паказаныя, якія прэпараты павінны быць зарэгістраваныя ў Цэнтры экспертызаў.

Калі пракурор папрасіў пракаментаваць відэа хабарадавальніка, прадстаўніка кампаніі «Лекфарм» Дзмітрыя Кузняцова, то ён заявіў: Сталярову перадаваў не спіс, а грошы.

Ужо пры наступнай сустрэчы, 29 снежня 2017 года, у кабінеце Сталярова гучыць фраза, не зразумелая старонняму чалавеку: «Вось там шэсць і шэсць. Адзін і восем фіксаваліся».

– Проста балбатня, – тлумачыць суду Сталяроў.

– Гэта 6600 даляраў, а адзін і восем – грошы, 1800 даляраў. Раней жа было сказана, што гэта фіксаваная аплата Сталярова, – тлумачыць абвінавачваны Міхаіл Кузняцоў.

Падчас допыту Аляксандр Сталяроў сцвярджаў: ніякія сумы хабару з Кузняцовым не абмяркоўваліся, увогуле нават гаворка не ішла пра гэта. Мяркуючы з відэа, якія паказваюць у судзе, гэта не зусім так.

– Што ў вас добрага? – пытаецца ён падчас чарговага прыходу Кузняцова.

– Нічога добрага. Снегапады, – наракае апошні, але не само надвор'е яго хвалюе, а тое, што ў Маскве праз снегапады скасоўваюць рэйсы, а хабар для Аляксандра Сталярова перадавалі менавіта з Масквы. Тым не менш Кузняцоў нешта працягнуў дырэктару цэнтра.

– Дык дзе гэта? – пытаецца Сталяроў.

– У яе (яшчэ адзін хабарадавальнік) ёсць запасы, – кажа Кузняцоў.

Пасля ягонага сыходу Аляксандр Сталяроў папрасіў падначаленую памяняць 5 тысячаў даляраў у банку і, як гучала раней у судзе, за гэтыя грошы дома ўсталяваў відэаназіранне. У фігуранта іншая версія: у банк не пайшоў сам, таму што там вялікія чэргі, а сістэму назірання ўсталёўваў за свой кошт.

Пасля пракурор зачытвае апісанне чарговага відэа:

– Сталяроў адкрывае канверт, тры разы хрысціцца і дастае нешта з пакета. Ягоныя рукі знаходзяцца пад сталом, чутны шолах паперы, блізу 50 гукаў (як пры пералічванні грошай – Заўвага. рэд.).

Нагадаем, 19 жніўня пачаўся масавы суд паводле «справы медыкаў». Абвінавачаных 20 чалавек, ім ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэксу: арт. 430 (Атрыманне хабару), арт. 431 (Даванне хабару). За кратамі сем фігурантаў: дырэктар Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў; ягоны намеснік Сяргей Зінчанка; кіраўнік управы медыцынскай тэхнікі Цэнтра экспертызаў і выпрабаванняў у ахове здароўя Сяргей Лешчылоўскі; генеральны дырэктар гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белфармацыя» Вячаслаў Гніцій; намесніца генеральнага дырэктара Віцебскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Кацярына Шнітко; генеральны дырэктар Гарадзенскага РУП «Фармацыя» Андрэй Шчука і бізнэсовец, дырэктар кампаніі «Іскамед» Сяргей Шакуцін.

Усе яны абвінавачваюцца ў атрыманні хабару, акрамя Шакуціна. Ён адзіны бізнэсмэн пад вартай. У судзе высветлілася: Сяргей Шакуцін адмовіўся даваць паказанні падчас папярэдняга расследавання, ён гатовы выступіць у судзе.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках