25 красавiка 2024, Чацвер, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кангрэсе ЗША абмяркоўваецца ўвядзенне новых санкцый супраць РФ

6
У Кангрэсе ЗША абмяркоўваецца ўвядзенне новых санкцый супраць РФ

Пасля саміту Пуціна і Трампа рэспубліканцы ў Кангрэсе пастанавілі ажывіць прызабыты законапраект сенатараў Рубіа і ван Холена.

Законапраект, прапанаваны ў Кангрэс яшчэ ў пачатку года, прадугледжвае ўвядзенне санкцый цягам 10 сутак пасля заявы спецслужбаў пра ўмяшанне ў амерыканскія выбары. Увод санкцый не патрабуе нават подпісу прэзідэнта. За апошнія два дні ўжо некалькі уплывовых кангрэсмэнаў выказаліся за разгляд законапраекта. Сярод іх – лідар рэспубліканцаў у Сенаце Мітч Макконэл, рэспубліканцы Боб Коркер і Чак Граслі, гэтая ж ідэя абмяркоўвалася і на кансерватыўным тэлеканале Fox, паведамляе «Голас Амерыкі».

«Мы ўжо ўвялі санкцыі, – пракаментаваў сітуацыю спікер Палаты прадстаўнікоў і трэці чалавек у дзяржаве Пол Раян. – Калі камітэт міжнародных стасункаў, фінансавы або банкаўскі камітэты мяркуюць, што дарэчныя і іншыя санкцыі, якія мы яшчэ не ўвялі ў дачыненні да Расеі, я больш чым гатовы іх разгледзець».

Сярод ідэй, выкладзеных у законапраекце Рубіа і ван Холена, асабліва жорсткімі выглядаюць тыя, якія датычацца непасрэдна Расеі. У выпадку ўмяшання Крамля аўтары прапануюць замарозіць усе амерыканскія актывы расейскіх дзяржбанкаў, энэргетычных і абаронных кампаній, а таксама асобаў, якія фігуруюць у «Крамлёўскім спісе» (а гэта – найбагацейшыя людзі не толькі Расеі, але і ўсяго свету). Акрамя таго, плануецца забараніць амерыканскім інвестарам працаваць з расейскай дзяржпазыкай.

Ёсць у гэтага закона і крытыкі. Сярод іх – былы дыпламат Дэніэл Фрыд, які быў адным з аўтараў ужо ўведзеных антырасейскіх санкцый.

«Законапраект будзе мець непрыемныя глабальныя эканамічныя наступствы, – заявіў Фрыд у блогу на сайце паліталагічнага цэнтра Atlantic council. – Амерыканскія інвестары будуць выцесненыя з рынкаў. Будуць узбударажаныя энэргетычныя рынкі, што нанясе шкоду эканоміцы ЗША і нашым хаўруснікам у Еўропе і Азіі, якія ў значнай ступені залежаць ад расейскіх энэрганосьбітаў, асабліва прыроднага газу. Расеі будзе нанесены сур'ёзны эканамічны ўдар, але і нам таксама».

Дарэчы, заканадаўцы-рэспубліканцы абмовіліся яшчэ пра адну ініцыятыву. Сенатар Коры Гарднер заявіў, што склаў законапраект, які патрабуе ад Дзярждэпартамента ЗША разгледзець магчымасць уключэння Расеі ў спіс краінаў-спонсарак тэрарызму, і сказаў, што спадзяецца на хуткі яго разгляд.

«Чатыры гады таму самалёт малазійскіх авіяліній, на борце якога было блізу трохсот чалавек, быў збіты ракетай, пушчанай з расейскай устаноўкі, сказаў у інтэрв'ю сенатар Гарднер. – Расея заваёўвае тэрыторыі сваіх суседзяў – Грузіі і Украіны, падтрымлівае рэжым Асада (у Сірыі) і нашых ворагаў у Афганістане, вядзе інфармацыйную вайну супраць заходніх дэмакратый, уключаючы ўмяшанне ў амерыканскія выбары. Сёлета яны перайшлі яшчэ адну "чырвоную рысу", атруціўшы двух чалавек на чужой тэрыторыі».

Тым часам эксперты спрачаюцца, ці дасягнулі канкрэтных дамоўленасцяў Трамп і Пуцін на саміце ў Хельсінкі.

Мінабароны Расеі намякнула, што канкрэтыка ў той сустрэчы ўсё ж такі прысутнічала. Паводле заявы ўстановы, яна гатовая да абмеркавання падаўжэння «дамовы СНУ, узаемадзеяння ў Сірыі, а таксама іншых актуальных пытанняў забеспячэння вайсковай бяспекі». Але ў Вашынгтоне на гэты конт – пакуль цішыня. Больш за тое, сёння прадстаўнік Пентагона сказаў тэлеканалу CNN, што перамовы на гэтыя тэмы пакуль не плануюцца.

Няма канкрэтыкі і ад Дональда Трампа. У сераду ў «Твітэры» прэзідэнт ЗША паставіў «дыягназ» сваім праціўнікам, сказаўшы наступнае: «Некаторыя людзі не могуць вынесці той факт, што я паладзіў з прэзідэнтам Расеі Пуціным. Яны хацелі б пачаць вайну, чым бачыць такое. Гэта называецца "сіндромам разладу Трампа"»!

Акрамя таго, у гэтыя дні шырока абмяркоўваюцца зробленыя ў эфіры тэлеканала Fox News заявы прэзідэнта, у якіх ён ставіць пад сумнеў прынцыпы калектыўнай бяспекі, якія ляжаць у аснове NATO. На пытанне – ці павінен амерыканскі салдат ісці абараняць Чарнагорыю? – Трамп адказаў: «Гэта вельмі агрэсіўныя людзі. І калі яны пачнуць праяўляць агрэсіўнасць – віншую, вы ўцягнутыя ў Трэцюю сусветную вайну».

Дэмакраты не збіраюцца мірыцца з тым, што яны ўважаюць сяброўствам Трампа і Пуціна, і дзеля нацыянальнай бяспекі нават гатовыя ўжыць экстранныя захады. Напрыклад, прымусіць даць паказанні ў Кангрэсе перакладніка прэзідэнта ЗША, які прысутнічаў на перамовах у Хельсінкі.

«І гэта толькі тое, што мы бачылі на экранах. Перакладнік павінен неадкладна даць паказанні ў Кангрэсе пра тое, што там было сказана. Калі рэспубліканцы сапраўды абураныя так, як яны паказваюць, яны павінны сёння ж выпісаць (перакладніку) позву», – заявіў сенатар ад штата Луізіяна Джон Кэнэдзі.

А вось былы дырэктар ФБР Джэймс Комі – адмаўляецца верыць рэспубліканцам. У сваім твіце ён напісаў, што рэспубліканскі Кангрэс даказаў сваю няздатнасць у рэалізацыі каштоўнасцяў, якія адстойвалі бацькі-заснавальнікі, а таксама заклікаў усіх галасаваць на прамежкавых выбарах за дэмакратаў.

Адзначым таксама, што Комі ўсё сваё жыццё быў рэспубліканцам, але некалькі месяцаў таму заявіў, што цяпер не хоча мець з Рэспубліканскай партыяй нічога агульнага.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках