24 красавiка 2024, Серада, 19:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты-фрылансеры Паўночных краін Еўропы падтрымалі беларускіх калег

Журналісты-фрылансеры Паўночных краін Еўропы падтрымалі беларускіх калег

Прафесійныя аб'яднанні журналістаў Скандынавіі выступілі ў абарону свабоды слова ў Беларусі.

У швэдскім горадзе Мальмё прайшла штогадовая канферэнцыя журналістаў-фрылансераў Паўночных краін Nordic Freelance 2018. Удзельнікі канферэнцыі прынялі заяву ў падтрымку беларускіх калег з патрабаваннямі да ўладаў Беларусі неадкладна спыніць пераслед незалежных журналістаў за іх прафесійную дзейнасць і стварыць нармальныя прававыя ўмовы для працы, паведамляе сайт ГА «БАЖ».

У штогадовай канферэнцыі Nordic Freelance ўдзельнічалі журналісты-фрылансеры са Швэцыі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі. Беларуская асацыяцыя журналістаў была запрошаная да ўдзелу як партнёр швэдскай арганізацыі Frilans Syd. ГА «БАЖ» прадстаўлялі юрыстка Вольга Сяховіч і журналістка-фрылансерка з Гомеля Ларыса Шчыракова.

Прадстаўнікі ГА «БАЖ» распавядалі аб сітуацыі з фрылансам у Беларусі: прававыя ўмовы для працы, статыстыка, якая адлюстроўвае стаўленне ўладаў да журналістаў-фрылансераў, а таксама аб асабістым досведзе працы ў гэтай сферы.

Са слоў Вольгі Сяховіч, адна з прысутных журналістак пасля гэтых выступаў заўважыла, што яна «ведала пра існаванне аўтарытарных уладаў у свеце. Але не думала, што яны могуць быць так блізка».

Вольга Сяховіч нагадала, што міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» у рэйтынгу «індэкс свабоды прэсы» паводле вынікаў 2018 года адвяла Беларусі 155-е месца са 180-ці. У той жа час Нарвегія і Швэцыя займаюць у гэтым рэйтынгу першае і другое месцы адпаведна.

І, калі журналістаў-фрылансераў Швэцыі і Нарвегіі хвалююць пытанні заробкаў журналістаў, камунікацыі, узаемастасункаў у грамадстве, то перад беларускімі журналістамі стаіць пытанне аб магчымасці працаваць у прынцыпе.

Заява Nordic Freelance 2018

Пераслед фрылансераў у Беларусі нясе пагрозу і свабодзе слова, і асабістаму жыццю журналістаў. Накладанне штрафаў на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, парушае міжнародныя законы аб свабодзе прэсы і права на доступ да інфармацыі.

У 2017-м годзе беларускіх журналістаў аштрафавалі 69 разоў, і сёлета ўжо было накладзена 76 штрафаў. Лічбы паказваюць пагаршэнне становішча журналістаў-фрылансераў у Беларусі. Судовы пераслед фрылансераў за супрацоўніцтва з СМІ без акрэдытацыі павялічыўся. Агульная сума штрафаў на падставе арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях склала ўжо звыш 25 тысяч еўраў у эквіваленце. З пачатку года адбылося больш за 76 судоў.

Мы, як арганізацыі фрылансераў у Скандынаўскіх краінах, моцна занепакоеныя сітуацыяй фрылансераў у Беларусі.

Мы, удзельнікі Скандынаўскай канферэнцыі фрылансераў у Мальмё, Швэцыя, заклікаем беларускія ўлады:

- не пераследаваць журналістаў за выкананне іх абавязкаў;

- неадкладна спыніць пераслед фрылансераў за іх прафесійную працу;

- дапоўніць заканадаўства, каб гарантаваць роўныя правы ўсім журналістам, згодна з міжнароднымі стандартамі і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі.

Падпісант:

Frilans Riks, адгалінаванне фрылансераў «швэдскага Саюза журналістаў»

SFJ, «Фінская асацыяцыя журналістаў-фрылансераў» у Фінляндыі

FAO, «Хартыя фрылансераў Саюза тэле - і радыёжурналістаў» у Фінляндыі

NJ Frilans, у рамках «нарвежскага Саюза журналістаў»

FrilansGruppen, у рамках «дацкага Саюза журналістаў»

Нагадаем, што 24 студзеня рэжым Лукашэнкі заблакаваў незалежны інфармацыйны рэсурс Charter97.org. Блакаванне пацвердзіў першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Міністэрства інфармацыі ўзначальвае Аляксандр Карлюкевіч.

Абысці блакаванне можна і вось інструкцыі:

- Самы просты спосаб чытаць «Хартыю'97»

- Як абысці блакаванне сайта «Хартыя-97»

- Як абысці блакаванне сайта на Android і iOS

- Памяняйце DNS на сваім кампутары і чытайце Хартыю

- Чытайце «Хартыю-97» у сацыяльных сетках.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках