28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прычын для незадаволенасці шмат»

1
«Прычын для незадаволенасці шмат»
ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

У Баранавічах жыхары Цексера выступаюць супраць ушчыльнення забудовы ў іх мікрараёне.

У Баранавічах праходзіць грамадскае абмеркаванне праекта новых жылых дамоў у Цексеры. Жыхар мікрараёна Аляксандр Квяткоўскі мяркуе, што новая забудова пагоршыць праблемы Цексера, на інфраструктуру якога ляжа вялікая нагрузка, піша intex-press.by. Аляксандр Квяткоўскі жыве ў доме №10 у Цексеры з 1993 года. У мікрараёне яму падабаецца. «Атрымаўшы тут кватэру, у прыдачу я атрымаў яшчэ і рай», – кажа ён.

Год таму стала вядома, што ў мікрараёне збіраюцца пабудаваць тры дзевяціпавярховыя дамы. Як мяркуецца, гэта 216 кватэр, таксама ўладкуюць аўтамабільныя стаянкі, дзіцячыя і спартовыя пляцоўкі, з'явяцца дадатковыя месцы для смеццевых бакаў. Пабудаваць дамы хочуць на тэрыторыі вайсковай часткі, якая некалькі гадоў таму была перададзеная гораду Міністэрствам абароны.

Аляксандр, як і некаторыя жыхары Цексера, планам гарадскіх уладаў не радыя. На ягоную думку, новая забудова пагоршыць існыя праблемы жыхароў Цексера.

ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Прычын для незадаволенасці шмат

Пад'езд да новабудоўляў збіраюцца арганізаваць праз ужо існы праезд у мікрараён Цексер – ад павароту з вуліцы Берасцейскай на 2-е Траццякі і да крамы «Брэсцкага мясакамбіната».

– Гэтая дарога, як і ўсе астатнія ў Цексеры, вельмі вузкая. На ёй ужо цяпер складана раз'ехацца. А ўявіце, што будзе, калі тут пабудуюць яшчэ 216 кватэр! Сёння ж амаль у кожнай сям'і ёсць аўтамабіль. А з генплана відаць, што гэта будзе адзіны пад'езд да дамоў, – кажа Аляксандр.

Пашыраць дарогу няма куды – з аднаго боку яна абмежаваная вайсковай часткай, з другога – невялікім скверам, крамай, аўтастаянкай і міні-рынкам. Многія жыхары Бараўкоў прывозяць дзяцей на аўтамабілях у школу або дзіцячы сад, праз што ранкам у Цексеры бываюць коркі. Загружанасць дарог – вось, з чым, на думку Аляксандра, жыхарам мікрараёна немінуча давядзецца сутыкнуцца, калі новыя дамы пабудуюць.

Яшчэ адна праблема, якую, на думку Аляксандра, пагоршыць новая забудова, – перапоўненасць гімназіі №5 і дзіцячага садка, якія наведваюць у тым ліку і дзеці з Бараўкоў.

Дадатковая нагрузка, мінімум 400 чалавек, ляжа і на іншыя аб'екты інфраструктуры: крамы, пошта, банк.

Аляксандр мяркуе, што новыя шматпавярховікі прынясуць нязручнасці не толькі жыхарам Цексера, але і самім жыхарам новабудоўляў. Побач з дамамі пабудаваная новая кацельня, дым з трубы якой падчас ацяпляльнага сезону, на думку Аляксандра, ветрам будзе адносіць наўпрост у вокны новабудоўляў.

– Ды і выгляд з акна там які будзе? Кацельня і вайсковая частка? Сорамна будзе нават гасцей на балкон вывесці, – кажа мужчына.

ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Што зрабіць замест новабудоўляў

Аляксандр мяркуе, што забудову мікрараёна лепш перанесці на тэрыторыю былой вайсковай часткі за дамамі №7 і №9 бліжэй да вуліцы Прафесійнай. Там будзе прасцей зрабіць пад'езды да новабудоўляў.

На месцы, дзе цяпер хочуць пабудаваць шматпавярховікі, Аляксандр прапануе ўладкаваць зону адпачынку. Яго падтрымлівае суседка Марыя Кузьміна, якая таксама супраць забудовы.

– У нас у Цексере няма ні кавярні, ні спартзалы. Чаму тут, напрыклад, не абсталяваць фітнэс-клуб, не пабудаваць паліклініку, хоць нейкі амбулаторны пункт, каб медсястра магла рабіць людзям уколы. У нас жа раён пенсіянераў, – кажа Марыя.

Аляксандр мяркуе, што на месцы планаванай новай забудовы нядрэнна зрабіць парк. І тады яго ўлюбёны мікрараён стаў бы яшчэ лепшым.

ФОТА: ЯЎГЕН ЦІХАНОВІЧ

Што думаюць іншыя жыхары Цексера

Блізу двух тыдняў таму Аляксандр развесіў у мікрараёне аб'явы са сваім нумарам тэлефона. На яго ён просіць тэлефанаваць усіх, хто з планамі гарадскіх уладаў для ўзвядзення новабудоўляў Цексера не згодны. Мужчына сабраў 12 подпісаў «супраць» і ў найбліжэйшыя дні плануе адправіць іх лістом у Баранавіцкі гарвыканкам.

– Многія наогул не ведаюць, што тут будуць штосьці будаваць. Большасць з тых, хто ведае, баяцца падпісвацца – хтосьці праз працу перажывае, хтосьці проста аддае перавагу нікуды не лезці. Ёсць і тыя, хто за новыя дамы. Ва ўсякім выпадку, я мяркую, што гарадская ўлада павінна прыслухацца да нашага меркавання. Бо жыць тут нам, а не ім, – кажа Аляксандр.

Грамадскае абмеркаванне праекта забудовы будзе доўжыцца да 18 чэрвеня.

Што кажуць спецыялісты

У Баранавіцкім філіяле ААТ «Брэстпраект» патлумачылі, што пабудаваць новыя дамы на тэрыторыі былой вайсковай часткі па-за дамамі №7 і №9 недалёка ад вуліцы Прафесійнай не выйдзе – тэрыторыю некалькі гадоў таму выкупіла прыватнае прадпрыемства.

Што тычыцца вузкай дарогі пры пад'ездзе да новабудоўляў, дырэктар даччынага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства ў капітальным будаўніцтве «УКБ г. Баранавічаў» Уладзімір Дронкін растлумачыў, што праектную дакументацыю распрацавалі паводле ўсіх тэхнічным умоў, якія былі выдадзены УКБ, у тым ліку і гарадской дзяржаўтаінспекцыяй. Атрымаць каментар у АДАІ Баранавіцкага ГАУС, як справяцца цексераўскія дарогі з папаўненнем аўтапарка, не ўдалося.

З нагоды дыму ад кацельні ў Баранавіцкім філіяле ААТ «Брэстпраект» параілі не турбавацца.

– Дым у вокны жыхароў новых дамоў ісці не будзе. Інакш бы праект забудовы наогул не прайшоў экспэртызу, – кажа Сяргей Калеснік, начальнік Баранавіцкага філіяла ААТ «Брэстпраект».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках