29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праграмнае забеспячэнне з Расеі пагражае бяспецы

7
Праграмнае забеспячэнне з Расеі пагражае бяспецы

У кампутарах і на сэрверах могуць хавацца вірусы, якія чакаюць свайго часу.

Літоўскія дзяржаўныя ўстановы звыкла выкарыстоўваць праграмнае забеспячэнне, якое распрацаванае расейскімі кампаніямі і нясе прамую пагрозу для бяспекі. Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў літоўскі эксперт у кібербяспецы Марус Парашчус.

– Як Вы ацэньваеце тое, што ў такіх літоўскіх дзяржаўных установах, як дэпартамент паліцыі або Банк Літвы, выкарыстоўваюцца камп'ютарныя праграмы расейскіх IT кампаній, у якіх могуць быць сувязі з Крамлём?

– Негатыўна. На маю думку, выкарыстанне падобных кампутарных праграмаў можа скончыцца тым, чым скончылася ва Украіне. Нагадаю, летась вірус NotPetya літаральна паралізаваў працу часткі ўкраінскай інфраструктуры – банкаў, аэрапортаў, чыгункі, пацярпелі і прыватныя кампаніі. Шкода ад гэтага віруса ў свеце – некалькі мільярдаў даляраў.

– Якім чынам можна выкарыстоўваць падобныя праграмы і чым гэта пагражае для Літвы?

– Перш за ўсё давайце пачнем з таго, што падобныя праграмы пагражаюць бяспецы Літвы, пагражаюць яе эканоміцы, нарэшце жыццю грамадзянаў. Усе тыя праграмы, пра якія мы з вамі гаворым і аўтарства якіх належыць, напрыклад, расейскай кампаніі 1C або ABBYY, выкарыстоўваюць абнаўленні, якія яны атрымліваюць праз інтэрнэт. Расейскім спецслужбам не складзе вялікай працы мадыфікаваць гэтыя абнаўленні так, каб на сэрверы дзяржаўных літоўскіх установаў трапіў вірус.

Горш за ўсё, што гэта праграмнае забеспячэнне, пра якое мы гаворым, выкарыстоўваецца ўжо добры дзясятак гадоў, таму я параўнаў бы цяперашняе становішча з тым, што мы знаходзімся ля заведзенай бомбы.

Вельмі магчыма, што ў кампутарах і на сэрверах недзе хаваюцца вірусы, якія чакаюць свайго часу, каб, напрыклад, знішчыць інфармацыю, паралізаваць рух аўтатранспарту або працу аэрапортаў. Увогуле, варыянтаў тут шмат і трэба ўжо цяпер рабіць захады.

– Што можна зрабіць, каб арганізаваць бяспеку інфармацыі, з якой працуюць дзяржаўныя ўстановы і прыватныя кампаніі Літвы?

– Перш за ўсё адмовіцца ад выкарыстання сумнеўнага праграмнага забеспячэння, тым больш такога, да якога без асаблівых праблемаў могуць атрымаць доступ расейскія спецслужбы.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках