29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сцяпан Грыгаран: Змена ўлады ў Беларусі непазбежная

22
Сцяпан Грыгаран: Змена ўлады ў Беларусі непазбежная
СЦЯПАН ГРЫГАРАН
ФОТА З САЙТА AZE.AZ

Перамены могуць быць мірнымі.

Сайт Сharter97.org прадоўжыць сачыць за сітуацыяй у Арменіі. Як змянілася жыццё ў краіне пасля «аксамітнай рэвалюцыі», ці апраўдаў Нікол Пашынян давер людзей, якія ўрокі можа атрымаць Беларусь з сітуацыі ў Арменіі - на гэтыя пытанні адказаў фізік-навуковец, адзін з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былы дэпутат Вярхоўнага Савета рэспублікі і амбасадар Арменіі ў Расеі Сцяпан Грыгаран.

- Сцяпан, вы былі сталым каментатарам сайта Charter97.org падчас падзей у Арменіі, былі арыштаваныя на дэманстрацыі ў Ерэване. Якая цяпер сітуацыя ў краіне пасля перамогі рэвалюцыі?

- З майго пункту гледжання, пасля абрання Нікола Пашыняна на пасаду прэм'ер-міністра развіццё Арменіі ідзе ў правільным кірунку. Новы прэм'ер ужо сфармаваў урад. Цяпер міністры шукаюць сабе намеснікаў, ідзе кадравая праца, уцягваюцца новыя людзі. Гэта даволі руцінны, але вельмі важны працэс.

Таксама ідзе падрыхтоўка праграмы ўрада, якая павінна быць створаная цягам двух тыдняў. Новаабраны прэм'ер-міністр павінен будзе прадставіць гэтую праграму ў парламенце.

Я вельмі рады, што ва ўрадзе пачалося абнаўленне, мы бачым шмат маладых асоб. Вельмі разумныя людзі, многіх я ведаю асабіста, яны пакідаюць пасля сябе вельмі добрае ўражанне. Ёсць і дасведчаныя кадры, якія карыстаюцца вялікай павагай у людзей, напрыклад - новы міністр замежных спраў. Развіццё ідзе ў правільным кірунку.

Даслоўна ўчора адбыўся тэлемост паміж Ніколам Пашынянам і вельмі вядомым амерыканскім эканамістам з армянскімі каранямі Даронам Аджэмаглу. Ён з'яўляецца сусветным спецыялістам у транзітнай эканоміцы, краінах, якія знаходзяцца ў пераходным перыядзе. Думаю, нам ёсць чаму ў яго павучыцца.

Адначасова ва ўсёй краіне прадаўжаюцца акцыі пратэсту. Я ўважаю гэта за станоўчы аспект. Растлумачу - чаму. Людзі выбралі новую ўладу, але разумеюць, што ўвесь час трэба падымаць балючыя пытанні і трымаць урад у тонусе.

Я думаю, вы ведаеце, што прадстаўнікі хімічнага завода «Наірыт» сустракаліся з міністрамі, таксісты сустракаліся з міністрам транспарту. Увесь час праходзяць мітынгі, сустрэчы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі ўрада..

- Свайго кшталту народная дэмакратыя ў дзеянні.

- Менавіта. За апошнія 10 гадоў праўлення Сержа Саргсяна назапасілася вельмі шмат праблем, якія трэба развязваць. Вельмі радуе, што людзі актыўныя ў разглядзе цяжкіх пытанняў.

Цяпер пачаліся сур'ёзныя працэсы, звязаныя з палітвязнямі. Праваабарончыя арганізацыі, сваякі - усе яны давяраюць Пашыняну і выступалі за ягонае абранне, але ў той жа час вельмі прынцыпова ставяць пытанне аб вызваленні.

Армяне ўсвядомілі адну вельмі важную рэч: так, мы выбралі вельмі добрую ўладу, але мы павінны прадаўжаць задаваць вострыя пытанні і змагацца за больш хуткае развязанне сваіх праблем.

Улада дзейнічае адпаведным чынам. На ўсе пікеты і мітынгі прыходзяць прадстаўнікі ўрада.

Сітуацыя з палітвязнямі больш звязаная з ранейшай уладай. У парламенцкай рэспубліцы пракурор прызначаецца парламентам. Новы прэм'ер не мае канстытуцыйнага права замяніць пракурора. А цяперашні пракурор - прадстаўнік ранейшай улады, ён не прывык дзейнічаць паводле закона.

Ёсць вялікая праблема з судовай сістэмай. Фармальна ўсе суды ў Арменіі былі незалежнымі. А на справе - усе дзейнічалі пад указку ўладаў. Сёння Нікол Пашынян кажа: «Вучыцеся працаваць паводле закона!»

А яны практычна байкатуюць працу. Суддзі прывыклі дзейнічаць згодна з загадам зверху. Дайшло да таго, што шматлікія судовыя працэсы пераносяцца. Людзі не прывыклі працаваць. І гэта праблема. Нікол Пашынян заявіў, што ён не збіраецца прадаўжаць практыку старых прэзідэнтаў і прэм'ераў, калі тыя ўмешваліся ў працу судоў.

Менавіта з гэтай прычыны вельмі шмат станоўчых змяненняў у Арменіі, але дагэтуль існуюць праблемы з ранейшай уладай.

- Нікол Пашынян апраўдвае чаканні ўдзельнікаў акцый пратэсту?

- Абсалютна. Цяпер у Арменіі праходзяць акцыі пратэсту, але яны не накіраваныя супраць новага прэм'ер-міністра.

Я не бачу сур'ёзнага расчаравання сярод людзей. Безумоўна, ёсць пэўныя групы, якія абмяркоўваюць эфектыўнасць той ці іншай пастановы новага прэм'ера. Але Нікол Пашынян карыстаецца вялікім даверам у армян.

Часта падчас рэвалюцыі ў людзей прысутнічаюць завышаныя чаканні, але затым прыходзіць расчараванне. Але пакуль што я бачу разумныя і ўзважаныя крокі з боку новага кіраўніцтва Арменіі.

- А як складваюцца стасункі паміж новым прэм'ер-міністрам і прэзідэнтам краіны?

- Ведаеце, мне здаецца, што пакуль нармальна. Але ў нас, на жаль, прэм'ерскі гарнітур «шыўся» пад Сержа Саргсяна. Нікол Пашынян вымушаны выконваць тыя функцыі, якія ён не хоча выконваць. Новы прэм'ер збіраецца ўнесці змены і перадаць частку ўлады прэзідэнту. Мне здаецца, што гэта даволі ўзважаны крок.

- Як вы ацэньваеце сустрэчу Пашыняна і Лукашэнкі падчас саміту ЕАЭС у Сочы?

- Я ацэньваю яе нармальна. Нягледзячы на абдымкі і афіцыёз новы прэм'ер-міністр падняў пытанне, якое вельмі хвалюе армян. Гаворка ідзе аб вайсковым супрацоўніцтве Азербайджана і Беларусі. Менск дапамагае зброяй афіцыйнаму Баку. Мне здаецца, што Нікол Пашынян вельмі правільна паступіў, што пры першай жа сустрэчы падняў гэтае пытанне.

- Калі лідар рэвалюцыі сустракаецца з дыктатарам, беларусы ўспрымаюць гэта не найлепшым чынам.

- Я гэта выдатна разумею. Але пакуль нашы краіны знаходзяцца ў ЕАЭС і АДКБ, такія сустрэчы будуць праходзіць.

Прапаную паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку. Наяўнасць у коле кіраўнікоў, якія даўно знаходзяцца ва ўладзе, чалавека, якога выбраў народ, узрывае сітуацыю і змяняе атмасферу. Уявіце сабе, сядзіць Пуцін, Лукашэнка, Назарбаеў, якія знаходзяцца доўгі час ва ўладзе...

- ...якія не абіраюцца сваімі народамі.

- Абсалютна. І сярод іх з'яўляецца малады прэм'ер Арменіі. Гэта змяняе становішча спраў.

- Падзеі ў Ерэване натхнілі беларусаў. Усе зычылі вам перамогі і вельмі радаваліся, што армянам удалося не дапусціць устанаўлення дыктатуры ў сваёй краіне. Што б вы параілі людзям, якія сёння змагаюцца з дыктатурай Лукашэнкі?

- Змагацца за свае правы - гэта нармальна. Арменія давяла, што перамены могуць быць мірнымі. Але патрэбная паслядоўнасць у гэтай барацьбе. Толькі тады вынік будзе. Магчыма, не сёння, не заўтра, але перамены непазбежныя. Трэба прывучыць улады да таго, што павінна быць змяняльнасць, а не вечны дыктат аднаго чалавека.

Змена ўлады ў Беларусі непазбежная.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках