Як харчавацца, каб быць здаровым зімой
2- 7.01.2019, 18:28
- 17,584
Некалькі парад ад дыетолага.
Узімку наш імунітэт паніжаны, таму мы хварэем часцей. Дыетолаг Святлана Фус у сваім Instagram дала некалькі рэкамендацый, як падняць цягавітасць арганізма і абараніць сябе ад прастуды, піша «Сегодня».
Ежце рэгулярна. З ежай паступае ўсё неабходнае для нашай імуннай сістэмы. Аддавайце перавагу лёгказасваяльнай ежы. Не прапускайце сняданкі.
Заменіце сыр і кісламалочныя прадукты 0% тлустасці на сыр нізкай тлустасці - 5-9%, а кісламалочныя прадукты на 1,5-2,5% тлустасці. Бо тлушч і тлушчараспушчальныя вітаміны з гэтых прадуктаў абараняюць вашыя лёгкія. Акрамя таго, кісламалочныя прадукты з'яўляюцца прабіётыкамі і паляпшаюць функцыю кішэчніка.
Памятаеце пра бялок - рыба, птушка, яйкі, мяса даюць неабходныя амінакіслоты для сінтэзу імунаглабулінаў.
Штодня выкарыстоўвайце свежую і замарожаную садавіну, гародніну і ягады – гэта каштоўная крыніца вітамінаў, мінеральных элементаў, антыаксідантаў, а таксама клятчаткі і пектынаў. Замарожаныя гародніна і садавіна амаль не саступаюць свежым з пункту гледжання пажыўнай каштоўнасці.
Не забывайце пра кашы. Мінералы і вітаміны, якія ў іх утрымліваюцца, прымаюць непасрэдны ўдзел у барацьбе з інфекцыяй. А клятчатка актыўна выводзіць з арганізма таксічныя рэчывы.
Ужывайце часнок, невялікую колькасць перцу. Аліцын, які змяшчаецца ў часныку, з поспехам знішчае не толькі вірусы грыпу, але і іншыя шкодныя бактэрыі і грыбкі.
Капсаіцын, знаходзіцца ў вострым чырвоным перцы і піперын чорнага перцу таксама валодае супрацьвірусным дзеяннем, і стымулюе дзейнасць дыхальнай сістэмы. У невялікіх колькасцях даданне гэтых прадуктаў да асноўных страў у прастудны перыяд будзе карыснае, калі няма супрацьпаказанняў з боку стрававальнай сістэмы.
Цэлы букет карысных рэчываў мае гарбрата з каляндрай, карыцай і імбірам, якія дапамагаюць змагацца з вірусамі прастуды, а таксама стымулююць потаадлучэнне і палягчаюць дыханне.
Памятаеце пра пітны рэжым. Вада падтрымлівае метабалізм, засваенне пажыўных рэчываў і вывядзенне таксінаў, удзельнічае ў тэрмарэгуляцыі арганізма.
«Харчуйцеся паўнавартасна! Гэта залог моцнага імунітэту і добрага самаадчування», - параіла Святлана Фус.