24 красавiка 2024, Серада, 17:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«18 чальцоў камісіі сядзяць па перыметры кабінета, а пасярэдзіне крэсла для «дармаеда»

181
«18 чальцоў камісіі сядзяць па перыметры кабінета, а пасярэдзіне крэсла для «дармаеда»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА RFE/RL

Хто сапраўдныя лайдакі ў Беларусі?

Пра свае ўражанні ад кантактаў з чыноўнікамі і адпаведнымі камісіямі, а таксама пра тое, як спрабавалі апраўдацца, у інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавялі беларускі, якія жывуць у Чэхіі. Прапануем вашай увазе вытрымкі з іх апаведаў, якія вельмі красамоўна сведчаць пра тое, як дзейнічае ўлада пры выкананні дэкрэта аб «дармаедстве».

«Камісія адмовілася адказваць на пытанні, спаслаўшыся, што перад дзвярыма кабінета чакае чарга людзей»

- Я ставіла сабе мэту зрабіць так, каб мяне выкраслілі з гэтай базы звестак, нягледзячы на тое, што не з'яўляюся ўласніцай нерухомасці ў Беларусі. Я не хацела, каб маё імя фігуравала ў гэтай базе звестак. Наогул пра тое, што я ў ёй ёсць, даведалася праз сайт, праз саму сістэму, атрымаўшы ідэнтыфікатар у «адным акне».

Калі ўжо пайшла з дакументамі ў выканкам, удалося трапіць непасрэдна на пасяджэнне камісіі. Першае, што мяне ўразіла, гэта колькасць чальцоў камісіі — іх было 18. Крэслы чальцоў камісіі былі расстаўленыя па перыметры кабінета, і пасярэдзіне стаяла крэсла для «дармаеда».

Я спачатку паспрабавала задаць камісіі пытанні агульнага плана аб дакументах, але камісія адмовілася адказваць, спаслаўшыся на тое, што перад дзвярыма кабінета чакае чарга людзей.

Я ім паказвала перакладчыцкую ліцэнзію на тое, што я з'яўляюся судовай перакладчыцай у Чэхіі. Далей, калі я задала пытанне, ці выкрасляць мяне з гэтай базы звестак пасля таго, як я паказала ім гэтыя дакументы, мне было сказана, што з папяровых спісаў уласнікаў нерухомасці, каму будуць налічваць павышаныя камунальныя, мяне выкрасляць, але ў базе звестак я застануся. Таму я планую дзесьці праз 30 дзён падаваць запыт з пытаннем, на якой падставе мяне пакінулі ў электроннай базе звестак. Сябры камісіі мне на гэта сказалі, каб я не перажывала, але для мяне такі падыход і такі адказ не з'яўляюцца здавальняючымі.

«Чыноўніцу абурыла, што я называю дэкрэт №3 дэкрэтам аб дармаедах»

- Мяне накіравалі ў кабінет 419 у адміністрацыі майго раёна, дзе працуюць два разы на тыдзень, і там ужо давялося спытаць, дармаед я ці не, на што мне адказалі: «дармаедаў няма, іх не існуе». Там сядзела жанчына, якая па сумяшчальніцтве яшчэ займаецца эканомікай нашага раёна, аб чым сведчыла шыльда на яе дзвярах. Яе абурыла, што я называю дэкрэт №3 дэкрэтам аб дармаедах. І яна паглядзела на мой пашпарт, праверыла, я ў спісе.

Аб тым, ці выключаць мяне са спісу дармаедаў, яны не адказалі. Я проста падала пераклад пацверджання, што я вучуся ва ўніверсітэце, а таксама заяву, каб мяне выключылі з гэтага спісу. Пагаварылі і разышліся.

«Калі я спытала, навошта мяне ўключылі ў гэтую базу, калі я не з'яўляюся ўласніцай жылля, адказу не далі»

- На канкрэтнае пытанне, Як мне трэба давесці, якія дакументы трэба прынесці, яны не адказалі. Сказалі толькі, што я павінна прадставіць кантракт. Я не хачу паказваць свой кантракт, не хачу рабіць пераклад кантракту, я ўважаю гэта досыць абсурдным. Кантракт я ўклала некалькі гадоў таму, і на гэты момант ён абсалютна не паказвае, ці працую я ў гэтай кампаніі цяпер ці не. У выніку мы дамовіліся, што я перакладу толькі даведку аб працы, але канкрэтных патрабаванняў да перакладу гэтай даведкі мне не назвалі. Сказалі, галоўнае, каб была якая-небудзь пячатка.

Гэта трэба рабіць усё асабіста, з пашпартам, і я не думаю, што ў людзей, якія жывуць за мяжой, ёсць такая магчымасць — прыехаць і тыдзень ці два правесці ў Менску, высвятляючы, ці ёсць яны ў базе звестак, і што трэба зрабіць, каб іх адтуль выключылі.

Калі я спытала, навошта мяне ўключылі ў гэтую базу, калі я не з'яўляюся ўласніцай жылля ў Беларусі, адказу мне не далі. Выдаваць дэкрэт, згодна з якім у базу заносяць людзей, якія пад яго не падпадаюць, я ўважаю за абсурдны.

«Чальцы камісіі, якую я наведала, сказалі, што яны не ўпаўнаважаныя тлумачыць дэкрэт»

- Ад некаторых патрабуюць расшыфроўкі ўсіх пячатак, якія ёсць на дакуменце. У маім выпадку, калі я была на пасяджэнні камісіі, іх наогул цікавіла, каб на дакуменце была хоць нейкая круглая, гербавая пячатка, што фактычна нонсэнс, бо адзіная пячатка, якая там была — гэта пячатка перакладчыка, але перакладчык не сведчыць, што арыгінальны дакумент сапраўдны, а не падроблены. Ён проста сведчыць гэтай пячаткай, што яго пераклад адпавядае арыгіналу.

Чальцы камісіі, якую я наведала, сказалі, што яны не ўпаўнаважаныя тлумачыць дэкрэт. У мяне, вядома, узнікае пытанне, Якім чынам выканаўчыя органы выконваюць, калі яны не здольныя тлумачыць тыя заканадаўчыя акты, якімі кіруюцца!

«Чыноўнік сказаў: А раптам вы прыедзеце і будзеце карыстацца паслугамі ў Беларусі?»

- Мяне напраўду вельмі абурыла, калі яны сказалі, што гэты дэкрэт на сённяшні момант тычыцца толькі тых, у каго ёсць ва ўласнасці жыллё. А навошта яны ўключаюць усіх астатніх людзей, абсалютна незразумела? Мне чыноўнік сказаў: А раптам вы прыедзеце і будзеце карыстацца паслугамі ў Беларусі? А раптам вы захочаце палячыць зубы ў беларускай паліклініцы, у той час, як вы жывяце ў Чэхіі, або здаць нейкія аналізы, або скарыстацца яшчэ нейкімі паслугамі, за якія вы не заплацілі цягам апошніх некалькіх гадоў.

Напраўду гэта абурае. Мы, як грамадзяне, якія пражываюць за мяжой, мала таго, што працуем, плацім падаткі за мяжой, але калі мы прыязджаем у Беларусь, то мы там марнуем грошы, мы дапамагаем сваім бацькам.

«Вы ў Польшчы вучыцеся?» — «Не, у Чэхіі» — «Ну дык значыць там трэба і замуж выходзіць!»

- Сайт (з базай) не адкрываецца. Я зноў вяртаюся да гэтага «акна» і кажу: «я ўсё запоўніла, атрымала ключ, нічога не зразумела. Падкажыце, калі ласка, як праверыць на сайце, дармаедка я ці не, я не магу зразумець». Адказваюць: «А як мы гэта зробім? У нас няма інтэрнэту. Мы тут толькі ключы выдаём».

Далей, калі мяне паслалі ў гэты кабінет 419, сярод іншага я спытала (мяне гэтае пытанне заўсёды цікавіць), чаму няма бланка па-беларуску? Адказалі: «У нашай краіне дзве мовы разумеюць аднолькава добра. Але калі хочаце, можаце перакласці». Зноў жа, беларуская мова дзесьці там на ўскраіне. Ну і апошняе - самае феерычнае, смешнае і дурное. «Вы ў Польшчы вучыцеся?» - «Не, у Чэхіі», - адказваю я. «Ну дык, значыць, там трэба і замуж выходзіць!» Беларускі чыноўнік раіць мне застацца за мяжой. Гэта проста нейкі аксюмаран.

Напісаць каментар 181

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках