19 красавiка 2024, Пятніца, 23:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Спробы падштурхнуць эканоміку могуць скончыцца новым крызісам

6
Эканаміст: Спробы падштурхнуць эканоміку могуць скончыцца новым крызісам

Беларускія ўлады «напружыліся».

Апошнія тыдні эканамічныя ўлады займаліся тым, што абмяркоўвалі, якія напружаныя заданні на будучы год закласці і як іх выканаць. Эксперты мяркуюць, што спробы падштурхнуць эканоміку ў год выбараў прывядуць да негатыўных наступстваў, пішуць naviny.by.

Улада напружылася

Пачынаючы з 2012 года, калі краіна стала адмаўляцца ад грашовай эмісіі, тэмпы эканамічнага росту былі ў раёне 1-3%. Прычым самы высокі за гэты перыяд паказнік атрымалася забяспечыць пасля двух гадоў рэцэсіі.

Сёлета эканамічная дынаміка таксама не цешыць – за студзень – жнівень рост ВУП склаў 1,1%. Сусветны банк на днях абнавіў прагноз у краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі і прыйшоў да высновы, што рост ВУП Беларусі сёлета складзе 1,5%, а ў наступныя два гады замарудзіцца да 1,3% і 1,2% адпаведна.

Згодна з прагнозам Сусветнага банка, Беларусь паводле тэмпаў эканамічнага росту ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі будзе ў ліку аўтсайдараў у найбліжэйшыя гады.

Натуральна, сумнае мінулае і невясёлкавая будучыня напружваюць беларускую ўладу.

У верасні кіраўнік не пагадзіўся з праектам эканамічнага прагнозу, які прапанаваў урад, і даручыў закласці на будучы год больш амбіцыйныя заданні. Параметр росту ВУП Беларусі на будучы год на ўзроўні 2,5%, які прапанаваў урад, здаўся Лукашэнку недастаткова напружаным.

І вось ужо некалькі тыдняў, паводле звестак БелаПАН, на дзяржаўным узроўні ідзе дыскусія наконт таго, якія макраэканамічныя параметры на будучы год закласці. У абмеркаванні гэтага пытання ўдзельнічаюць многія дзяржорганы і нават «рада рэспублікі», якой кіруе былы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

Дарэчы, на адкрыцці восеньскай сесіі верхняй палаты парламента ён практычна даслоўна паўтарыў патрабаванне Лукашэнкі і заявіў, што «заданні 2020 года павінны быць вельмі напружанымі».

На думку Мясніковіча, забяспечыць больш высокія тэмпы эканамічнага росту магчыма «без празмернага стымулявання ўнутранага попыту за кошт нарошчвання аб'ёмаў экспарту і актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці».

Адна з прапановаў, якую абмяркоўваюць улады, – падштурхнуць эканоміку ў наступным годзе за кошт інвестыцыйнага крэдытавання. Навошта падштурхнуць? Каб выканаць або наблізіцца да выканання задання ў тэмпах эканамічнага росту, якое зацверджанае на пяцігодку.

Згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016–2020 гады, эканоміка ў былую пяцігодку павінна вырасці не менш чым на 12,1%. Аднак у 2016 годзе краіна знаходзілася ў рэцэсіі – ВУП знізіўся на 2,5%, у 2017-м эканоміка аднавілася на гэтую ж велічыню, у 2018-м вырасла на 3%.

На гэты год улады закладвалі эканамічны рост на ўзроўні 4%, але за студзень – жнівень ВУП вырас толькі на 1,1%, і паводле выніках года, як мяркуюць эксперты БелаПАН, рост не перавысіць 2%.

Пры такім раскладзе, каб наблізіцца налета да выканання задання на пяцігодку, рост ВУП павінен скласці ў раёне 6%. А не 2,5–2,8% – з гэтымі параметрамі да 2020-га некалькі разоў у апошні час выходзіў урад.

Не той таргет

Ці трэба падштурхоўваць эканоміку ў будучым годзе дзеля выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку?

У дзяржорганах адзінага адказу на гэтае пытанне няма, а ў незалежных экспертаў ёсць. Штучны разагрэў эканомікі ў будучым годзе прынясе негатыўныя наступствы, мяркуюць эканамісты.

«Спробы стымуляваць эканоміку за кошт інвестыцыйнага крэдытавання мы ўжо праходзілі. Ідэя раздаць танныя грошы прадпрыемствам не новая», – адзначыла ў каментары для БелаПАН навуковая дырэктарка Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

Эксперты нагадваюць, што за апошняе дзесяцігоддзе былі гады, калі крэдытаванне рэальнага сектара расло на дзясяткі адсоткаў за год.

«У выніку мы атрымалі высокую закрэдытаванасць прадпрыемстваў, але асаблівага эфекту ад гэтых інвестыцый не адчулі. Тэмпы эканамічнага росту застаюцца нізкімі», – канстатаваў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН старшыня назіральнай рады Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

На ягоную думку, няма асаблівага сэнсу чарговы раз стымуляваць рост ВУП за кошт павелічэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі.

«Мы атрымаем кароткатэрміновы ўсплёск эканомікі, але ўстойлівага росту такая інвестыцыйная палітыка не прынясе, бо эфектыўнасць выкарыстання фінансавых рэсурсаў у краіне пакідае жадаць лепшага», – адзначыў Пеліпась.

Замест устойлівага росту, як мяркуюць эксперты, штучнае стымуляванне эканомікі можа спарадзіць сур'ёзныя праблемы.

«Інвестыцыйнае крэдытаванне, улічваючы высокую імпартаёмістасць нашай эканомікі, выкліча рост імпарту. Адпаведна, такое развіццё падзей можа прывесці да ціску на плацежны баланс і валютны рынак», – мяркуе Тачыцкая.

Акрамя гэтага, як паказвае час, высокія тэмпы росту дырэктыўнага крэдытавання прынясуць павелічэнне неабслугоўваных пазык у банкаўскай сістэме.

З улікам негатыўных наступстваў штучнага разагрэву эканомікі высокія тэмпы росту ВУП на будучы год закладваць не варта, мяркуюць эксперты.

«Варта перастаць таргетаваць лікавыя параметры і пачаць думаць, як нам павышаць эфектыўнасць эканомікі», – падкрэслівае Тачыцкая.

Без структурнай перабудовы эканомікі яе патэнцыял будзе заставацца нізкім, мяркуюць эксперты.

«У выпадку захавання існага патэнцыялу эканамічны рост можа складаць 1-2% за год. Значна больш высокія значэнні ў цяперашніх умовах могуць быць толькі штучнымі», – рэзюмаваў Ігар Пеліпась.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках