28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: 2018 год быў перадрэвалюцыйным

9
Зміцер Бандарэнка: 2018 год быў перадрэвалюцыйным

Эканамічны пісталет прыстаўлены да галоваў няўдачнікаў Пуціна і Лукашэнкі.

Пра гэта ў каментары вынікаў 2018 года сайту Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Якія падзеі ў свеце, на вашу думку, былі найбольш значнымі і аб'ектыўна ўплывалі і на сітуацыю ў Беларусі?

- Калі характарызаваць падзеі агулам, то можна сказаць, што 2018 год быў барацьбой старога і новага на ўсіх узроўнях – і ў свеце, і ў нашым рэгіёне, і ў нашай краіне.

На мой погляд, гэта тлумачыцца тым, што ў свеце адбываецца тэхналагічная рэвалюцыя. І заўсёды так атрымліваецца, што тэхналагічны прагрэс вельмі моцна ўплывае і на палітычныя працэсы.

Таму ў першую чаргу я б вызначыў такія падзеі, як прадаўжэнне сланцавай рэвалюцыі ў ЗША. Так як таталітарныя і аўтарытарныя рэжымы ў свеце шмат у чым звязаныя з высокай рэнтай ад продажу нафты і газу, то тэхналагічная рэвалюцыя ў здабычы вуглевадародаў у ЗША ўплывае на эканоміку і палітыку ўсяго свету.

Мы бачым, што нечаканы рост здабычы сланцавых нафты і газу ў Амерыцы прывёў да вялізнага падзення коштаў «чорнага золата» ў канцы года. Журналісты неяк выпусцілі той факт, што калі нафта была яшчэ па 80 даляраў за барэль, то ў асобных раёнах Канады яна ўжо каштавала 20 даляраў. Немагчымасць яе транспартаваць праз адсутнасць трубаправодаў паўплывала на тое, што пры самавывазе гэтая нафта ўпала да кошту 20 даляраў за барэль. Гэта сведчыць аб тым, што рэнтабельнасць здабычы нафты значна знізілася і гэта будзе вельмі моцным фактарам уплыву на сусветную эканоміку і палітыку.

Таксама мы бачым прадаўжэнне тэхналагічнай рэвалюцыі ў сучасных сферах. Праявай гэтага сталі дасягненні Ілона Маска - і ў аўтамабілебудаванні, і ў космасе. У канцы года мы ўжо ведаем, што Рычард Брэнсан запусціў свой праект касмічнага турызму. Гэта будзе азначаць, што з'явяцца тысячы новых спадарожнікаў сувязі, і будзе рэалізоўвацца ідэя Маска аб раздачы інтэрнэту для ўсяго насельніцтва Зямлі.

Гэтыя падзеі будуць уплываць на ўвесь свет. Атрымліваецца, што тэхналогіі ідуць наперад, а палітычныя формы і дзеянні палітыкаў застаюцца архаічнымі.

Адначасова з гэтым, як многія мяркуюць, мы знаходзімся ў фазе змены сусветнага гегемона. Нагадаю, што ЗША сталі такім гегемонам у 1945 годзе, і стогадовы цыкл будзе заканчвацца ў 2045 - м, а апошняя фаза цыклу – гэта перыяд гегеманісцкіх войнаў.

І мы бачым узнікненне канфлікту паміж ЗША і Кітаем: гандлёвыя войны, якія ўжо паўплывалі на развіццё сусветнай эканомікі.

Таксама варта ўспомніць падзеі на Блізкім Усходзе. Як вядома, прадказаны Армагедон, Сусветная бітва дабра і зла, павінен адбыцца менавіта там. Падзеі ў Сірыі і на Блізкім Усходзе агулам гавораць аб тым, што трэба заўсёды назіраць за гэтым рэгіёнам. Таму што там ужо адбыліся наўпроставыя сутыкненні паміж узброенымі сіламі ЗША і расейскіх наймітаў.

Гэты клубок – уплыў Ірана, супярэчнасці Ірана і Саудаўскай Арабіі, імкненне Ірана і паслухмяных яму сіл знішчыць Ізраіль - вельмі важны для ўсяго сусветнага развіцця.

Хачу адзначыць яшчэ рэгіянальны фактар, важны для Беларусі. Гэта стагоддзе здабыцця незалежнасці цэлым шэрагам дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Калісьці гэта стала рэхам сусветнага глабальнага канфлікту, Першай сусветнай вайны і распаду некалькіх імперый.

Фактар стагоддзя незалежнасцяў паказаў важнасць нашага рэгіёну для еўрапейскага і сусветнага развіцця. Тое, што наша суседка Польшча спрабуе нейкім чынам калі не аб'яднаць, то хаця б каардынаваць палітыку і эканамічныя стратэгічныя праекты краін Міжмор'я, ці краін АВС, кажа пра важнасць нашага рэгіёну.

Дарэчы, эканоміка краін Вышаградскай групы з'яўляецца больш важнай для Нямеччыны ў плане экспарту, чым Францыя. Гэта значыць, чатыры краіны Новай Еўропы напраўду моцныя і могуць уплываць на еўрапейскую палітыку. Гэтыя тэндэнцыі ва ўзаемадзеянні краін Міжмор'я я б адзначыў як адзін з важных фактараў.

- А што з уласна беларускіх падзеяў вы б адзначылі як найбольш важную і знакавую для старога года?

- Беларусь як невялікая краіна залежыць ад сусветных і рэгіянальных тэндэнцый развіцця і эканомікі, і палітыкі.

І тут для нашай краіны выразна відаць неадпаведнасць адсталых палітычных формаў сусветнаму тэхналагічнаму прарыву. Гэта і тлумачыць усё, што адбываецца ў нас.

Мы назіраем адсталасць Беларусі і ў сферы эканомікі, і ў сферы тэхналогій, і самае галоўнае - у сферы палітыкі. Наша краіна цягам сваёй шматвяковай гісторыі ведала значна больш свабодныя формы праўлення, чым тыя, якія ёсць цяпер.

У гэтай фазе тэхналагічнага адставання знаходзіцца і Расея, але ў Беларусі, як у больш еўрапейскай краіне, гэтыя супярэчнасці ўжо падспудна падыходзяць да выбуху. Натуральна, улада спрабуе яшчэ больш таталізаваць сістэму. Мы гэта бачылі ў ціску на незалежных журналістаў, у спробах кантраляваць інтэрнэт. Мы бачым, што ўрок пратэстаў абураных беларусаў не стаў для ўлады навукай, улада не зрабіла высноў.

З іншага боку, мы бачым імкненне і моладзі, і насельніцтва агулам змяніць сваё жыццё і палітычную сітуацыю ў краіне. Гэта былі ў асноўным нясмелыя пратэсты - сведчанні нясмеласці новага пакалення беларусаў. Прыкладам стала адзначэнне 100-годдзя БНР, калі маладыя прадстаўнікі беларускага соцыуму, так званыя «маладыя палітыкі», на мой погляд, павялі сябе вельмі баязліва. Але відаць, што незадаволенасць уладай у Беларусі праяўляецца на ўсіх узроўнях і сярод усіх груп насельніцтва.

Можна сказаць, што мінулы 2018 год быў перадрэвалюцыйным, калі супярэчнасці ў краіне назапашваліся, былі бачныя, але яшчэ не прывялі да сур'ёзных зрухаў.

Такая сітуацыя назіраецца і ў Расеі, якой гэтая тэхналагічная, эканамічная і палітычная адсталасць пагражае проста развалам гэтак жа, як Савецкаму Саюзу. І тым, хто жыў у часы СССР, няўзброеным вокам відаць, што Расея ідзе такім жа шляхам, але пры больш агрэсіўным кіраўніцтве.

Трэба таксама скасаваць вельмі важны для Беларусі фактар Украіны, якая імкнецца дрэйфаваць у бок еўрапейскай, дэмакратычнай цывілізацыі. Здабыццё незалежнасці Праваслаўнай Царквой Украіны стала з'явай і рэгіянальнага, і сусветнага маштабу. Яно ўплывае і на Беларусь, бо РПЦ, якая дамінуе ў краіне, з прычыны ўкраінскіх працэсаў фактычна ўжо з'яўляецца нелегітымнай. Гэта ў свой час адаб'ецца і на сітуацыі ў Беларусі.

- Зыходзячы з праведзенага вамі аналізу, як могуць развівацца падзеі для Беларусі і беларусаў у 2019 годзе?

- Я думаю, што на ўсіх узроўнях – глабальным, рэгіянальным і нацыянальным – барацьба новага са старым узмоцніцца. Эканамічны і тэхналагічны пісталет прыстаўлены да галоваў архаічных, таталітарных кіраўнікоў-няўдачнікаў Лукашэнкі і Пуціна.

Гэтым будзе вызначацца развіццё падзей у нашай краіне. Асабліва таму, што супярэчнасці ў варунках недахопу эканамічных і фінансавых рэсурсаў будуць абвастрацца ў тым ліку і паміж Лукашэнкам і Пуціным.

І чаканыя фармальныя «выбары» ў Беларусі могуць стаць каталізатарам гэтых працэсаў. Адначасова мы будзем бачыць, што розныя групы насельніцтва будуць супраціўляцца дзеянням нахабнай уладнай праслойкі, якая будуе сабе палацы і рэзідэнцыі, раз'язджае на «Майбахах», будуе катэджы, адначасова прадаўжаючы рабаваць насельніцтва.

Зразумела, што так не можа прадаўжацца доўга «кацёл» можа проста падарвацца. У сувязі з тэхналагічнымі рэвалюцыямі, сланцавай рэвалюцыяй і іх уплывам на кошты на монапрадукты - нафтапрадукты з расейскай нафты, за кошт якіх жыве беларуская дыктатура - за кошт скарачэння яе нафтавай рэнты, можа проста адбыцца сацыяльны выбух.

Гэтай мой прагноз: так здарыцца або ў 2019, або ў 2020 годзе. У 2017 годзе ўлады здолелі здушыць пратэсты. Але спецыялісты кажуць, што паразітычная мадэль луканомікі вычарпала сабе яшчэ да 2011 года, і цяпер адбываецца свайго кшталту агонія, калі ўлады спрабуюць трымацца за кошт сілавікоў, але не мяняюць нічога ў эканоміцы і палітыцы.

Вынікам можа быць рэвалюцыя, якая гарманізуе сітуацыю - каб Беларусь адпавядала сусветным і рэгіянальным тэндэнцыям тэхналагічнага прагрэсу і імкнення да свабоды.

А мы ведаем, што без свабоды нармальнага тэхналагічнага і эканамічнага развіцця не бывае. Усё астатняе - гэта часовыя з'явы.

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас [email protected]

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках