ЦБ РФ: Кошт нафты можа ўпасці да $35 за барэль
13- 8.10.2018, 18:37
- 22,858
Цэнтрабанк РФ заявіў пра магчымыя ўзмацненні жорсткасці санкцый супраць Крамля.
Цэнтрабанк РФ у сваіх прагнозах зыходзіць з таго, што санкцыі, уведзеныя раней у дачыненні да Расеі, будуць захаваны, заявіла, выступаючы ў Савеце Федэрацыі, першая намесніца старшыні ЦБ РФ Ксенія Юдаева. Рызыковы ж сцэнар, з ейных слоў, складзены зыходзячы з таго, што санкцыі найбліжэйшыя тры гады будуць узмацняцца, а вось кошт нафты рэзка ўпадзе, паведамляе РБК.
«Дадаткова мы таксама разглядаем і рызыковы сцэнар, які прадугледжвае зніжэнне кошту нафты да $35 за барэль і ўзмацненне санкцый», - сказала Юдаева.
У пачатку кастрычніка 2018 года кошт барэля расейскай нафты маркі Urals вагаецца вышэй за адзнаку $80. Базавы сцэнар ЦБР мяркуе зніжэнне кошту барэля Urals да сярэдняга ўзроўню $55 у 2020-2021 гадах. Пры рэалізацыі рызыкоўнага сцэнару ЦБ кошт барэля Urals ужо у 2019 годзе можа ўпасці больш чым удвая. Паводле ацэнкі ЦБ, такое падзенне прывядзе да паскарэння інфляцыі і спынення росту ВУП краіны.
У сярэдзіне верасня ЦБ паведамляў, што пры рэалізацыі рызыкоўнага сцэнару Расея можа сутыкнуцца з рэцэсіяй. Канкрэтных умоў рызыкоўнага сцэнару рэгулятар тады не прывёў, адзначыўшы толькі, што ў яго закладзены «перадумовы аб значным пагаршэнні знешніх умоў для расейскай эканомікі, больш слабой дынаміцы росту сусветнай эканомікі і аб'ёмаў міжнароднага гандлю» на фоне пашырэння знешнегандлёвых абмежаванняў, пагаршэння макраэканамічнай сітуацыі ў краінах з рынкамі, што развіваюцца і павышэння адтоку капіталу з іх.
Акрамя таго, Юдаева папярэдзіла, што бачыць рызыкі невыканання праграмы дзяржаўных запазычанняў.
«Ва ўмовах валацільнасць рызык ёсць імавернасць, што бюджэт не зможа ў поўнай меры прыцягнуць з рынкаў тыя аб'ёмы запазычанняў, якія запланаваныя. Безумоўна, у бюджэце могуць знайсціся іншыя рэсурсы для таго, каб выканаць свае абавязанні, але тым не менш, напэўна, пры планаванні бюджэту трэба задумацца і аб некаторым плане дзеянняў на выпадак рэалізацыі гэтай рызыкі», - падкрэсліла Юдаева.
Праект бюджэту Расеі на 2019 г. і планавы перыяд 2020-2021 гадоў прадугледжвае прыцягненне у 2019 годзе праз выпуск аблігацый федэральнай пазыкі 2,47 трлн рублёў, у 2020 годзе - 2,42 трлн рублёў, у 2021 годзе - 2,6 трлн руб. Праграма замежных запазычанняў прадугледжвае прыцягненне штогод да $3 млрд.