24 красавiка 2024, Серада, 7:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У суд - праз 1,74 рубля

29
У суд - праз 1,74 рубля

Крама патрабуе грошы за выпадкова пабітую бутэльку.

Жыхарка Баранавічаў Ірына неспадзявана закранула бутэльку піва ў гандлёвым цэнтры, і тая разбілася. Крама патрабуе аплаціць шкоду, а жанчына ўпэўненая, што грошы з яе спрабуюць атрымаць незаконна: ні намеру сапсаваць маёмасць, ні яе віны ў тым, што здарылася няма, піша intex-press.by.

«Нават не зразумела, як гэта адбылося»

Ірына распавядае, што ўвечары 29 снежня, калі яна выбірала ў гандлёвым цэнтры сок, праз неасцярожнасць зачапіла бутэльку піва.

- Я зрабіла крок назад ад стэлажу з сокамі, каб лепш разгледзець тавар. А ззаду стаяў рэкламны куб з півам, і адна бутэлька з гэтай канструкцыі ўпала і разбілася. Я нават не зразумела, як гэта адбылося, - распавядае жанчына.

Калі Ірына падышла да касы, каб разлічыцца за торт і сок, да яе падышоў прадстаўнік службы аховы і запатрабаваў заплаціць за пабітую бутэльку піва - 1,74 рубля.

- Я нават падумаць не магла, што да мяне будуць нейкія прэтэнзіі, таму што віны маёй у тым, што гэтая бутэлька звалілася, няма. Па-першае, я неспадзявана яе зачапіла, а па-другое, бутэлькі былі выстаўленыя няўстойліва, ніяк не агароджаныя. Толькі на гэтых разбітых бутэльках крама можа зрабіць бізнэс, - кажа жанчына.

Плаціце, інакш - суд

Плаціць за пабітую бутэльку з півам Ірына адмовілася. Тады яе папрасілі прайсці ў кабінет аховы гандлёвага цэнтра, дзе яна правяла цэлую гадзіну.

- Ахоўнік выклікаў міліцыю. Калі яна прыехала, мы ўсе разам паглядзелі запіс з камеры відэаназірання, дзе было добра відаць, што бутэлька пабілася выпадкова, не з маёй віны. Міліцыянты таксама сказалі, што ў маіх дзеяннях намеру шкодзіць маёмасць не было. Але ахоўнік патрабаваў, каб я падала свае асабістыя звесткі для складання акта. Я спачатку не згаджалася, але потым, калі міліцыянты сказалі, што могуць затрымаць мяне на тры гадзіны для высвятлення асобы, я гэтыя звесткі падала, - распавядае Ірына.

У пачатку студзеня Ірына атрымала пісьмовую прэтэнзію з гандлёвага цэнтра з просьбай аплаціць кошт пашкоджанага тавару. «У адваротным выпадку для абароны сваіх законных правоў і інтарэсаў мы вымушаны будзем звярнуцца ў суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы з пазовам аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, што прывядзе да дадатковых выдаткаў для Вас у выглядзе судовых выдаткаў», - напісана ў лісце.

9 студзеня Ірына яшчэ раз паспрабавала ўрэгуляваць пытанне з адміністрацыяй гандлёвага цэнтра, але нічога не дамаглася.

- Довадаў, што маёй віны ў тым, што адбылося няма, супрацоўнікі цэнтра і слухаць не жадалі. Іх пазіцыя такая: ці аплачвайце, ці мы пададзім ў суд, і плаціць вам усё роўна давядзецца, толькі нашмат больш, - распавядае Ірына.

Ад падрабязных каментароў з гэтай нагоды ў гандлёвым цэнтры адмовіліся.

- У прэтэнзіі мы ўсё патлумачылі. Іншых каментарыяў мы даваць не будзем. Любы грамадзянін, які пашкодзіў маёмасць і нанёс матэрыяльную шкоду юрыдычнай асобе, абавязаны яе аплаціць у адпаведнасці з артыкулам 933 Грамадзянскага кодэкса, - адказалі Intex-press.

Ці вінаватая

Згодна з пунктам 1 артыкула 933 Грамадзянскага кодэкса шкода, прычыненая маёмасці юрыдычнай асобы, сапраўды падлягае кампенсацыi ў поўным аб'ёме асобай, якая прычыніла шкоду. Аднак юрыст і рэдактар сайта Statut.by Аляксандр Горбач звяртае ўвагу на тое, што пункт 2 гэтага артыкула абвяшчае: асоба, што ўчыніла шкоду, вызваляецца ад аплаты шкоды, калі давядзе, што шкода нанесеная не з яе віны.

- Прадавец мае права звярнуцца ў суд з пазовам аб спагнанні шкоды, прычыненай пакупніком, падаўшы ў суд довады прычынення шкоды гэтым пакупніком. Пры гэтым віна пакупніка прэзюмуецца, гэта значыць не прадавец павінен будзе даводзіць, што ў дзеяннях пакупніка была віна, а пакупнік будзе вызвалены ад адказнасці, калі давядзе, што шкода нанесеная не з ягонай віны, - кажа Аляксандр Горбач.

Юрыст раіць пакупнікам загадзя паклапаціцца пра такія довады: узяць кантактныя звесткі сведак, запытаць інфармацыю з камер відэаназірання, зрабіць фатаграфіі, бо ў адваротным выпадку давесці сваю невінаватасць будзе немагчыма.

У Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў кажуць, што ў гэтым выпадку адназначна меркаваць аб вінаватасці або невінаватасці пакупніцы, не бачачы нават запісу з камеры відэаназірання, складана.

- Калі жанчына, да прыкладу, размахвала торбай, і бутэлька пабілася праз гэтага, кампенсаваць шкоду ёй давядзецца. Калі ж у гандлёвым цэнтры «пакутуе» выкладка тавараў (напрыклад, яны размешчаны няўстойліва), то пакупнік, які неспадзявана закрануў і разбіў такія тавары, адказнасці не нясе. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна. Калі справа дойдзе да суда, суд разбярэцца ва ўсіх нюансах і ўсталюе, ці ёсць віна пакупніцы ў пашкоджанні маёмасці або няма, - кажа Ганна Суша, старшыня Беларускага таварыства абароны правоў спажыўцоў.

Аплачваць шкоду краме Ірына не мае намеру.

- Я разумею, што 1,74 рубля - гэта зусім невялікія грошы. Але, з іншага боку, калі маёй віны ў тым, што здарылася няма, чаму я павінна плаціць? - кажа жанчына.

У якіх выпадках у пакупнікоў больш шанцаў давесці сваю невінаватасць за разбіты тавар у судзе

- калі ў краме вельмі вузкія праходы, што не адпавядаюць нормам;

- калі праходам застаўлены скрынкамі або іншымі прадметамі;

- калі ў краме мокры пол, пакупнік паслізнуўся і выпусціў тавар;

- калі тавар няўстойліва размешчаны на стэлажы;

- калі тавар зваліўся са стужкі на касе.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках