29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка падпісаў капітуляцыю на ўсіх франтах

42
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка падпісаў капітуляцыю на ўсіх франтах

Толькі змена рэжыму прывядзе да рэальнага развіцця Беларусі.

Пасля сустрэч з Лукашэнкам у Сочы Пуцін прызначыў новым паслом і сваім спецпрадстаўніком у Беларусі Міхаіла Бабіча. Раней у СМІ з'яўлялася інфармацыя аб падрыхтоўцы гэтага прызначэння, а таксама аб тым, што МЗС Беларусі не атрымлівала запыт на агрэман Бабіча.

Сітуацыю для сайта Charter97.org каментуе лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

- Як вы пракаментуеце гэта прызначэнне – пасля закулісных перамоваў без журналістаў і на фоне адмаўлення МЗС папярэдняга ўзгаднення запыту на агрэман?

- Я цалкам дапускаю, што і не было ніякага запыту на агрэман. Таму што пасольства Расеі ў Беларусі, як і амбасаду Беларусі ў Расеі, вельмі складана назваць дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі. Яны займаюцца ўсім, чым заўгодна, акрамя дыпламатыі. Таму мела месца звычайная практыка, калі два дыктатары дамаўляюцца без усялякіх фармальнасцяў, без выканання нават бачнасці прыстойнасці.

У гэтым выпадку дамоўленасць была нават не «ўзаемнай». Проста ў загадным парадку прадэманстравалі постаць Бабіча і сказалі: вось, ён будзе амбасадарам – і ўсё.

Гэта досыць прыніжальная сітуацыя для Беларусі, а для Лукашэнкі, напэўна, звыклая.

- Бабіч праходзіў вайсковую службу ў ВДВ і КДБ. З лістапада 2002 да лютага 2003 года быў старшынём урада Чачэніі. У 2016 годзе быў прызначаны паслом ва Украіне, але Кіеў адмовіўся ўзгадніць ягоную кандыдатуру. Што можа азначаць для Беларусі прызначэнне амбасадарам чалавека з такім паслужным спісам?

- Гэтая вайскова-кдбшная лінія даўно ўжо ўзмацняецца і зразумела адчуваецца ў прадстаўніцтвах дзвюх дзяржаў.

Калі працягнуць лагічную лінію, звязаную з тым, што гэта – не консульства, а своеасаблівыя пункты двух злачынных рэжымаў, то атрымліваецца, што проста даслалі наглядчыка. Адны бандыты з Крамля даслалі наглядчыка ў Менск, які, напэўна, прыедзе з нейкім даручэннем. З даручэннем, хутчэй за ўсё, не зусім зручным для дыктатара Лукашэнкі.

Паколькі эканамічнае становішча, у якое Лукашэнка загнаў краіну, становіцца ўсё больш складаным, то, вядома ж, Расея будзе гэтым карыстацца. Перш за ўсё – для ўзмацнення прысутнасці ва ўсіх абласцях Беларусі, каб забраць сабе ў плане ўласнасці усё, што засталося на тэрыторыі нашай краіны.

- Спалучэнне пасады амбасадара і спецпрадстаўніка – ці ёсць прыклады таго? Што гэта будзе азначаць для нашай краіны на практыцы?

- Па-першае, усе паслы Расеі ва Украіне і Украіны ў Расеі былі адначасова і спецпрадстаўнікамі гэтых кіраўнікоў дзяржаў. У Беларусі ж такой практыкі раней не было – і гэта звяртае на сябе ўвагу. Гэтак жа, як і звяртае на сябе ўвагу той факт, што Лукашэнка адразу ж зняў свайго амбасадара ў Расеі Ігара Петрышэнку, даўшы яму пасаду ва ўрадзе. Значыць, ён цяпер узмоцнена думае над «зваротным ходам».

Але, паўтаруся, да дыпламатыі гэта не мае ніякага дачынення. Гэта мае дачыненне да крымінальных схем, якімі займаюцца прадстаўніцтвы злачынных рэжымаў. Такі іх характар пацвярджаюць здарэнні ў розных частках свету – напрыклад, выяўленне какаіну ў дыпламатычнай пошце РФ у Аргенціне . Думаю, злачынны бізнэс карыстаецца гэтымі так званымі «пасольствамі» для «прыкрыцця» разнастайных брудных схем. Тое ж самае адбываецца і пад дахам расейскай амбасады ў Беларусі – я ў гэтым упэўнены.

Тое, што Бабіч – фігура неадназначная, як раз пацвярджае асаблівы характар так званых «дыпламатычных прадстаўніцтваў» пры дыктатурах. У тым, што ён будзе заўзята бараніць інтарэсы Крамля, я нават не сумняваюся. Як і ў тым, што ён будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі.

Лукашэнка падпісаў сабе капітуляцыю на ўсіх франтах. Я маю на ўвазе і эканамічны, і палітычны ўнутры краіны, дзе яго проста ўжо не выносяць. А цяпер да гэтага дадалася і фармальная здача суверэнітэту.

- Якія высновы можна зрабіць з усёй гэтай сітуацыі?

- Расея адданая сваёй палітыцы, якая сфармавалася пры Пуціне. Адзін з важных момантаў гэтай палітыкі – непрызнанне самастойнасці беларускай дзяржавы. Але і Лукашэнка праводзіць такую ж палітыку. Не трэба цешыць сябе, што ў нас за гэтым рэжымам ёсць нейкія шанцы абараніць краіну.

Толькі змена рэжыму можа прывесці да рэальнага развіцця Беларусі.

Шырока вядома выказванне: тое, што не дарабіў рускі штык, даробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп.

Вось цяпер давайце паглядзім, якую палітыку праводзіць Лукашэнка. Ён і штыкі вітае на нашай тэрыторыі (я маю на ўвазе такія маштабныя манеўры, як «Захад-2017»). І расейскія чыноўнікі ставяць Лукашэнку ўмовы, як сябе паводзіць. І школа ў нас – расейская. І адыёзны расейскі поп прыехаў камандаваць Праваслаўнай царквой Беларусі.

Гэта значыць, Лукашэнка праводзіць палітыку, цалкам адпаведную інтарэсам імперскага Крамля. Пра гэта трэба памятаць і не цешыць сябе, што ён можа хоць неяк абараніць нашы суверэнітэт і незалежнасць. Памятаць – і дамагацца змены рэжыму праз выбары, мірным шляхам.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках