20 красавiка 2024, Субота, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БГК выявіўся мацнейшым за пераможцу Лігі чэмпіёнаў: пяць фактараў сенсацыі

1
БГК выявіўся мацнейшым за пераможцу Лігі чэмпіёнаў: пяць фактараў сенсацыі

У спісе перамог берасцейскага клуба папаўненне: да «Райн Лёвен», «Вардару», «Вівэ», «ПСЖ» далучыўся «Манпелье».

Выданне pressball.by называе 5 фактараў сенсацыйнай перамогі БГК імя Мяшкова над «Манпелье».

1. Хуткасць

Напярэдадні матчу Манола Кадэнас называў «Манпелье», магчыма, самай хуткай камандай у сучасным гандболе і падкрэсліваў важнасць маланкавага вяртання ў абарону. Афіцыйны сайт ЕГФ чамусьці некарэктна вядзе падлік разнастайных статыстычных паказчыкаў, звязаных з хуткасцю. Але нават без лічбаў, зыходзячы з адных толькі глядзельных уражанняў зразумела: БГК быў хутчэйшым за французскі клуб! Ён часцей кідаўся ў контратакі, імклівей вяртаўся ў абарону, як мінімум з тым жа эфектам, што і спаборнік, разыгрываў «хуткі цэнтр». «Манпелье» меў перавагу ў хуткасці толькі на старце матчу. Але некалькі промахаў з выгадных сітуацый прытармазілі гасцей, і далей у адрыў пайшлі ўжо берасцейцы. Улічваючы, хто ім супрацьстаяў, проста фенаменальна!

2. Абарона

Такім чынам, зыход матчу вызначаўся ў іншай фазе гульні - пазіцыйнай. І тут ужо за справу ўзялася берасцейская абарона. Год таму прыкладна гэтак жа яна пазбавіла звыклага камфорту польскі «Вівэ». Як і тады, феерычны матч выдалі цэнтральныя абаронцы Горак і Пацека (выгляд быў добры яшчэ і ў атацы). Удала страхавалі ды трымалі сваіх апанентаў «другія»: Шыловіч, Абрановіч... Ды і агулам берасцейцы працавалі хутка, выразна і натхнёна, даводзячы, што абарона - таксама творчасць.

Што да атакі, то з герояў стартавага матчу з «Крысціянстадам» такую феерыю прадэманстраваў толькі Джукіч. Але нічога: Абрановіча і Шкурынскага ў якасці здабытчыкаў галоў, пасаў і іншых выгод змянілі Кулак і Джорджыч.

А перахопы Юрынка і Разгора! А надзейнасць Івіча! Гэта быў менавіта той выпадак, калі ў перамогу, хай і ў рознай ступені, уклаўся абсалютна кожны.

3. Пешыч

Шкада, што мяч берасцейскага галкіпера ад брамы да брамы, закінуты пад самую фінальную сірэну, у выніку не залічылі. Гэта быў бы прыгожы сімвал вечара. Але і без яго відавочна: узнагароду MVP Пешычу ўручылі цалкам заслужана. У «рамцы» ён выявіўся больш эфектыўным за самога Жэрара, найлепшага брамніка пераможнага для французаў чэмпіянату свету-2017 (41 адсотак надзейнасці супраць 32). Гэты трыумф адбыўся шмат у чым на незлічоных сэйвах харвата. На фінішы мінулага сезону Іван перажыў невытлумачальны спад. Але на старце новага мы зноў убачылі таго Пешу, якога выдатна ведаем.

4. Трэнерскі штаб

Пералічваючы герояў, нельга забыць і пра Манола Кадэнаса з асістэнтамі Раулем Алонса і Раланда Пушнікам. У гэты вечар у іх выкананні было да месца абсалютна ўсё. І тайм-аўт у пачатку першага тайма, які збіў парыў «Манпелье» і супакоіў гульцоў БГК. І механізм ратацыі, які выявіўся блізкім да ідэальнага. І, зрэшты, Джорджыч, выпушчаны пад гол у найважнейшай атацы ў канцоўцы. Што б ні рабіў у суседняй тэхнічнай зоне Патрыс Канае, на ўсё ў берасцейскай лаўкі знаходзіўся адказ. Кадэнаса і ягоны штаб - з першай вялікай перамогай на чале БГК!

5. Кадравыя праблемы спаборніка

Калі адсунуць эмоцыі ў бок, трэба прызнаць: суботні вечар быў, магчыма, найлепшым часам для таго, каб спляжыць уладальніка тытула. Шанцы БГК павялічвалі новыя кадравыя абставіны спаборніка.

Адпусціць у міжсезонне лінейнага Фабрэгаса ў «Барсу» - значыць, безумоўна, стаць слабейшым, але гэта толькі адзін гулец з залатога складу. Пазбавіцца праз траўму легендарнага левага крайняга Гігу - таксама не спрыяла перамозе, але на гэтай пазіцыі можа згуляць ледзь не палова каманды. Аднак страціць напярэдадні паездкі ў Берасце яшчэ і літоўскага паўсярэдняга Трухановічуса, які пашкодзіў калена...

Гэта ўжо па-сапраўднаму сур'ёзна. Гэта, мяркуй, мінус палова стартавай сямёркі, якая зрабіла «Манпелье» наймацнейшым клубам Еўропы. І гэта адсутнасць адразу двух асноўных цэнтральных абаронцаў...

Пры такіх абставінах ключавой задачай берасцейцаў было перакрыць зорны правы фланг атакі прадстаўнікоў поўдня: Порта, Рычардсана, Каўтычніка — і іх памочніка Дыега Сіманета. Агулам здолелі! І гэта таксама адна з прычын суботняй феерыі, якая прыкметна падвысіла шанцы БГК на выхад з «групы смерці».

Ліга чэмпіёнаў. Група «А»

БГК ім. Мяшкова (Берасце, Беларусь) — Манпелье (Францыя) — 26:23 (13:10)

Берасце. Палац спорту «Вікторыя» імя А. П. Мяшкова. 3500 гледачоў.

БГК-Пешыч, Мацкевіч (н.в.); Кулак (2), Шкурынскі (2), Юрынок (3), Пацека (4), Ш. Івіч (3), Баранаў (1), Горак, С. Разгор (1), Абрановіч, Сельвесюк (1), Джукіч (4/1), Джорджыч (4), Куран (н. в.), Шыловіч (1).

Манпелье — Жэрар, Портнер (н.в.); в. Сіманет (4), Касэ (н. в.), Грэбій (3), Ф. Петэрсан, Рычардсан (1), Каўтычнік (2/1), Банфон (1), Фастэн (н. в.), Порт (6), Бінга (1), Афгур (2), Сусі, Мамдух (3).

Як гулялі спаборнікі. 22.09. Вардар (Македонія) — Крісціанстад (Швэцыя) — 33:25 (19:10). Вівэ (Польшча) — Райн Лёвен (Нямеччына) — 35:32 (17:17). Барселона (Гішпанія) - Веспрэм (Вугоршчына) — 31:28 (17:14).

Становішча каманд: 1. Вардар — 4 балы (2 матчы). 2. БГК ім. Мяшкова-4 (2). 3. Вівэ - 2 (2). 4. Барселона - 2 (2). 5. Веспрэм - 2 (2). 6. Райн Лёвен - 2 (2). 7. Манпелье-0 (2). 8. Крысціянстад-0 (2).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках