19 красавiка 2024, Пятніца, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы заплацілі падатак амаль за 200 тысяч замежных пасылак

8
Беларусы заплацілі падатак амаль за 200 тысяч замежных пасылак
Фота: БелТА

Колькасць пасылак з-за мяжы расце.

Паводле звестак Дзяржаўнага мытнага камітэта, колькасць замежных пасылак, якія атрымліваюць беларусы, расце. За 10 месяцаў гэтага года беларусы атрымалі на 1,5 мільёна пасылак больш, чым за ўвесь мінулы год, піша tut.by.

- У 2017 годзе ў адрас грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, паступіла блізу 11 мільёнаў міжнародных паштовых адпраўленняў, - распавялі ў прэс-службе ДМК. - А за 10 месяцаў гэтага года іх у краіну паступіла ўжо амаль 12,5 мільёна.

Таксама ў ДМК распавялі, што амаль за 200 тысяч пасылак з агульнай колькасці атрымальнікам давялося заплаціць мытныя падаткі.

- Гаворка ідзе пра адпраўленні, якія прыбылі з замежных дзяржаў, акрамя краін-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза, - удакладнілі ў ДМК.

Мытныя аплаты за замежныя пасылкі налічваюць у тым выпадку, калі атрымальнік перавышае месячныя ліміты па вазе або кошту пасылак.

Нагадаем, з 14 красавіка 2016 года максімальны кошт пасылак, атрыманых за адзін месяц, абмежаваны 22 еўрамі і 10 кілаграмамі па вазе. За больш дарагія пасылкі трэба даплачваць 30% ад сумы перавышэння, але не менш як 4 еўры. Да таго ж дадаткова неабходна заплаціць мытны збор, які раўняецца 5 еўрам, за здзяйсненне мытных аперацый за кожную пасылку. У выпадку перавышэння ліміту па вазе, але не па кошту, усё лічыцца проста: 4 еўры за кожны лішні кілаграм.

Аднак у Беларусі могуць перагледзець ліміты на замежныя пасылкі. У кастрычніку гэтага года міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган паведамляў, што парог бязмытнага ўвозу тавараў у міжнародных паштовых адпраўленнях у Беларусь можа быць павялічаны.

«Ёсць прапанова павялічыць парог да 200 даляраў і 31 кілаграма. Цяпер прапрацоўваецца праект указа, які будзе ўнесены на разгляд Лукашэнкі», - заявіў міністр.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках