28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Беларусы маглі б ездзіць у Куршавэль, але вымушаныя плаціць за пазыкі Лукашэнкі

15
Леанід Заіка: Беларусы маглі б ездзіць у Куршавэль, але вымушаныя плаціць за пазыкі Лукашэнкі

Сусветны банк адзначыў, што у 2019 годзе Беларусь трапляе ў зону асаблівай фінансавага рызыкі.

Рост УБП замарудзіцца, а ў Беларусі існуюць асаблівыя фінансавыя рызыкі. Такі неаптымістычны прагноз выдаў Сусветны банк у сваім студзеньскім аглядзе пад назвай «Перспектывы сусветнай эканомікі. Азмрочаныя перспектывы», паведамляе «Белсат».

Ці ўсё так змрочна, і наша краіна - асаблівая?

Паводле прагнозу Сусветнага банка, у гэтым годзе ўнутраны брута прадукт вырасце толькі на 2,7%, у наступныя два гады - на 2,5%. Розніца паміж гэтым прагнозам і ацэнкай урада - 1-1,5%.

«Гэта вельмі істотная велічыня. У 2018 годзе ў нас рост тры з гакам адсоткі. Уявіце сабе, калі прыбраць траціну або нават палову гэтага эканамічнага росту. Шмат не застанецца», - кажа эканамічны аглядальнік «Белсата» Станіслаў Івашкевіч.

А таму выяўленая розніца не проста статыстычная лічба. Гэта два розныя шляхі - або рост заробкаў, або стагнацыйнае развіццё, пераконваюць экспэрты.

Дадаткова Сусветны банк асцерагае Беларусь перад спыненнем або замаруджваннем структурных рэформаў. Маецца на ўвазе, змяншэнне ўмяшання дзяржавы ў эканоміку, якое сапраўды адбываецца, хоць і не вельмі актыўна.

«Уся гэтая гісторыя, яна недзе ўжо гадоў 20 свісціць, ляціць. Яны прыязджаюць, кажуць, дайце рэформы. Мясцовыя чыноўнікі кажуць, рэформы не трэба – народ не хоча. Народ увогуле маўчыць, нічога не хоча. Толькі есці хоча. За кошт расейскай нафты», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Зрэшты, менавіта прывязанасць да расейскай нафты і абваліла айчынны ВУП у 2015-ым. Сусветная цана на чорнае золата ўпала, абрынуўся рээкспарт нафтапрадуктаў, расейскі рынак, на які арыентаваная Беларусь, – абваліўся. Нашая эканоміка дагэтуль не пераадолела таго падзення.

«Цалкам магчыма, што ў найбліжэйшыя гады мы перажывем падобны крызіс, бо ў сувязі з запавольваннем сусветнай эканомікі будзе падаць і цана на нафту. Яна ўжо зменшылася амаль удвая за апошні квартал, і калі яна будзе працягваць змяншацца, то мы ўжо сёлета можам зазнаць вострыя крызісныя праявы», – працягвае Станістлаў Івашкевіч.

Сярод нашага рэгіёну Сусветны банк адзначыў Беларусь як краіну, якая мае значную запазычанасць у чужой валюце, што таксама стварае магчымыя вышэйшыя рызыкі ў фінансавай сферы.

«У 2019 годзе, уважліва слухайце, каля 4 мільярдаў трэба будзе аддаваць. На гэтыя грошы мы маглі б спакойна ездзіць у Куршавэль, катацца, кожная дзясятая сям’я. Ну набралі, набраў прэзідэнт, набралі ягоныя каманды прафесійныя. А разлічвацца будуць беларусы», – дадае Леанід Заіка.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках