25 красавiка 2024, Чацвер, 17:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джанлуіджы Буфон апавёў, як ягонае жыццё змяніла карціна мастака з Беларусі

2
Джанлуіджы Буфон апавёў, як ягонае жыццё змяніла карціна мастака з Беларусі
Джанлуіджы Буфон

Легендарны галкіпер напісаў ліст у мінулае.

Італьянскі галкіпер Джанлуіджы Буфон напісаў для The Players 'Tribune ліст сабе, 17-гадоваму, і апавёў, сярод іншага, як мастак Марк Шагал змяніў ягонае жыццё, піша sports.ru.

«Дарагі 17-гадовы Джанлуіджы!

Табе піша 41-гадовы мужчына, у якога ў жыцці здарылася мноства ўсяго, які рабіў памылкі. У мяне ёсць для цябе добрыя і дрэнныя навіны. Галоўнае вось што – я хачу пагутарыць з табой пра тваю душу.

Так, пра тваю душу. У цябе яна ёсць, верыш ці не...

Падчас тваёй дэпрэсіі здарыцца нешта дзіўнае і цудоўнае. Аднойчы ты надумаеш сысці ад руціны і пайсці ў іншы рэстаран на сняданак. Пойдзеш новым шляхам па Турыне, ты пройдзеш праз Музей мастацтваў.

На сцяне будзе вісець афіша – Шагал.

Ты раней чуў гэтае прозвішча. Але ты нічога не ведаеш пра мастацтва.

У цябе справы.

Табе час.

Ты – Буфон.

Але хто такі Буфон?

Хто ты такі?

Ты ведаеш?

Гэта самая важная частка майго ліста. Ты павінен зайсці ў музей, менавіта ў гэты дзень. Гэта зменіць тваё жыццё назаўсёды.

Калі не зойдзеш, то прадоўжыш быць футбалістам, Супермэнам, які хавае пачуцці. Твая душа завяне.

Але зайдзі – і ўбачыш сотні карцінаў Шагала. Большасць цябе не зачэпяць. Ёсць добрыя, ёсць цікавыя, ёсць не вартыя.

А потым ты ўбачыш карціну, і гэта будзе ўдар маланкі.

Яна называецца "Шпацыр".

Яе быццам намалявала дзіця. Мужчына і жанчына ў парку на пікніку, але гэта чароўная гісторыя. Жанчына ляціць угору, як анёл. Мужчына стаіць на зямлі, трымае яе за руку: усміхаецца.

Як у сне дзіцяці.

Гэтая карціна перадае нешта з іншага свету. Яна нагадае табе, як гэта – быць дзіцем. Як проста быць шчаслівым.

Тое пачуццё, калі Томас Н'Кона выбівае мяч.

Калі бабуля кліча цябе з кухні.

Калі ты сядзіш у цемры перад тэлевізарам і молішся.

З узростам мы забываемся пра гэтыя пачуцці.

Трэба вярнуцца ў музей на наступны дзень. Неабходна.

Жанчына на касе паглядзіць на цябе з усмешкай. Яна спытае: "Хіба вы не былі ў нас учора?"

Не важна. Ідзі ўсярэдзіну. Мастацтва – найлепшы лек для цябе. Калі ты адкрыеш свой розум, унутраны цяжар знікне. Паляціць, як тая жанчына на карціне Шагала.

Гэта вельмі іранічны момант. Часам мне здаецца, што павароты нашага жыцця вызначае нехта іншы. Так шмат невытлумачальнага і цудоўнага адбываецца. І многае звязанае – нават тое, што і ўявіць нельга.

Калі ты будзеш маладым футбалістам "Пармы", то сёе-тое зробіш – з невуцтва, як звычайна. Перад вялікім матчам захочаш паказаць аднаклубнікам і заўзятарам, што ты – лідар, смяльчак.

Напішаш на футболцы мэсэдж, які аднойчы выдрапаў на парце ў школе.

Ты напішаш: "Смерць Трусам".

Падумаеш, што гэта матывацыйны заклік.

Ты не ведаеш, што гэта заклік правых фашыстаў.

Гэта адна з памылак, якія прынясуць тваёй сям'і шмат болю. Але такія памылкі важныя, таму што нагадваюць: ты – чалавек. Яны будуць нагадваць табе, зноў і зноў, што ты ніфіга не ведаеш, мой сябар. Гэта добра, таму што футбол амаль здолее пераканаць цябе ў тваёй унікальнасці. Але важна памятаць, што ты нічым не адрозніваешся ад бармэна або электрыка, якія стануць тваімі найлепшымі сябрамі.

Вось што ты вынесеш з дэпрэсіі. Не ўсведамленне сваёй унікальнасці, а разуменне, што ты такі, як усе. У 17 гадоў гэтага не зразумець, але я запэўніваю цябе, што сапраўдная смеласць – не саромецца сваёй слабасці».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках