24 красавiка 2024, Серада, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астраномы апавялі, як на Месяцы з'явіўся лёд

3
Астраномы апавялі, як на Месяцы з'явіўся лёд
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ

Лёд трапіў на Месяц з некалькіх крыніцаў.

У кратарах Паўднёвага полюса Месяца даўно знойдзены вадзяны лёд, але невядома, калі і як ён там утварыўся. Новае даследаванне дае нечаканы адказ на гэтае пытанне: крыніцаў лёду было некалькі, і вада з іх патрапіла на Селену ў розны час.

Падрабязнасці выкладзеныя ў навуковым артыкуле, апублікаваным у часопісе Icarus, паведамляе nauka.vesti.ru.

У кратарах Паўднёвага полюса Месяца даўно знойдзены лёд. Ён ляжыць у абласцях, што заўсёды застаюцца ў цені, так што сонечнае святло яму не страшнае. Аднак спецыялісты прадаўжаюць спрачацца пра тое, адкуль ён узяўся.

У новым даследаванні аўтары разгледзелі 20 буйных кратараў паблізу Паўднёвага полюса Месяца (шырата ад 80°), унутры якіх выяўлены лёд, і вызначылі іх узрост. Датаванню дапамаглі сляды ад метэарытаў, якія ўпалі пасля ўтварэння кратараў. Рэч у тым, што з часам буйны кратар пакрываецца цэлым россыпам больш дробных пазнак. Ведаючы прыкладную частату падзення метэарытаў на Селену, можна вылічыць, калі ўтварыўся кратар.

Высветлілася, што гэтаму кратару не менш за 3,1 мільярда гадоў. Што гэта гаворыць пра ўзрост лёду на ягоным дне?

Зразумела, лёд не можа быць старэйшы за сам кратар. Але даследнікі мяркуюць, што ён не можа быць і істотна маладзейшым. На гэта паказвае вельмі неаднароднае размеркаванне лёду па дне кратара: "ледавік" займае менш за 12% даступнай паверхні. Як мяркуюць аўтары, рэч у тым, што лёд доўгі час цярпеў ад уздзеяння мікраметэарытаў, якія часткова выпарылі яго.

Сам гэты старажытны лёд мог быць прынесены на Месяц каметамі і багатымі на ваду метэарытамі. Не выключана таксама, што ён трапіў на паверхню, калі вада выпаралася з вадкай магмы падчас вулканічных вывяржэнняў.

КРАТАР ШЭКЛТАН, ЦЭНТР ЯКОГА ЗАЎСЁДЫ ЗАЦЕНЕНЫ, ТАКСАМА ХАВАЕ ЗАПАСЫ ЛЁДУ.
ФОТА: NASA / GSFC / ARIZONA STATE UNIVERSITY.

Таксама даследнікі разгледзелі 100 дробных кратараў (менш за 15 кіламетраў у дыяметры). Іх узрост цяжка вызначыць дакладна, але, мяркуючы з яшчэ не разбуранага грэбня, яны маладзейшыя за мільярд гадоў.

Да здзіўлення навукоўцаў, у 24 з іх таксама знайшоўся лёд, хоць яго было значна менш.

"Для нас гэта стала нечаканкай, – прызнаецца першы аўтар даследавання Арыэль Дойч з Універсітэта Браўна. – [Да гэтага моманту] не было ніякіх назіранняў лёду ў параўнальна маладых халодных пастках".

Растлумачым, што халоднымі пасткамі астраномы называюць кропкі на іншых нябесных целах, дастаткова халодныя, каб там скандэнсаваліся пары вады ці іншых лятучых рэчываў.

Між тым вулканізм на Месяцы, як мяркуецца, спыніўся блізу мільярда гадоў таму. Акрамя таго, буйныя целы падаюць на паверхню Зямлі і Месяца зусім не так часта, як гэта было ў эпоху бурнай маладосці Сонечнай сістэмы. Так што лёд у маладых кратарах, верагодна, адрозніваецца сваім паходжаннем ад лёду ў старажытных.

Навукоўцы мяркуюць, што гэтыя свежыя запасы вады маглі ўтварыцца пад дзеяннем сонечнага ветру. Таксама іх маглі прынесці метэарыты памерам з гарошыну.

Вызначэнне ўзросту месяцовых "ледавікоў" важнае для таго, каб са здымкаў іх паверхні можна было сказаць, колькі яшчэ вады спачывае ў нетрах. А ад гэтага залежыць, ці зможа такое радовішча сілкаваць месяцовую базу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках