19 красавiка 2024, Пятніца, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэніэл Фрыд: Калі Лукашэнка пераступіць рысу, ЗША адрэагуюць

56
Дэніэл Фрыд: Калі Лукашэнка пераступіць рысу, ЗША адрэагуюць
ДЭНІЭЛ ФРЫД

Для Вашынгтона незалежнасць Беларусі стаіць на першым месцы.

Былы каардынатар Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ў пытаннях санкцый, экспэрт аналітычнага цэнтра «Atlantic Council» і экс-амбасадар ЗША ў Польшчы Дэніэл Фрыд ацаніў вяртанне амерыканскага амбасадара ў Беларусь, а таксама распавёў Сharter97.org пра «чырвоныя лініі» для рэжыму Лукашэнкі.

- Спадар Фрыд, ЗША і Беларусь упершыню за 11 гадоў абмяняюцца пасламі. Чаму амерыканцы наважылі пайсці на гэты крок, улічваючы той факт, што рэжым Лукашэнкі не змяніўся?

- Вы маеце рацыю. Гэта як раз праблема для амерыканцаў. Можна разарваць стасункі з недэмакратычным рэжымам, але з рызыкай, што незалежнасць Беларусі не ўтрымаецца. Гэта складаны выбар. Можа здацца, што мы закрываем вочы на правы чалавека, але гэта не так. Амерыканцы шмат гадоў разглядалі розныя варыянты і магчымасці. Асабіста я падтрымліваю цяперашнюю палітыку супрацы з Менскам. Не таму, што мне абыякавыя правы чалавека і дэмакратыя, а таму, што менавіта ў гэты перыяд захаванне незалежнасці Беларусі з'яўляецца самым важным момантам. Пакуль будзе існаваць незалежная беларуская дзяржава, будзе і надзея на будучыню. А калі Расея захопіць Беларусь, то і надзеі не будзе. Гэта драматычная сітуацыя і мой нерафінаваны адказ на ваша пытанне.

- Вы мяркуеце, што Лукашэнка з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі? Гэта ж ён паставіў нашу краіну ў залежнасць ад Расеі.

- Я не ўпэўнены, але мне здаецца, што Лукашэнка хоча быць гаспадаром у сваёй краіне, а не намеснікам Пуціна. Магчыма, мы памыляемся. Але ў момант, калі мы будзем наладжваць кантакты з Менскам, мы таксама будзем падтрымліваць кантакты і з беларускай грамадзянскай супольнасцю, і з дысідэнтамі. Без прэсінгу з боку ўрада. Па-ангельску мы кажам так: two-track policy - гэта значыць, ангажаванне на афіцыйным узроўні і падтрымка грамадзянскай супольнасці. І мы не адмовімся ад другога боку нашай палітыкі. Гэта наша абавязацельства. Таму добра, што ў амерыканцаў ёсць пасольства ў Менску, каб падтрымліваць кантакты. Расейцы кажуць, што мы збіраемся рабіць там каляровую рэвалюцыю... Гэта глупства. Гаворка ідзе ўсяго толькі аб кантактах з незалежным грамадствам. Гэта наша праца.

- Налета ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Ці значыць гэта, што меркаванне амерыканцаў у дачыненні да Лукашэнкі можа змяніцца, калі яны на свае вочы ўбачаць, як праходзяць так званыя выбары...

- У нас ёсць пэўная рыса. Калі Лукашэнка пяройдзе гэтую рысу, то нам будзе цяжка падтрымліваць стасункі з такім рэжымам. Наша памяркоўнасць і талерантнасць абмежаваныя. Я выдатна разумею, што апазіцыя скептычна ставіцца да кантактаў з рэжымам. Окей, Амерыка - гэта свабодная краіна і мы ўспрымаем усякую крытыку і адкрытыя да гэтага. Мы будзем рэагаваць на падзеі па меры іх паступлення.

Я выдатна памятаю, як падчас ваеннага становішча ў Польшчы мы стараліся супрацоўнічаць і з урадам Ярузельскага, і з апазіцыяй «Салідарнасці». Нас крытыкавалі і ў колах «Салідарнасці», і ў колах камуністаў. Выявілася, што наша палітыка была правільнай, хоць у той момант мы не былі ўпэўненыя ў гэтым. Мы шукаем баланс.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках