20 красавiка 2024, Субота, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Плошча - ёсць!

53
Плошча - ёсць!

А дзе вы былі ў тую ноч, 19 снежня?

Што адчувалі? Пра што думалі?..

Я, як і многія беларусы перад тымі выбарамі, не верыў ні ў пратэсты, ні ў перамены. Адсутнасць адзінага кандыдата, масавыя візіты замежных дэлегацый, заўважная адліга падчас кампаніі ўсіх расслабіла, і змарыла адначасова. У сам дзень 19 снежня я назіраў на ўчастку ў Савецкім раёне. У нас адназначна перамагаў Саннікаў, але высыпаўшы бюлетэні датэрміновага галасавання, Саньнікаву запісалі 15-20 адсоткаў…

Падлік скончыўся. Выходзім з участку. І тут пачынаецца дзіўнае. Інтэрнэт не працуе. Па абрывістых тэлефонных размовах разумею, што Плошча — ёсьць. Ляцім у цэнтар. Ня веру вачам. Праспэкт поўны, не прадыхнуць. Гэта былі моманты эўфарыі, якія хутка скончыліся самым брутальным разгонам, мабыць, за ўсю сучасную гісторыю Беларусі.

Памятаю, калі ўсё пачалося, на сэкунду пабачыў маму, заціснутую паміж шэрагам АМАПу і помнікам Леніну. Потым раздаліся хлапкі, аднекуль узнік новы ланцуг «касманаўтаў», і праз сэкунду нікога ўжо не было на яе месцы…

У нашым квадраце, акружаным міліцыяй, было чалавек 30. У мяне быў мэгафон. Мы пачалі скандаваць «Міліцыя з народам». Раптам міліцыянты пайшлі ў наступ. Усе пачалі бегчы, і я пабег.

У іх былі электрашокеры, у некаторых — дубінкі. Мне нечым заехалі па галаве, я ўпаў. Ледзь не разбіў галаву, шапка ўратавала. Нехта падхапіў пад рукі і пацягнуў у бок Чырвонага касцёла. Мэгафона ў руках ужо не было. Касцёл быў замкнуты. Нас атачылі на ўваходзе. Мы пачалі спяваць. Але амапаўцы пайшлі ў наступ. Мы зноў пабеглі.

Нейкім цудам вырваліся. Дабеглі да макдаку на Кастрычніцкай. Пачалі танчыць, спяваць «Тры чарапахі». Але і там нас дагналі. Потым пабеглі ў бок Нямігі… Працягваць даганялкі ўжо не мела сэнсу.

Праз некалькі дзён мы зладзілі акцыю салідарнасці з арыштаванымі каля Акрэсціна. Паставілі свечкі. Запусцілі феерверкі. Ад арышту мяне ўратавала здымачная група AlJazeera, якая правяла да самага дому, і шасцёра міліцыянтаў у цывільным проста не наважылі вязаць на камеру. Наступны тыдзень я хаваўся, але перад самым новым годам — усё ж злавілі. Уключыў тэлефон на адну смс — праз 10 хвілін ужо было аўто.

У турме не было сумна. Бо ўсе свае.

А вы памятаеце той дзень?

Франак Вячорка, Фэйсбук

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках