19 красавiка 2024, Пятніца, 5:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы застануцца без пенсій?

13
Беларусы застануцца без пенсій?

Колькасць завінавачаных перад ФСАН пастаянна расце.

Стратныя прадпрыемствы - не адзіная праблема нашай эканомікі. Расце і запазычанасць аб'ектаў гаспадарання перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Такіх завінавачаных налічвалі ўжо блізу трохсот. Ці азначае гэта, што ў хуткім часе беларусам не будзе з чаго плаціць пенсію - разбіраўся «Белсат».

Глыбоччына, Віцебская вобласць. Сёння тут працуе больш за сотню самых розных прадпрыемстваў і арганізацый. Тут робяць вядомую, бадай, на ўвесь свет глыбоцкую згушчонку, працуе найбуйнейшы ў краіне камбікормавы завод. Вось толькі пахваліцца рэгіёну эканамічнымі поспехамі цяжкавата: Глыбоцкі раён – адзін з лідараў у запазычанасцях перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

Кастусь Шыталь, блогер:

«У сельскай гаспадарцы ўлады намагаюцца, каб выконваліся паказнікі: збіраліся ўраджаі, выконваліся надоі, і было мяса. Але пры гэтым не думаюць пра людзей – важнейшая вытворчасць, а не людзі. І таму не плацяцца гэтыя ўнёскі ў ФСАН».

Акрамя таго, што на Глыбоччыне налічваецца трынаццаць гэткіх прадпрыемстваў, што нямала для раёну з насельніцтвам 38 тысяч чалавек, рэгіён яшчэ і выйшаў у лідары ў агульнай суме запазычанасці перад фондам. На 1-га ліпеня яна склала больш за тры з паловаю мільёны рублёў.

Марыя Тупека, галоўная эканамістка УП «Канстанцінаў двор»:

«Больш запазычанасцяў не за бягучыя выплаты, а запазычанасць яшчэ 90-х гадоў, калі паводле ўказу гэткія плацяжы былі адкладзеныя, а калі прыйшоў тэрмін іх сплачваць, іх не плацілі. У выніку набягае сума штрафаў і пеняў».

Унітарнае прадпрыемства «Канстанцінаў двор», якое прэзентуе Марыя Тупека, завінавацілася фонду больш за 470 тысяч рублёў. Аднак гэта не значыць, што плацяжы ў фонд не робяцца, бо пакуль ён іх не атрымае, прадпрыемства проста не зможа выплаціць заробкаў.

Марыя Тупека, галоўная эканамістка УП «Канстанцінаў двор»:

«Вядома, людзі спадзяюцца, што пенсію яны зарабляюць. І пакуль – пакуль яшчэ – усе, хто выходзіць на пенсію, у каго падыходзіць тэрмін выхаду на пенсію, то адносна гэтых людзей запазычанасць закрываецца».

І хоць суб’екты гаспадарання намагаюцца сплачваць мінулыя запазычанні, справа рухаецца павольна, бо ў прадпрыемстваў і так шмат іншых пазык – напрыклад, у банкаў. Запазычанасці ж перад Фондам не лічацца першачарговымі.

Старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч:

«Проста ў прадпрыемстваў няма грошай. Не тое каб яны не хацелі адлічваць, у іх проста няма грошай. А гэта вельмі сурʼёзная памылка ў эканоміцы. Яны пастаянна крэдытуюцца дзяржавай, а гэта не спрацоўвае. І ў выніку мы бачым тое, што бачым сёння».

А бачым мы наступнае: найбольш нашых суайчыннікаў, якія рызыкуюць застацца без пенсіі, жывуць акурат на Віцебшчыне – тут ажно 117 прадпрыемстваў застаюцца завінавачанымі перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва. Адмыслоўцы мяркуюць, што адной з прычын гэткай сітуацыі сталі прыродныя ўмовы для вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці ў гэтым рэгіёне, які традыцыйна ўважаецца аграрным. На поўначы Беларусі гэткія ўмовы, вядома, не найлепшыя – у той час як попыт на прадукцыю паўсюль аднолькавы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках