У Фінляндыі праходзіць спецаперацыя супраць кампаніі, імаверна звязанай з расейцамі
2- 23.09.2018, 17:07
- 12,122
Кампанію падазраюць у адмыванні грошай.
Улады Фінляндыі ў суботу пачалі маштабную паліцэйскую аперацыю, падчас якой прайшлі ператрусы ў зарэгістраванай у Фінляндыі кампаніі, падазраванай у адмыванні грошай.
Як паведамляе eurointegration.com са спасылкай на Yle, у спецаперацыі ў архіпелагу Турку і рэгіёне Варсінай-Суомі прынялі ўдзел больш за сто прадстаўнікоў праваахоўных органаў.
Падчас аперацыі паліцэйскія абшукалі дамы, а таксама офісы зарэгістраванай у Фінляндыі кампаніі, уладальнікі якой знаходзяцца ў іншай краіне Еўразвязу. Ператрусы праходзілі прыкладна ў дзесяці месцах. Паліцыя не раскрывае назва кампаніі, аднак паводле звестак фінскіх СМІ гэта кампанія Airiston Helmi.
Цэнтральная крымінальная паліцыя падазрае, што фірма займалася адмываннем грошай у асабліва буйных маштабах, а таксама выкарыстоўвала для працы нелегалаў. Фірма магла правесці фінансавыя махінацыі на некалькі мільёнаў еўраў.
У аперацыі крымінальнай паліцыі дапамагаў берагавы патруль і паліцэйская служба рэгіёну Варсінайс-Суомі. Над тэрыторыяй распаўсюдзілі забарону на палёты.
Падчас аперацыі канфіскавалі матэрыялы і дапыталі семярых чалавек, з якіх двое былі затрыманыя. Сярод дапытаных - грамадзяне некалькіх краін. Раніцай у нядзелю паліцыя паведаміла яшчэ аб адным затрыманні.
Раней сёлета фінскія СМІ паведамілі пра тое, што ў кампаніі, звязанай з расейцамі, былі праблемы з фінскімі ўладамі. Яна падавала турыстычныя паслугі з парушэннем атрыманага ад фінскіх уладаў дазволу на будаўніцтва.
Паліцыя адмовілася пацвердзіць, ці прайшлі ператрусы менавіта ў гэтай кампаніі.