28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як уладкоўваюць у гімназіі дзяцей без прапіскі

4
Як уладкоўваюць у гімназіі дзяцей без прапіскі

У некаторых установах бацькам будучых першакласнікаў кажуць адразу: вольных месцаў няма.

Каб напісаць заяву на залічэнне, трэба патрапіць на прыём да дырэктара. У адной з найлепшых гімназій Менска прыём распісаны да 18 ліпеня, піша tut.by.

У сераду, а 8-й раніцы, ля вядомай гімназіі №13 Менска малалюдна, ніякай чаргі, ажыятажу, няма і бацькоў са спісам, у якім бы па нумарах было вызначана, хто і калі ідзе ў прыёмную камісію. Сёлета гімназія №13 упершыню набірае першакласнікаў і пяцікласнікаў без іспытаў. Галоўны крытэр - дзіця павінна быць прымацаванае да ўстановы паводле рэгістрацыі. У гэтых дзяцей прыярытэт, іх залічваюць адразу ж.

Астатнія павінны прыйсці на прыём да дырэктара, напісаць заяву на залічэнне і чакаць 28 жніўня. У гэты дзень камісія абвесціць: ёсць вольныя месцы ці не, могуць залічыць дзіця, якое ідзе не па прапісцы, ці не. За паўгадзіны чакання каля гімназіі №13 ніхто з бацькоў будучых гімназістаў не з’явіўся.

- А вы чаго чакалі? Чаргі няма, ніхто з бацькоў не б'ецца. Учора таксама ўсё спакойна прайшло, - тлумачыць адзін з супрацоўнікаў установы.

Стаць першакласнікам або пяцікласнікам гімназіі №13 шанцы невялікія, калі няма той самай запаветнай прапіскі.

- Запіс да дырэктара распісаны да 4 ліпеня. Сёлета набіраем два першыя класы, паводле прапіскі шмат дзяцей, не думаем, што будуць вольныя месцы, - тлумачаць у гімназіі. - У пяты клас набіраем 4 паралелі, але два класы на пастанову адміністрацыі дае СШ №93 (у ёй ёсць толькі пачатковыя класы. - Заўвага.), бо яны нічые праз скасаванне іспытаў. Таму, мяркуйце, набіраем два класы.

Блізу 9 раніцы маладыя мамы абмяркоўваюць паступленне дзяцей у гімназію №39, якая знаходзіцца ў Каменнай Горцы.

- Мы тут дзяжурым з 8 раніцы, адвялі дзяцей у дзіцячы садок і адразу прыйшлі, - распавядаюць жанчыны.

Калісьці яны самі скончылі гэтую ўстанову, ведаюць многіх настаўнікаў, і хоць іх дамы ў крокавай даступнасці ад гімназіі №39, паводле прапіскі яны сюды не трапляюць. Дырэктар пачынае прымаць з 14.00, але маладыя мамы хвалююцца. Раптам хтосьці паспрабуе прарвацца па жывой чарзе? Пакуль тры жанчыны дзяжураць ля ганка, поруч з прыёмнай дырэктара сабралася яшчэ сем чалавек.

- Дзяўчаты, ідзіце дадому, не стварайце ажыятаж, - з усмешкай спрабуе пераканаць бацькоў настаўнік з гімназіі №39. - Дырэктар нікога раней прызначанага часу не прыме, трапяць толькі тыя, хто запісаны.

Маладыя мамы ўсё яшчэ сумняваюцца, ці трэба ім пакідаць сваю чаргу. Кажуць, да гімназіі належаць толькі два дамы, шанцы ўладкаваць сюды дзіця ёсць.

- Паводле прапіскі да нас належыць 29 дзяцей, нават дзіўна, што ўчора прыйшло толькі 13. Яшчэ 7 чалавек падалі дакументы, якіх не было ў нашым спісе з прапіскай, але цяпер у іх рэгістрацыя ёсць. Усяго набіраем 150 дзяцей, - тлумачыць мамам будучых першакласнікаў настаўнік гімназіі №39.

У спартовай зале прэстыжнай гімназіі №50, дзе размясцілася прыёмная камісія, сядзіць адзін выкладчык. На стэндзе да ведама бацькоў пазначана: дакументы прымаюць толькі ў тых, хто належыць да ўстановы адукацыі паводле рэгістрацыі.

- Сёлета будзе два першыя класы, у кожным па 33-34 чалавекі. Столькі дзяцей належыць да нас паводле прапіскі, але могуць жа не ўсе прыйсці. Напрыклад, адно дзіця жыве ў ЗША, наўрад ці яно будзе падаваць дакументы, у гэтым раёне (гімназія знаходзіцца на плошчы Перамогі - Заўвага.) многія жывуць за мяжой. Аб свабодных месцах стане вядома 28 жніўня, пакуль бацькі могуць напісаць заяву, - расказваюць у прыёмнай камісіі.

Дарэчы, да дырэктара гімназіі №50 на прыём можна было патрапіць проста сёння ўвечары, а ў іншай сталічнай гімназіі №10 - толькі 18 ліпеня.

Прыём дакументаў будзе доўжыцца да 28 жніўня.

Нагадаем, сёлета дзеці не здаюць іспыты ў пятыя класы гімназій, туды пяройдуць вучні, якія скончылі там пачатковую школу. У першыя ж класы гімназій (калі яны ва установе ёсць) змогуць ісці тыя, хто належыць да ўстановы адукацыі. На сайце менскіх управаў адукацыі ёсць адрасы дамоў, якія належаць да гімназій.

Калі застаюцца вольныя месцы, то на іх могуць прэтэндаваць тыя дзеці, чые браты і сёстры ўжо вучацца ў гэтай гімназіі, дзеці супрацоўнікаў установы адукацыі і тыя, што падалі заяву ў адпаведнасці з чарговасцю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках