25 красавiка 2024, Чацвер, 4:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт назвала самую карысную беларускую гародніну і садавіну

Экспэрт назвала самую карысную беларускую гародніну і садавіну
НАТАЛЛЯ КАМАРОВА
ФОТА: TUT.BY

У якой садавіне і гародніне вітамінаў больш за ўсё?

Сезон гародніны і садавіны - самы час налегчы на прыродныя вітаміны. Якая гародніна, садавіна і зеляніна ўтрымліваюць іх больш за ўсё? Разабрацца tut.by дапамагла экспэрт Наталля Камарова.

Адкуль звесткі

- У лабараторыі амаль кожны год даследуюць хімічны склад і бяспеку айчыннай агародніннай і фруктовай сыравіны, - распавяла Наталля Камарова. - Амаль усё, што расце сёння ў Беларусі і паступае ў продаж, мы пратэставалі. Даследаванні праводзяць, каб падабраць сыравіну для вытворчасці дзіцячага харчавання, а значыць, патрабаванні самыя строгія.

Для вывучэння бралі гародніну і садавіну з прадпрыемстваў Берасцейскай вобласці (у асноўным, фермерскіх гаспадарак).

- Але, паколькі розніца ў кліматычных умовах і тэхналогіях культывавання на тэрыторыі Беларусі неістотная, вынікі тэставання слушныя і ў дачыненні да гародніны і садавіны з іншых рэгіёнаў Беларусі, - кажа загадчыца лабараторыі.

Дзе больш бэта-караціну

Паводле звестак даследаванняў Акадэміі навук, бэта-караціну больш за ўсё ў беларускай моркве (8,3 мг на 100 г) і аранжавых гатунках гарбуза (5,4 мг). Самай багатай бэта-карацінам сярод ягад выявілася абляпіха (9,7 мг).

Ёсць папулярная парада: хочаш выбраць багаты бэта-карацінам плод, выбірай жоўта-аранжавага ці чырвонага колеру.

- Гэтая рэкамендацыя працуе толькі ў дачыненні да гародніны, - каментуе Наталля Камарова. - Пры выбары садавіны і ягад ёй кіравацца не варта. Так, бэта-карацін мае тлушчарасчапляльны пігмент жоўта-аранжавага ці чырвонага адцення. Але шматлікім ягадам і фруктам - маліне, яблыкам, надаюць чырвань іншыя рэчывы-пігменты, антацыяны. Дарэчы, яны таксама вельмі карысныя.

Дзе шукаць вітамін С

Перш за ўсё спецыялістка зняпраўдзіла перакананне многіх беларусаў: маўляў, яблыкі - гэта надзейная крыніца вітаміну С. На жаль! У 100 г яблыкаў, паводле звестак лабараторных тэстаў, яго ўтрымоўваецца ўсяго 0,9 мг. Можна сказаць, амаль няма. У чарэшні, ажынах і агрэсце вітамін С не знойдзены, у клубніцах – зусім мала.

- Толькі не рабіце з гэтага паспешных высноў аб пажыўнай каштоўнасці! - папярэджвае Наталля. - У яблыках вялікая колькасць калію, вельмі карыснага для сэрца, а таксама фосфару, натрыю, магнію, і іншых мінеральных рэчываў, плюс каштоўныя арганічныя кіслоты і іншыя важныя пажыўныя рэчывы. Тое ж датычыцца і ягад.

Безумоўным лідарам ва ўтрыманні вітаміну С з’яўляецца чорная парэчка (191 мг у 100 г). Нямала яго таксама ў чырвонай парэчцы (21,9 мг) і маліне (17,9 мг).

Шмат вітаміну С у пятрушцы (блізу 150 мг), кветкавай капусце (53 мг) і кропе (52 мг на 100 грам). Але тут ёсць адно «але»: ва ўзорах свежай зеляніны адначасова адзначаны павышаны ўзровень нітратаў.

Чаму не варта баяцца нітратаў у зеляніне

- Вырасціць пятрушку з адсутнасцю або нізкім утрыманнем нітратаў практычна немагчыма, - каментуе Наталля Камарова. - І гэта не таму, як думаюць многія спажыўцы, што вытворца іх узмоцнена апрацоўвае азоцістымі ўгнаеннямі. Па-першае, нітраты змяшчаюцца i ў арганічных угнаеннях (у тым жа гноі). Па-другое, ліставая салата, кроп і пятрушка ў перыяд актыўнага росту інтэнсіўна забіраюць нітраты з глебы, гэтыя рэчывы ім неабходныя для развіцця. Падвышанае ўтрыманне нітратаў магчымае нават у агурку, паспелым на грунце без усялякіх падкормак.

На перакананне спецыялісткі, наяўнасць нітратаў у зеляніне - не падстава адмовіцца ад яе ўжывання.

- Колькасць нітратаў памяншаецца ў працэсе плоданашэння, - тлумачыць загадчыца лабараторыі. - Людзям з хранічнымі захворваннямі, адчувальнымі да перавышэння гэтага элемента, а таксама дзецям да трох гадоў лепш не здымаць спробу з першых ураджаяў зеляніны і агуркоў. Надзейней дачакацца другога-трэцяга збору.

Пры гэтым спецыялістка падкрэсліла, што гаворка ідзе пра перавышэнне самых жорсткіх нарматываў - для дзяцей да трох гадоў. Гранічна дапушчальная канцэнтрацыя нітратаў у зеляніне для паўналетняга - 2000 мг на кг, а для малых - 200. Розніца ў дзесяць разоў! Гэта значыць, з пазіцыі «дарослых» нарматываў і пятрушка, і іншая зеляніна не прадстаўляюць пагрозы здароўю. А з улікам таго, што ўжываюць іх у асноўным у невялікай колькасці ў салатах, то, на думку Наталлі Камаровай, зеляніна можа быць і ў харчаванні дашкольнікаў, і старэйшых дзяцей.

У якой беларускай гародніне і садавіне вітамінаў менш за ўсё?

Як высветлілася ў выніку лабараторных тэстаў, у агурках і кабачках. Іх склад больш за 97% - вада.

А вось назваць гародніну або фрукт, які быў бы лепшым за ўсе астатнія (вітаміны і мінералы), спецыяліст не змагла.

- Аднаго плода, які мог бы задаволіць усе нашы патрэбы ў розных вітамінах, не існуе. Менавіта таму меню павінна быць як мага больш разнастайным, - раіць экспэрт.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках