28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладальнікі АЗС просяць урад падняць кошты на бензін

13
Уладальнікі АЗС просяць урад падняць кошты на бензін

Уладальнікі скардзяцца на сістэматычны рост выдаткаў пры сталым маржынальным прыбытку.

Уладальнікі сямі сетак АЗС звярнуліся ў дзяржаўныя органы з просьбай ужыць тэрміновыя захады для паляпшэння фінансава-эканамічных варункаў працы, абмежаваць рост тарыфаў на тавары і паслугі арганізацый з манапольным становішчам.

Дакумент, як паведамляе tut.by, падпісалі кіраўнікі «Лукойл-Беларусь» (брэнд АЗС «Лукойл»), «РН-Захад» ( «Слаўнафта»), «Юнайтэд Компані», «НафтаХімТрэйдынг» («Трайпл»), «Астотрейдинг» (А-100), «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» («Газпром нафта») і «Татбелнафтапрадукт» («Татнафта»). Такім чынам, ліст падпісалі ўсе найбуйнейшыя аператары, акрамя падкантрольнай дзяржаве «Беларуснафты».

Уладальнікі АЗС заяўляюць, што са студзеня 2015 года маржынальны прыбытак прадпрыемстваў ад раздробнага гандлю палівам практычна не змяніўся, таму што кошты на паліва рэгулююцца «Белнафтахімам». Пры гэтым выдаткі паводле асноўных пунктаў выраслі. Плата за электрычнасць павысілася на 53%, водазабеспячэнне – 31%, газ для ацяплення – 30%, арэндная плата за зямлю і зямельны падатак – 58–78%, паслугі МУС у ахоўнай дзейнасці – 40%.

Павелічэнне абсалютнага раздробнага кошту на паліва выклікала рост выдаткаў на банкаўскія паслугі (інкасацыю, эквайрынг) на 13%. А рост курсу даляра на 68% падняў адпаведна кошты на абсталяванне і камплектавальнікі.

Уладальнікі АЗС скардзяцца на сістэматычны і доўгі рост выдаткаў пры сталым маржынальным прыбытку. Гэта, паводле іхніх словаў, прывяло да фінансавых стратаў, спынення новых інвестыцый у бізнэс і зніжэння фінансавання ў асноўныя фонды. Кампаніі кажуць, што вымушаныя скарачаць колькасць працоўных месцаў.

Таксама сеткі АЗС наракаюць, што цяперашнія ўмовы прыводзяць да праблемаў з банкаўскімі крэдытамі і адсутнасці крыніцаў для індэксацыі заробкаў супрацоўнікаў. А гэта, маўляў, «прыводзіць да росту напружанасці ў працоўных калектывах і адставання ад мэтавага ўзроўню заробку ў 1000 рублёў».

Аўтары ліста падкрэсліваюць, што іхні маржынальны прыбытак прыкметна ніжэйшы, чым у калег з Расеі, Украіне і краінах Балтыі.

Нагадаем, што і віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, і кіраўнік канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка нядаўна казалі пра неабходнасць павысіць кошты на бензін. Сямашка казаў пра 30%, Ляшэнка – пра 24%. Механізм павышэння коштаў, паводле іхніх словаў, выпрацоўваецца ва ўрадзе.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках