20 красавiка 2024, Субота, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Лукашэнку пара збіраць валізкі

47
Вольга Нікалайчык: Лукашэнку пара збіраць валізкі

Беларусь маюць узначаліць новыя арыстакраты духу, мужныя і вольныя людзі.

Пра сітуацыю ў Беларусі і свеце напярэдадні Новага года сайт Charter97.org пагаварыў з вядомай рэжысёркай і грамадзянскай актывісткай Вольгай Нікалайчык.

- Падрахоўваючы вынікі старога года на нашым сайце, вы сказалі, што самая важная падзея - гэта адкрыты выклік, кінуты ўладамі РФ беларускай незалежнасці. У чым сакрэт таго, што вы пры гэтым такая спакойная і далей займаецеся сваёй справай - удзельнічаеце ў Курапацкай варце, здымаеце натхняльныя фільмы?

- Мяне самую натхняе і мацуе тое, што Беларусь заўсёды, з часоў сівой старажытнасці, была сапраўднай еўрапейскай дзяржавай, з традыцыямі заходняй цывілізацыі.

І той шлях, які руйнаваў нашу еўрапейскую парадыгму, у параўнанні з знаходжаннем Беларусі ў еўрапейскім кантэксце, быў вельмі кароткі. Таму мы можам спакойна ісці наперад і быць упэўненымі, што надзея стаць паўнавартаснай дзяржавай ЕЗ, да таго ж у цэнтры Еўропы, конча спраўдзіцца.

Шлях гэты няпросты, але мы яго пройдзем: у нас гэта закладзена стагоддзямі ў генафондзе нацыі. Мы нідзе не будзем глядзецца арганічна, акрамя як у Еўропе.

Гэта пацвярджае і прыклад гістарычна блізкіх нам суседзяў. Прыклад Літвы, якая таксама была пад савецкім прыгнётам, але вызвалілася і стала паспяховай еўрапейскай краінай. Прыклад Украіны, якая хоць і цярністым шляхам, але вырвалася з «абдымкаў» Усходняй імперыі і ідзе да еўрапейскай мары. Так, там ідзе вайна на ўсходзе, але цывілізаваны свет не дапусціў, каб канфлікт разгарэўся на ўсю краіну. Усё ж такі прыстойных людзей у свеце больш, чым тых, хто «разумее» Пуціна.

Ёсць яшчэ адзін важны момант, які мяне натхняе. Гэта мой асабовы досвед. Як рэжысёр, я гутару з людзьмі з розных колаў – інтэлектуаламі, навукоўцамі, паэтамі, мастакамі, пенсіянерамі, настаўнікамі, рабочымі і беспрацоўнымі, вяскоўцамі…

Я здымаю пра іх фільмы, і людзі шчыра размаўляюць са мной. Паверце, простая беларуская жанчына, або пенсіянерка, ветэран працы, можа выдаваць такія «пэрлы»! Я, актывістка апазіцыі, аказваецца, размаўляю з ёй на адной мове! Яна мне кажа: «Мы ж еўрапейцы». Яна ходзіць у Нацыянальны музей, параўноўвае нашу гісторыю з цяперашнім станам і кажа: «Я не хачу існаваць у гэтай калоніі. Я супраць вайны, якую Пуцін вядзе ва Украіне».

І гэта - жанчына, якая глядзіць звычайны тэлевізар. Ейны сын працуе на трактарным заводзе. Нават самыя простыя людзі думаюць і разважаюць больш цвяроза і прагматычна, чым думаюць улады.

І пры гэтым людзі ведаюць, за кім ім ісці. І яны не скараюцца - гэта самае галоўнае. Ведаеце, у нас гэты «ген рабства»" не змог перамагчы ў генетычным плане. Простая вяскоўка або ветэранка працы, якая ўсё жыццё працавала на заводзе «Луч», здольная ў адзіночку пайсці супраць карумпаванай, неабчасанай улады Лукашэнкі і сказаць Яму: «Я – чалавек. Я - народ. Паслухай, ты будзеш захоўваць мае правы». Гэта - самае галоўнае. Гэта зерне, якое не разбуранае ўнутры беларусаў ніякімі «саўкамі» ды імперыямі.

Беларусы гатовыя да барацьбы нават у сённяшніх варунках, калі, здавалася б, улады ўжо «здалі» суверэнітэт. Я ганаруся нашымі людзьмі.

Мы маем, у процівагу савецкаму «гену рабства», ген шляхетнасці, ген арыстакратызму, які перамагае. Выявілася, што гэты ген арыстакратызму не страчаны ніводным з важных слаёў беларускага грамадства. Напрыклад, ён выяўляецца ў нашых вяскоўцаў, якія, увогуле, шмат у чым нашчадкі збяднелай і беззямельнай шляхты, якая складала ў ВКЛ больш за 10% насельніцтва.

Мы - носьбіты крыві старажытнай беларускай шляхты, крыві Каліноўскага і Касцюшкі, крыві Радзівілаў. Яна нікуды не падзелася, не трапіла ў зямлю. Проста яе трэба абудзіць.

Беларусаў маюць узначаліць новыя арыстакраты духу, мужныя і вольныя людзі - тыя, хто здольны абудзіць ген шляхетнасці і ў астатніх. А людзі ў нас такія, што ім толькі пакажы, за кім ісці: яны пабягуць з гэтай турмы, праб'юць муры голымі рукамі.

- Пасля Вашых слоў аб арыстакратах духу ўспомнілася, як вы здымалі фільмы для нашага цыкла «Жалезныя людзі Беларусі». Героямі там былі як мужчыны, так і жанчыны. Сёння Вы кажаце аб простых вяскоўцах, здольных у адзіночку кінуць выклік Лукашэнку. Дык хто, на Вашу думку, у выніку абудзіць беларусаў і зможа павесці за сабой – мужчына або жанчына?

- «Свабода для Беларусі народзіцца з звязу мужчыны і жанчыны» - гэта я так жартую, вядома.

Свабодную Беларусь я сабе часам уяўляю соннай прыгажуняй з зімовай казкі, якую трэба абудзіць. Хто будзе тым чараўніком, які пазбавіць нас ад гэтага страшнага сну, мне пакуль цяжка сказаць. Калі гэта будзе выдатны прынц, мужчына, гэта добра.

Калі гэта будзе жанчына, Беларуская Маргарэт Тэтчэр або Голда Мэір, гэта таксама добра. Магчыма, у беларусаў неўзабаве з'явіцца сучасная жанчына-ваяка, накшталт Настассі Слуцкай. Можа, гэта будзе маладая і прыгожая дзяўчына, як Эмілія Плятэр. Можа, ужо немаладая і дасведчаная, валявая жанчына. А можа - і мужчына. Мне цяжка сказаць, ды і ўсё адно.

Важна, каб гэта быў чалавек адукаваны, маральны, еўрапейскі, які паважае нашы традыцыі і заходнюю цывілізацыю, адданы сямейным вартасцям - не ў прыклад сённяшняму шклоўскаму непаразуменню, дзе нават сямейны статус незразумелы.

- А хто ў 2018 годзе быў найбольш блізкі да такога ідэалу? Назавіце «чалавека года» паводле вашай версіі. А таксама - самыя годныя справы беларусаў, якімі гэты год запомніўся.

- Я пачну з спраў. Самым годным я ўважаю святкаванне 100-годдзя БНР з мірным вулічным шэсцем - тое, якое мы паспрабавалі правесці, нягледзячы на падкопы, правакацыі і рэпрэсіі ўладаў.

Людзьмі года ў намінацыі «За мужнасць» я б найперш назвала Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага. І менавіта за гэтую спробу годна адзначыць 100-годдзе БНР. Не скарыліся нашы шляхетныя мужчыны і павялі за сабой людзей, якія не спалохаліся.

І другая гераічная падзея - гэта спроба закрыць «карчму на касцях», пабудаваную на ахоўнай тэрыторыі міжнароднага мемарыяла ў Курапатах. Мы, удзельнікі варты, выйшлі і паспрабавалі спыніць гэтае бясчынства. Мяркую, што ў нас гэта выйшла.

«Карчма на касцях» практычна спусцела - гэта раз. Яны відавочна спалохаліся - гэта два. Яны больш не пачнуць будуецца на курапацкіх тэрыторыях - гэта тры. І ў гэтай курапацкай акцыі я асабліва хачу адзначыць ролю Паўла Севярынца, які ўзначаліў гэты супраціў, нягледзячы на тое, што ў яго маленькае дзіця, якое часта не бачыць бацьку праз прызначаныя ўладамі адміністрацыйныя арышты.

Я вельмі ўдзячная Паўлу, які гэтым летам паказаў беларусам прыклад ахвярнай барацьбы за нацыянальную памяць. Напраўду, там з нашага боку было вельмі шмат годных людзей, гэта быў жывы супраціў. Але Павел яго ўзначаліў, і таму для мяне ён стаў Чалавекам года.

- Сёлета, акрамя стагоддзя БНР, адзначалася яшчэ і стагоддзе заканчэння Першай сусветнай вайны, якая і прывяла да катастрофы імперый і ўзнікнення на іх адломках суверэнных дзяржаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Як думаеце - ці чакае такі лёс і сучасную імперыю пад назвай РФ, якая пагражае незалежнасці Беларусі?

- Калі браць гістарычны кантэкст, то няма сумненняў у тым, што Расейская імперыя «ляснецца». Крах – гэта наканаванне кожнай імперыі. Вядома, што і з РФ гэта адбудзецца, пытанне толькі - калі? Хацелася б убачыць гэта на ўласныя вочы.

Хуткасць гэтага працэсу залежыць ад саміх расейцаў, якія цяпер, на шчасце, сталі пазбаўляцца ад наркатычнага чаду крамлёўскай зомба-скрыні. Можна дакладна сказаць: насельніцтва Расеі пачало абуджацца. Грамадзяне РФ хочуць дыстанцыявацца ад палітыкі Пуціна, яны цяпер часта падкрэсліваюць, што захопніцкія войны вядзе не народ, а крамлёўская мафія.

Расейская імперыя будзе разбурацца як знутры, так і звонку. Знутры - таму, што народы, якія ўваходзяць у РФ, стаміліся ад таго, што вытварае Крэмль. Ад гэтага аднолькава стаміліся і расейцы, і чачэнцы, і татары, удмурты, башкіры, якуты, у якіх Крэмль забірае практычна ўсе.

Звонку для Крамля таксама ўсё складваецца не найлепшым чынам. На Далёкім Усходзе ў гульню ўступіў Кітай, ахвочы забраць у РФ усё, што дрэнна ляжыць. А Пуцін яму ў гэтым прыяе і абсалютна спакойна аддае на стагоддзі абшары, якія шматразова перасягаюць плошчай анэксаваны Крым.

Я ўжо казала, што ў свеце значна больш добрых людзей, чым прыхільнікаў Пуціна. І я ўпэўненая, што як толькі народы Расеі пачнуць вызваленне ад імперыі, сусветная супольнасць працягне ім братнюю руку дапамогі.

Беларусы ў гэтым сэнсе таксама не вынятак. Пагатоў, мы маем гістарычны досвед уплыву на ўсходняга суседа. Можна жартаваць колькі хочаш на тэму «Саюзнай дзяржавы», але парадокс у тым, што можна прапанаваць узначаліць яго і Пуціну, а можна – і Мікалаю Статкевічу. Думаю, што другі варыянт беларусы як раз бы і падтрымалі. Як калісьці нашы продкі паставілі на чале Маскоўскай дзяржавы спадчынніка пасаду ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а затым і нашага караля і вялікага князя Уладзіслава IV Вазу.

- За час кіравання Лукашэнкі Беларусь не раз апыналася на мяжы страты суверэнітэту. Што ратавала нашу дзяржаву насуперак палітыцы дыктатара?

- Думаю, што на працягу ўсяго гэтага часу Лукашэнка баяўся выступаў беларускага народа, які б не згадзіўся са стратай незалежнасці. Нейкія аб'ектыўныя звесткі пра настроі беларусаў дыктатару мелі паступаць, таму ён усяляк маніпуляваў ідэяй «Саюзнай дзяржавы», але баяўся перайсці пэўную фатальную рысу. А цяпер колькасць патрыётаў, гатовых абараняць суверэнітэт да канца, значна ўзрасла. Дыктатар пра гэта ведае і баіцца за свой лёс.

Па-другое, паўплывала пазіцыя суседзяў. Лукашэнка, нягледзячы на свой неабчасаны, неадукаваны падыход, усё ж такі разумеў, што суседзям Беларусі - Польшчы, краінам Балтыі, Украіне - не спадабаецца, калі наша краіна страціць суверэнітэт і танкі краіны-агрэсара будуць ужо адкрыта стаяць на мяжы з NATO. Хоць расейскія войскі ўтоена і прысутныя на тэрыторыі Беларусі, але відавочная страта суверэнітэту над такім важным вайсковым плацдармам і пераход яго да расейскага агрэсара выклікалі б вельмі вострую рэакцыю самых уплывовых гульцоў сусветнай палітыкі.

Па-трэцяе, Лукашэнка баіцца Пуціна і асаблівасцяў крамлёўскай палітыкі. Бо пасля анэксіі ён можа проста раптам «знікнуць». Ён хацеў бы быць напаўнезалежным царком, які гандлюе суверэнітэтам кавалачкамі дзеля падтрымання свайго рэжыму. А ў выпадку юрыдычнай страты незалежнасці экс-старшыня саўгаса са сваёй мафіяй стане Крамлю не патрэбны, і яму скажуць: «Куфар – вакзал – немаведама куды». У гэтым сэнсе сітуацыя для рэжыму Лукашэнкі і звязаных з ім найвышэйшых чыноўнікаў вельмі непрывабная і шчыра скажам - крытычная. Яны апынуліся ў нявыкрутцы.

Мы маем цяпер свой шлях і надзеі на будучыню. Мы будзем абараняць сваю краіну і яе еўрапейскую будучыню. Як той казаў, у нашых ветразях цяпер ёсць вецер. А ў Лукашэнкі - сітуацыя патавая. Выйсцяў у яго засталося мала, калі не сказаць - не засталося наогул. Мы маем шлях наперад, у Еўропу. А заплямленыя злачынствамі супраць беларускага народа такога шляху не маюць.

- 2018 год запомніўся сваім бунтарскім духам. «Аксамітная» рэвалюцыя ў Арменіі, саступкі ўрада Францыі «жоўтым камізэлькам», пратэсты супраць «сяброў Пуціна» ў Чэхіі і Вугоршчыне, амаль перарослыя ў рэвалюцыю масавыя акцыі ў Іране. Вы кажаце, што ў Лукашэнкі сітуацыя патавая. Як доўга засталося існаваць ягонаму рэжыму? І якім чынам могуць адбыцца змены ў Беларусі?

- У мяне вельмі моцна развіта інтуіцыя. Яна мне падказвае, што гэты момант набліжаецца. Гэта будзе акурат той момант, калі Лукашэнка будзе даціснуты да сітуацыі, якая мяжуе са зборам куфра «немаведама куды». Беларускі народ адчуе гэты момант і проста выкіне яго з краіны.

Рэвалюцыяй я б гэтыя будучыя падзеі назвала ўжо пасля таго, як мы вызвалімся. Толькі падрахоўваючы вынікі можна будзе сказаць, што гэта быў за працэс і да чаго ён быў падобны – да «аксамітнай» рэвалюцыі сучаснага тыпу, або да класічнай рэвалюцыі з гісторыі, ці ўвогуле да «эвалюцыі».

Галоўнае - мы павінны быць гатовыя выйсці на вызначальную, мірную акцыю пратэсту, пайсці за нашымі лідарамі і выканаць сваё гістарычнае прызначэнне дэмантажу дыктатуры. Без гэтага мы проста не зможам глядзець у вочы дзецям і ўнукам.

Ці будзе ў нас, як у армян? Не ведаю. Магчыма, для гэтага ў нас занадта мала армян (смяецца). Надоечы актывісты ў Курапатах пажартавалі: «Можа, пара залегчы на дно? Не, у краіне занадта шмат дна». Гэты момант разумее ўсё больш беларусаў. Чым дурнейшая і ніжэйшая палітыка рэжыму, тым больш людзей хоча пакласці гэтаму канец.

Сітуацыю ў Беларусі я б цяпер вызначыла такімі словамі: гатовасць да вызвалення №1. Нягледзячы на 25 гадоў рэпрэсій, дух супраціву нікуды не знік. Наадварот - ён узмацніўся. У нас сёння 90% гатовыя сказаць Лукашэнку проста ў твар - «Прэч, сыходзь!».

А як мы гэта назавем потым, залежыць ад нас. Калі на мірную акцыю выйдуць сотні тысяч - ніхто нам нічога не зробіць. Мы адразу пераможам - і ўсё тут.

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках