25 красавiка 2024, Чацвер, 13:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрась Губарэвіч: Наспела патрэба перамен

14
Юрась Губарэвіч: Наспела патрэба перамен
ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Патрэбныя людзі, гатовыя ўзяць на сябе адказнасць.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, каментуючы свой удзел у найбліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі.

- Чаму вы надумалі ўдзельнічаць у выбарах?

- На сёння «За свабоду» вылучыў мяне ў якасці ўдзельніка ў праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі. Таму што спачатку мы хочам вызначыцца з тым, хто будзе адзіным кандыдатам на гэтых выбарах ад правацэнтрыстаў.

Магчыма, што роля адзінага кандыдата будзе значна шырэйшай, чым рэпрэзентацыя правацэнтрысцкай кааліцыі – у выпадку, калі да праймерыз далучацца прадстаўнікі іншых палітычных структур ці лідары, якія не маюць структур.

Для мяне пастанова аб удзеле ў выбарах прадыктаваная тым, што ў Беларусі даўно наспелі перамены і павінны быць людзі, гатовыя ўзяць адказнасць за ажыццяўленне перамен у нашай краіне. І я гатовы ўзяць на сябе такую адказнасць.

- Як будуць адбывацца праймерыз і ваш удзел у іх?

- Мы плануем, што працэдура праймерыз пачнецца ў першым паўгоддзі гэтага года. Мы рыхтуемся таксама да таго, што ў канцы гэтага года ў Беларусі могуць прайсці парламенцкія выбары: чыноўнікі ўжо заяўлялі аб развядзенні ў часе гэтых двух палітычных кампаній (парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў – рэд.).

Таму ўжо да першай з гэтых кампаній мы хочам мець адзінага кандыдата, які зможа праводзіць сустрэчы ва ўсёй Беларусі, выкарыстоўваючы тыя магчымасці, якія дае ўдзел у парламенцкіх выбарах. Я маю на ўвазе: прызначаць давераных асоб, выкарыстоўваць час у тэлеэфіры, удзельнічаць у тэледэбатах і гэтак далей. Думаю, гэта ўзмоцніць пазіцыі кандыдата, выбранага падчас праймерыз.

Што тычыцца мяне асабіста, то я думаю, што ў Беларусі даўно наспела патрэба ў сістэмных і глыбокіх рэформах, якія павінны закрануць усе сферы эканомікі, палітыкі і сацыяльнага жыцця.

Найперш мы павінны разняволіць бізнэс і правесці прыватызацыю. Сёння апора рэжыму Лукашэнкі - гэта велізарная дзель дзяржаўнага сектара ў эканоміцы, што дазваляе трымаць людзей пад кантролем і прымушаць іх выконваць злачынныя загады фальсіфікацыі выбараў ці пераследу людзей, якіх улада назвала «дармаедамі», як гэта адбываецца, напрыклад, з беларускімі настаўнікамі. Калі ў краіне будзе дамінаваць прыватны бізнэс, рабіць нешта такоўскае будзе значна цяжэй.

Адзін з нашых прыярытэтаў - гэта змяненне замежнапалітычнай стратэгіі. Я глыбока перакананы, што той курс, накіраваны на супрацоўніцтва з Расеяй, які выбраў Лукашэнку, з'яўляецца надзвычай памылковым. Ён не прыносіць Беларусі нічога, акрамя чарговай пагрозы страты незалежнасці. Для нас прыярытэтам з'яўляецца Еўрапейскі Звяз, эканамічнае ды палітычнае супрацоўніцтва з Еўропай. Тыя дамовы з РФ, якія падпісаў Лукашэнка ў палітычнай, эканамічнай і вайсковых сферах, павінны быць перагледжаны.

Яшчэ адзін важны кірунак – гэта вяртанне людзям права выбару. Гэта азначае ўвядзенне заканадаўчых механізмаў, якія будуць абараняць кожны голас на выбарчых кампаніях усялякага ўзроўню. Акрамя права на рэальны ўдзел у кіраванні краінай, людзям павінна быць вернутае права на павагу з боку чыноўнікаў. Гэта азначае наяўнасць незалежнай судовай сістэмы, якая павінна абараняць як кожнага асобнага грамадзяніна, так і бізнэс.

Нельга пакідаць без развязання і праблемы медыцыны і адукацыі ў Беларусі. Ва ўсіх гэтых тэмах у руху "За Свабоду" напрацоўкі ў рамках нашай праграмы, распрацоўкай якой мы акурат і займаліся ў другой палове 2018 года.

- Як вы ацэньваеце настроі ў грамадстве напярэдадні палітычнай кампаніі выбараў прэзідэнта?

- Можна сказаць, што ў Беларусі наспела не толькі патрэба перамен, але і чаканне перамен з боку грамадства. Людзі, якія калісьці верылі абяцанням Лукашэнкі пабудаваць «развітую эканоміку», пераканаліся, што на гэта ў яго няма ні здольнасцяў, ні палітычнай волі.

Тая мадэль, якая існавала ўсе гэтыя гады, дае ўсё большы і большы збой, бо Расея выстаўляе ўсё больш цяжкія палітычныя рахункі за фінансавую падтрымку дзейнага рэжыму.

Кожны чалавек адчуў гэта на сабе, бо няма не толькі шмат разоў абяцаных заробкаў, але ўлада яшчэ і пачынае залазіць у кішэні да людзей - асабліва да тых, хто з розных прычын не можа знайсці працу ў Беларусі.

Натуральна, што гэта выклікае ў людзей абурэнне і можа прывесці да сацыяльнага выбуху. Ніхто ўжо не звязвае з дзейным рэжымам надзеі на паляпшэнне ўзроўню жыцця.

І тут узнікае пагроза ўжо іншага кшталту: значная частка грамадства пачынае глядзець у бок Расеі і прэзідэнта Пуціна як «эфектыўнага кіраўніка». І ў гэтым – віна не нашых людзей, а дзейнага рэжыму, які дапускае засілле расейскай прапаганды ў Беларусі. Гэта, дарэчы, яшчэ адно пытанне, якім трэба заняцца найперш - абмежаваць расейскі інфармацыйны ўплыў у нашай краіне.

- Што вы маеце намер рабіць у выпадку перамогі на праймерыз?

- Перакананы, што абранне адзінага кандыдата ўзмоцніць пазіцыі дэмакратычнага лагера ў Беларусі. Гэта будзе дастаткова моцны крок для таго, каб прыцягнуць увагу беларускага грамадства і разлічваць на большы ўзровень падтрымкі.

Як паказвае тактыка папярэдніх выбарчых кампаній, сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты - задача няпростая. Думаю, што сёння ніводная з палітычных структур няздольная зрабіць гэта па-асобку. Такія кандыдаты вымушаныя будуць альбо прызнаць сваё фіяска, як было на «выбарах» 2015 года, альбо пайсці на ўгоду з адміністрацыяй Лукашэнкі, якая залічыць ім фальшывыя подпісы. Але такія «кандыдаты» проста будуць адпрацоўваць план уладаў.

Яшчэ адзін важны момант, чаму правацэнтрысцкая кааліцыя пастанавіла вылучыць кандыдата на выбарах: павінна быць выразная каштоўнасная альтэрнатыва Лукашэнку. На прыкладзе мінулых кампаній мы ўбачылі, што ўлады здольныя выстаўляць «кандыдатаў» на падтанцоўцы: некаторыя з іх маюць адкрытыя прарасейскія погляды, некаторыя маскуюцца пад «апазіцыю», але пры гэтым іх кампаніі накіраваныя на абслугоўванне інтарэсаў «кандыдата» ад улады.

Мы разлічваем на магутны голас тых людзей, якія мяркуюць, што ў краіне павінна быць альтэрнатыва Лукашэнку. І на падтрымку гэтай альтэрнатывы з боку беларусаў і міжнароднай супольнасці.

- Як вы мерыцеся змагацца за галасы сваіх выбарцаў?

- Сітуацыя пакажа, як будуць развівацца падзеі, і як варта дзейнічаць. Я не выключаю ніводнага з варыянтаў. Але самы важны чыннік - актыўнасць саміх людзей. Важна, каб людзі перамаглі свой страх і знайшлі магчымасць выйсці на вуліцы і адкрыта заявіць пра сваю нязгоду з фальсіфікацыямі.

Які гэта будзе варыянт абароны свайго выбару - загадваць рана. Я не выключаю ўсялякіх магчымасцяў. Вядома, мы арыентуемся на тое, што пратэсты будуць насіць мірны характар. Аб эфектыўнасці мірных пратэстаў гаворыць і досвед іншых краін, у тым ліку былых савецкіх рэспублік. Там мірныя пратэсты ўжо прывялі да перамен.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках