20 красавiка 2024, Субота, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Лукашэнка абслугоўвае інтарэсы Пуціна

26
Андрэй Саннікаў: Лукашэнка абслугоўвае інтарэсы Пуціна

Расея і Беларусь разам выступаюць супраць NATO і ЗША.

- Аляксандр Лукашэнка разглядае Альянс як пагрозу свайму аўтарытарнаму праўленню. Гэта супярэчыць інтарэсам Беларусі, таму што NATO магло б гарантаваць яе сапраўдную незалежнасць, - заявіў у інтэрв'ю «Польскому радио» былы намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Андрэй Саннікаў, каментуючы «сумесны» адказ Расеі і Беларусі на дзеянні NATO (пераклад - Charter97.org).

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» таксама распавёў пра стаўленне Расеі і Беларусі да гісторыі, пра ролю Сяргея Лаўрова ў замежнай палітыцы Расеі ў дачыненні да Беларусі.

Саннікаў, таксама бачыць пагрозу ў сумесных заявах кіраўнікоў МЗС Расеі і Беларусі пра агульную барацьбу з фальсіфікацыямі гісторыі, вымаўленых на пасяджэнні калегіі міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расеі ў Менску.

- Ленін і Сталін з'яўляюцца часткай той версіі гісторыі, якую прасоўваюць Пуцін і Лукашэнка. Таму такія заявы не павінны ўспрымацца як нешта неістотнае, бо гэта фактычна заяўленая палітыка рэпрэсій. Яны азначаюць забарону на абмеркаванне рэальнай гісторыі, забарону на крытыку іх ідэалагічных канструкцый - мяркуе Андрэй Саннікаў.

- Падчас візіту для ўдзелу ў так званай калегіі міністэрстваў замежных спраў Расеі і Беларусі ў Менск кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што будзе сумесны адказ Расеі і Беларусі на парушэнні Дамовы аб РСМД і на «набліжэнне NATO да Расеі».

Былі і сумесныя заявы ў пытаннях гісторыі. Ці варта асаблівым чынам інтэрпрэтаваць гэты візіт? Што ён кажа пра палітыку Расеі ў дачыненні да Беларусі і наадварот? Гэта проста словы, спроба кансалідаваць свой уплыў ці нешта яшчэ? У Беларусі ўжо даўно не было такога пакета заяў па сапраўды важныя пытанні.

- Па-першае, звярніце ўвагу на «сумесную калегію міністэрстваў замежных спраў Расеі і Беларусі». Існуе таксама сумесная калегія міністэрстваў абароны. Таму, калі на Захадзе кажуць, што Лукашэнка сыходзіць ад Расеі, то гэтых фактаў дастаткова, каб зразумець, што гэта ніяк не адпавядае рэчаіснасці. Расея цалкам яго кантралюе. Хто-небудзь чуў пра сумесныя калегіі ключавых міністэрстваў якіх-небудзь яшчэ двух незалежных краін?

Нядаўна ў Беларусі з візітамі пабывалі некалькі важных чыноўнікаў з ЕЗ і ЗША. Вось і спатрэбіўся візіт Сяргея Лаўрова перш за ўсё для расейскай публікі, ну і як пасланне палітыкам на Захадзе. Ён павінен быў паказаць, што Крэмль кантралюе Беларусь, няма прычын для турботы, Масква сочыць за сітуацыяй і рэжым Лукашэнкі цалкам лаяльны Крамлю. Сяргей Лаўроў павінен быў прадэманстраваць гэта расейцам і Захаду.

Кіраўнік МЗС Расеі таксама павінен быў паказаць, што супрацоўніцтва паміж Расеяй і Беларуссю ідзе добра, нішто не можа змяніцца, што б Захад ні рабіў. Так яно і ёсць, таму што Лукашэнка паслухмяны Маскве. Гэта ілюзія, што дыктатар сапраўды можа нешта зрабіць для рэфармавання палітычнай сістэмы або эканомікі, што ён адмовіцца ад вайсковай прысутнасці Расеі ў Беларусі.

Тут нічога не змянілася. Лукашэнка абслугоўвае інтарэсы Уладзіміра Пуціна.

Я думаю, што ўсе гэтыя заявы ў бок Захаду варта ўспрымаць сур'ёзна. Што тычыцца «сумеснага» адказу Расеі і Беларусі на сітуацыю з Дамовай аб РСМД і дзеянні NATO, то ўжо даўно ўсе расейскія вучэнні ў Беларусі плануюцца і праводзяцца так, каб падрыхтаваць інфраструктуру для расейскага войска.

- Гэта азначае, што яны нейкім чынам падганяюць Беларусь пад патрэбы Расеі?

- Нядаўна я размаўляў з высокапастаўленай службовай асобай NATO аб тым, што адбываецца вакол расейскай базы ў Беларусі, што азначае гэтая гульня: «будзе ў Беларусі расейская вайсковая база ці не будзе»?

Суразмоўца пагадзіўся з тым, што Расеі не патрэбныя асобныя базы, бо яна кантралюе ўсю тэрыторыю Беларусі ў вайсковым сэнсе і можа рабіць усё, што захоча, з пункту гледжання ваенных дзеянняў.

Як мы ўжо казалі, існуе сумесная калегія міністэрстваў абароны - гэта ўнікальны выпадак у сусветнай практыцы. Калі дзяржава з'яўляецца суверэннай, то не можа быць сумеснай міністэрскай калегіі з такім суседам. У гэтым выпадку сумесна з Беларуссю ў гэтай калегіі ўдзельнічае краіна, якая вядомая на міжнародным узроўні як агрэсар.

Цяпер Расея не мае патрэбы ў фармальнай базе ў Беларусі. З вайсковага пункту гледжання, у іх ужо ёсць усё, што трэба.

- Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што будзе сумесны адказ «саюзнай дзяржавы», на, як ён выказаўся, «набліжэнне NATO» і пастанову ЗША выйсці з Дамовы аб РСМД.

Што ён меў на ўвазе? Ці застанецца гэта на ўзроўні заяў ці Расея захоча выкарыстаць гэтыя два фактары, якія часта згадваюцца ў яе прапагандзе для канкрэтных дзеянняў? Гэта гульня цягліц? Ці надае Расея рэальнае значэнне Дамове аб РСМД?

- Я прадстаўляў Беларусь на перамовах па Дамове аб РСМД у якасці намесніка міністра замежных спраў. Таму гэтая тэма мне блізкая.

Цяпер мы маем справу з няправільнай інтэрпрэтацыяй таго, што адбываецца. Усе кажуць, што ЗША выходзяць з гэтага Дамовы. Аднак забываюць, што Расея даўно тарпедуе гэтую дамову. Яна не задаволена гэтым пагадненнем, бо яно абмяжоўвае яе ў пытанні разгортвання ракет сярэдняй далёкасці. Больш за 10 гадоў таму былы міністр абароны Расеі Сяргей Іваноў публічна скардзіўся, што савецкія перагаворшчыкі не змаглі забяспечыць інтарэсы Расеі ў Дамове аб РСМД. Ён заявіў, што Расея павінна аднавіць свой арсенал ракет сярэдняй далёкасці.

Амерыканцы некалькі разоў, падчас прэзідэнцтва Буша і Абамы, заяўлялі, што Расея парушае Дамову аб РСМД. Спачатку яна рабіла гэта таемна, працавала над новымі ракетамі, а затым пачала іх разгортванне.

Заява ЗША - гэта рэакцыя на дзеянні Расеі, бо любая дамова дзейнічае толькі ў тым выпадку, калі яна выконваецца ўсімі бакамі.

На жаль, сітуацыя разгортваецца неспрыяльным чынам. Я ўдзельнічаў у перамовах у пытаннях ядзернага раззбраення, і я памятаю, што ў 1990-х гадах была надзея, што абмежаванне арсенала ядзернай зброі ў Еўропе і свеце зробіць свет больш бяспечным. Аднак, насуперак гэтай надзеі, з'явіліся новыя ядзерныя дзяржавы, такія як Індыя, Пакістан, Ізраіль, Паўночная Карэя.

Гонка ўзбраенняў небяспечная для свету, незалежна ад таго, чым яна выкліканая. Вядома, новая гонка ўзбраенняў перш за ўсё ўдарыць па Расеі, таму што яна не валодае дастатковымі рэсурсамі, у яе проста не будзе на гэта грошай. Мы ведаем, як гонка ўзбраенняў скончылася раней. Калі Пуцін наважыцца на гэтую гонку, ён атрымае той жа вынік.

- Ці можа Расея з нейкай прычыны захаваць Дамову аб РСМД?

- Расея ў гэтым не зацікаўленая. Яна вядомая тым, што парушае дамовы, а не захоўвае іх.

Выклікае асцярогі тое, што Пуцін даволі часта кажа аб магчымасці прымянення ядзернай зброі. Фактычна, ён змяняе філасофію існавання ядзернай зброі. Ядзерныя дзяржавы сыходзяцца ў тым, што гэта зброя - інструмент стрымлівання. Пуцін сцвярджае, што яе можна ўжываць. Гэта сур'ёзная пагроза з боку Расеі.

У любым выпадку, самая вялікая ядзерная пагроза зыходзіць ад Расеі, таму што там няма дэмакратычнага кантролю над ядзернымі сіламі. Гэта надзвычай небяспечна.

А Сяргей Лаўроў выкарыстоўвае Беларусь менавіта ў гэтым кантэксце, прыстрашваючы помстай Захаду. Гэта вельмі дрэнны сігнал для Беларусі, для нашых суседзяў і для ўсяго свету.

- Цяжка сказаць, што ён можа мець на ўвазе. Ці гэта нешта канкрэтнае?

- Я не хачу нават незнарок падказваць нейкія варыянты дзеянняў для Расеі. Аднак ліквідацыя Дамовы аб РСМД не можа не адбіцца на сітуацыі ва Украіне і Беларусі.

Успомнім яшчэ адну рэч: раней Лукашэнка ў Менску гаварыў пра адказ на «набліжэнне NATO». Ён казаў тады не ў кантэксце Дамовы аб РСМД, а ў сувязі з так званым «Фортам Трампа», вайсковай базай у Польшчы.

Затым, але ўжо іншымі словамі, Лаўроў падтрымаў Лукашэнку, пацвердзіўшы, што Расея і Беларусь сапраўды супраць NATO, і супраць ЗША.

- Раней гэтыя словы прагучалі з вуснаў расейскага пасла ў Беларусі.

- Я думаю, што яны абмяркоўвалі гэтае пытанне разам з Лукашэнкам. Гэта небяспечная сітуацыя. NATO не нясе пагрозы для незалежнасці Беларусі. Аднак, як дэмакратычны альянс, гэта пагроза для дыктатараў. Таму NATO можа ўспрымацца як небяспечнае для рэжыму Лукашэнкі, але не для незалежнасці Беларусі.

Больш за тое, менавіта NATO, а не Расея, можа рэальна гарантаваць незалежнасць Беларусі.

Словы Лукашэнкі ясна паказваюць на тое, што ён мае намер абараняць свой рэжым, не думаючы пра інтарэсы дзяржавы, інтарэсы беларусаў, бяспеку, незалежнасць дзяржавы. Гэта тая палітычная лінія, якой ён прытрымліваецца ўжо больш за 20 гадоў.

- Ці сапраўды Сяргей Лаўроў непасрэдна займаецца інтэграцыяй Расеі і Беларусі?

- У сённяшняй Расеі кіраўнік МЗС не выконвае вялікай ролі. Ён не вырашае, якія стасункі павінны быць паміж двума краінамі. Пастановы аб гэтым прымаюць у адміністрацыях Пуціна і Лукашэнкі.

Сяргей Лаўроў паехаў у Менск менавіта для прапаганды, каб зрабіць некалькі заяў, якія затым растыражуе прэса ва ўсім свеце. Аднак ён нічога не вырашае. Усё рэгулюецца адміністрацыямі рэжымаў.

Адзін з папярэднікаў Лаўрова Яўген Прымакоў меў, мабыць, самыя моцныя пазіцыі ва ўрадзе, аднак і ён не прымаў у пытаннях беларуска-расейскіх стасунках важных пастаноў.

- Падчас знаходжання Лаўрова ў Беларусі размова таксама ішла аб фальсіфікацыі гісторыі.

Кіраўнікі МЗС дзвюх краін заявілі, што цяпер яны будуць змагацца супраць фальсіфікацыі гісторыі. Лаўроў паскардзіўся на русафобію. Ці азначае той факт, што такія словы вымаўляюцца ў Беларусі тое, што Расея занепакоеная тым, што частка эліты Беларусі пачынае ўзгадваць, што постсавецкія тлумачэнні гісторыі Беларусі няправільныя ў вельмі многіх пытаннях?

- Гэта заява выклікае трывогу, яна павінна выклікаць трывогу ва ўсіх, не толькі ў нас, беларусаў. Мы ясна бачым адраджэнне рэпрэсіўнай таталітарнай гісторыі. Мы бачым, што як у Расеі, так і ў Беларусі шануецца асоба Сталіна, ГУЛАГ, а на помніках ахвярам сталінізму з'яўляюцца прозвішчы катаў.

У Беларусі мы бачым разнастайныя святкаванні нейкіх гадавін спецслужбаў, міліцыі, стагоддзі камсамола.

Гэта агрэсіўныя заявы. І яны небяспечныя, можа быць, нават больш небяспечныя, чым іншыя заявы, што прагучалі. Чаму? Таму што ў іх гаворка ідзе пра ідэалогію, ідэалагічную аснову палітыкі на найбліжэйшую будучыню.

«Мы ведаем, што вы не згодныя з тым, што Сталін быў героем, але мы ўважаем так, таму хочам дакладна сказаць вам, што мы ганарымся гэтай часткай гісторыі, і мы працягнем яе традыцыі», - так выглядае галоўны пасыл гэтай заявы.

Ленін і Сталін з'яўляюцца часткай той версіі гісторыі, якую хочуць прасоўваць Пуцін і Лукашэнка. Таму такія заявы павінны ўспрымацца сур'ёзна, бо гэта адкрытая заява пра рэпрэсіўны характар дзяржавы, пра тое, што яго трэба захаваць. Гэты сігнал сведчыць пра тое, што нікому нельга будзе браць пад сумненне пытанні гісторыі, казаць пра праўдзівую гісторыю.

А рэальная гісторыя адрозніваецца ад афіцыйнай. Беларусь не з'явілася пасля з'яўлення СССР. Сёння Украіна страшыць Пуціна і Лукашэнкі, тым больш, што ўкраінцы адкрываюць сваю сапраўдную гісторыю, а не займаюцца тлумачэннем міфаў савецкай эпохі. Гэта вельмі трывожны сігнал для Крамля і Менска.

- Нядаўна Лукашэнка заявіў, што працягне вытворчасць узбраення. А затым, падчас нядаўняга візіту ў Менск кіраўніка Азербайджана Ільхама Аліева, абвясціў, што будзе яшчэ адзін кантракт на куплю зброі з Беларусі. Гэта нешта новае ў палітыцы Менска?

- Нічога новага. Вядома, што супрацоўніцтва з Азербайджанам у гэтай галіне працягваецца ўжо даўно. Гэта дэманстрацыя таго, як Лукашэнка выконвае свае абавязанні. Беларусь і Арменія з'яўляюцца часткай Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), што кантралюецца Масквой.

Лукашэнка відавочна парушае абавязанні ў АДКБ, што, зрэшты, наглядна паказвае характар ​​гэтай арганізацыі. Гэта хутчэй кантралюемая Масквой група злачынцаў, чым сур'ёзная арганізацыя.

Лукашэнка відавочна дэманструе, што яму пляваць на якія-небудзь міжнародныя абавязанні, нават тыя, якія ён узяў на сябе на тэрыторыі былога СССР, які ён заўсёды узносіць.

Такая прырода рэжыму Лукашэнкі. Калі ён адчайна мае патрэбу ў грошах - будзе прадаваць усё, нават ворагу.

Вядома, Арменія павінна адрэагаваць на гэтую сітуацыю. Гэтыя дзеянні відавочна накіраваны супраць Ерэвана. Лукашэнка, безумоўна, прадае зброю Баку са згоды Расеі, з яе блаславення, а, можа, там ёсць і вялікія планы. Расея не хоча, каб Арменія сышла ад яе і разарвала стасункі.

Фактам з'яўляецца тое, што Лукашэнка прадае зброю Азербайджану, які будзе ўжываць яе ў першую чаргу супраць Арменіі. Гэта дэманстрацыя таго, як Крэмль выкарыстоўвае Лукашэнку.

- Паміж Менскам і Масквой ідуць перамовы аб пункце пропуску ў Чырвонай Горцы, аб сумесным прызнанні візаў.

- З аднаго боку, непрымальнае тое, што адбывалася з замежнікамі, грамадзянамі трэціх краін, якія вымушаны былі ехаць за сотні кіламетраў, каб перасекчы мяжу. Калі расейцы пагодзяцца іх прапускаць - гэта будзе станоўчае рашэнне.

Аднак хвалюе такі факт, што Расея і Беларусь выкарыстоўваюць дамоўленасці аб агульным прызнанні віз для рэпрэсій супраць апазіцыі, незалежнай прэсы і грамадзянскай супольнасці. Яны робяць гэта ўжо цяпер, і рэпрэсіі будуць толькі ўзмацняцца. Ствараецца агульны спіс непажаданых асоб. Гэтыя людзі не змогуць уехаць на тэрыторыю Расеі і Беларусі. Іх колькасць будзе расці.

Такія спісы ўжо ёсць. І ў іх не дзясяткі, не сотні, а мільёны чалавек. Гэта небяспечна для расейскіх і беларускіх праціўнікаў рэжымаў і для нашых сяброў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках