25 красавiка 2024, Чацвер, 4:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці там шукаюць «дармаедаў»?

22
Ці там шукаюць «дармаедаў»?

Калі скараціць сапраўдных дармаедаў, то і грамадскі транспарт можна зрабіць бясплатным.

Раней нас палохалі, што з 2020 года беларусы будуць аплачваць 100 адсоткаў камунальных паслуг. Але падобна на тое, што гэтыя планы адкладаюцца. Як і сарваліся планы выцягнуць грошы пад «дэкрэт аб дармаедах», піша Сяргей Салаўёў у артыкуле на сайце «Новы Час».

Планавалася, што «не занятыя ў эканоміцы» з 1 кастрычніка павінны былі плаціць за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне паводле стаадсоткавых тарыфаў. Але тэрміны гэтай аплаты былі перанесеныя на травень 2020 года. Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Андрэй Лабовіч патлумачыў адтэрміноўку для «дармаедаў» тым, што нібыта не атрымалася апрацаваць усе звесткі пра незанятых у эканоміцы грамадзянаў. З словаў чыноўніка, яны паступаюць амаль з 50 (!) крыніцаў.

Што толькі ні рабілі ўлады, каб палічыць гэтых «дармаедаў»! Выпраўлялі хадзіць па кватэрах супрацоўнікаў ЖЭС, МНС, настаўнікаў. Міністэрствам адукацыі таксама была створаная «база навучэнцаў» для абмену інфармацыяй з Мінпрацы. А ў выніку туды запісвалі ўсіх – жанчынаў у дэкрэце, пенсіянераў і нават тых, хто памёр. Усё для таго, каб «апраўдаць» словы найвышэйшага кіраўніка пра 500 тысячаў «не занятых у эканоміцы». Атрымалася – як заўсёды. 500 тысячаў, вядома, налічылі – у нашай дзяржаве кіраўнік не памыляецца. Але на самай справе апынулася, што гэта «мёртвыя (часам – у прамым сэнсе гэтага слова) душы».

А з «мёртвых душаў» аплаты не возьмеш. Вось і давялося адкласці «папаўненне бюджэту».

Між тым са словаў Лабовіча вынікае цікавая рэч – адкладаюцца планы і датычна таго, што з 2020 года ўсе беларусы не будуць плаціць 100 адсоткаў за камунальныя паслугі, як гэта раней неаднаразова абвяшчалася. Газа- і цеплазабеспячэнне якраз і ўваходзяць у паслугі ЖКГ. Аднак калі нават для «дармаедаў» поўная аплата гэтых паслуг была перанесеная на травень наступнага года, то пра «сумленных» грамадзянаў і гаворкі быць не можа.

Блытаніну з звесткамі «з 50 крыніцаў» улады, напэўна, збіраюцца развязаць проста.

На цікавыя пытанні перапісу звярнуў увагу пісьменнік Віктар Марціновіч. Прынамсі на тое, што ў анкеце няма пытанняў пра тое, колькімі мовамі чалавек валодае, пра іншыя нармальныя рэчы. «Гэта дзяржаве не важна. Што ёй важна – гэта дзе дакладна вы жывяце, да якога тэлефоннага нумара прывязаны ідэнтыфікатар у вашым пашпарце, якой маёмасцю валодаеце, дзе працуеце. Ці плануеце выязджаць з Беларусі (чытай – на падпрацоўкі)? Ці была ў вас праца з 27 верасня 2019 да 3 кастрычніка 2019-га (чаму, дарэчы, такі перыяд?)? Як часта выязджалі на працу на тэрыторыю іншай дзяржавы? Такіх пытанняў – дзве старонкі з чатырох у лісце апытанкі! Прачытайце гэтыя фармулёўкі: «Якія крыніцы сродкаў на існаванне (пакажыце асноўную крыніцу!)?», «Дзе ажыццяўляецца ваша праца?», «Дзе знаходзіцца месца вашай працы?», – піша ён. І заўважае – гэта не статыстыка. Гэта агульнарэспубліканскі допыт, каб выявіць гэтых самых «дармаедаў».

Не ведаю, наколькі такі выкрут пройдзе ў дзяржавы. Беларусы ўсё ж шчырыя – але таксама не дурні. Аж да таго, што некаторыя паспрабавалі перапісаць праз інтэрнэт сваіх свойскіх жывёлаў, нівелюючы тым самым вынікі «агульнарэспубліканскага допыту».

Між тым улада выдаткоўвае грошы, якіх, нібыта, няма адкуль узяць. І няма пакуль разумення, колькі трэба ўзяць, таму што мы не ведаем, колькі іх спатрэбіцца. Напрыклад, газавы кантракт з Расеяй заканчваецца сёлета, і на тыдні прайшлі перамовы ў гэтым пытанні. Прычым яны датычацца не толькі газу, але і аб'ёму паставак.

Перш за ўсё, аб'ём можа быць ніжэйшым у сувязі з запускам БелАЭС – з пераводам часткі электраэнэргіі на АЭС краіна будзе мець патрэбу ў меншым аб'ёме газу. А калі АЭС не запусціцца?

Да таго ж Расея настойвае на развязанні гэтага пытання пасля распрацоўкі дарожных картаў у рамках праграмы інтэграцыі. Як вядома, дарожныя карты павінны быць падрыхтаваныя да снежня. Плануецца, што кіраўнікі краінаў іх падпішуць 8 снежня, у гонар 20-годдзя «саюзнай дамовы». А калі не падпішуць?

Раней паведамлялася, што газавае пагадненне не ўваходзіць у пакет інтэграцыйных дакументаў. Зноў падманулі?

Таму ўлады звыкла бяруць грошы там, дзе яны, нібыта, ёсць: з кішэняў насельніцтва. У Менску кантралёры атрымалі права спыняць аўтобусы і тралейбусы на «незапланаваных прыпынках» і біцца ў салон, каб знайсці «зайцоў».

Наколькі гэта павысіць збор штрафаў, сказаць цяжка. Наўрад ці сума будзе велізарнай. Аднак што можна сказаць дакладна – гэта выкліча (і ўжо выклікае) моцную незадаволенасць народа такімі дзеяннямі. «Да чаго мы коцімся? Гэта мы злачынцаў ловім? Я шмат у якіх краінах свету была – і гэта проста прыніжэнне народа, мне сорамна за краіну!» – можна пачуць у менскіх аўтобусах. Прычым, як паведамляюць журналісты, якія паездзілі з кантралёрамі ў першы дзень такой практыкі, абураюцца не «безбілетнікі», – абураюцца тыя, хто сумленна аплаціў праезд.

Бо сапраўды, такая практыка прымусовага спынення транспарту – гэта прыніжэнне ўсіх пасажыраў. Выходзіць, што першапачаткова іх усіх запісваюць у «патэнцыйныя злачынцы», а толькі потым разбіраюцца...

Між тым грошай у дзяржавы, на самай справе, дастаткова. Іх толькі трэба ўмець эканоміць. Задумайцеся: ідэя «дэкрэта аб дармаедах» з'явілася ў 2014 годзе – пяцігодку таму! Колькі за гэты час было выдаткавана намаганняў, фінансаў і чалавека-гадзінаў працы на тое, каб увасобіць яе ў жыццё? Колькі падаткаплацельнікам каштуе зборышча адной «дармаедскай камісіі»? Колькі грошай (а праца праграмістаў – не танная) трэба, каб апрацаваць «звесткі з 50 крыніцаў»?

Толькі на адмове ад «дэкрэта аб дармаедах» мы б зэканомілі столькі, што маглі б набываць газ паводле сусветных коштаў і не парыцца з «інтэграцыяй».

А калі яшчэ падкараціць штат ідэолагаў – усё роўна да гэтага часу ніхто не ведае, што такое «беларуская ідэалогія», – мы б і транспарт, напэўна, маглі б зрабіць бясплатным.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках