29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працоўная міграцыя з Беларусі ў Польшчу: дынаміка ўражвае

39
Працоўная міграцыя з Беларусі ў Польшчу: дынаміка ўражвае

Цяпер працу ў Польшчы беларусы шукаюць утрая часцей, чым у Расеі.

Польшча становіцца ўсё больш прывабнай краінай для беларускіх працоўных мігрантаў. Пра гэта, сярод іншага, ішла размова 5 кастрычніка ў менскім Прэс-клубе на дыскусіі пра беларуска-польскія стасункі, піша "Немецкая волна".

Яшчэ пяць гадоў таму ў беларускіх гарадах аб'явы пра працу ў Польшчы былі вялікай рэдкасцю, цяпер яны ёсць нават у невялікіх населеных пунктах ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі, і гэта – тэндэнцыя. Акрамя таго, аналіз запытаў у пошукавых сістэмах у інтэрнэце сведчыць пра тое, што цяпер працу ў Польшчы беларусы шукаюць утрая часцей, чым у Расеі, у той час як яшчэ ў 2015 годзе сітуацыя была адваротнай. Да пачатку 2016 года беларускія працоўныя мігранты ў асноўным знаходзіліся на расейскім рынку працы.

З такога назірання пачаў прэзентацыю даследавання "Міграцыя паміж Беларуссю і Польшчай: тэндэнцыі і перспектывы" ягоны аўтар Андрэй Елісееў, акадэмічны дырэктар варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST.

"Картаў паляка" ў беларусаў стала больш

Колькасць атрыманых беларусамі працоўных візаў у Польшчу павялічылася з 2014 да 2017 года амаль у сем разоў: з 1591 да 10 518. А сёлета, адзначыў Елісееў, польскія консульствы выдалі ў Беларусі блізу 40 000 працоўных візаў. Акрамя таго, у 10–12 разоў за апошнія тры-чатыры гады вырасла колькасць запрашэнняў беларусам ад польскіх працадаўцаў, выдадзеных у рамках спрошчанага парадку працаўладкавання.

Што тычыцца доўгатэрміновай міграцыі, то за апошнія гады колькасць беларусаў, якія маюць від на жыхарства ў Польшчы, не вырасла, але, тлумачыць Елісееў, павялічылася колькасць уладальнікаў "картаў паляка" (іх больш за 100 000), і ў іх ёсць права легальна працаўладкавацца ў Польшчы .

Профіль беларускага працоўнага мігранта

Нязменным цягам апошніх гадоў, адзначае Елісееў, застаецца партрэт беларускага працоўнага мігранта ў Польшчы. Гэта мужчына ва ўзросце да 40 гадоў, які працуе ў будаўніцтве або на транспарце ў Варшаве, Гданьску ці Познані і іх наваколлі. Жанчынаў сярод працоўных мігрантаў блізу 15 адсоткаў, але іхняя колькасць, упэўнены эксперт, будзе расці.

Паводле назірання Кшыштафа Мрозека, прадстаўніка Фонду імя Стэфана Баторыя, на фоне амаль 2 мільёнаў працоўных мігрантаў з Украіны, прысутнасць беларусаў на польскім рынку працы не кідаецца ў вочы, а праблемы, звязаныя з парушэннем працоўных правоў, узнікаюць у працоўных мігрантаў з розных краінаў. Аднак, як кажа Мрозек, мяркуючы з таго, што пішуць у польскіх СМІ, а таксама з расказаў ягоных знаёмых – беларусаў, якія працуюць у Польшчы, – ніякага варожага стаўлення з боку мясцовага насельніцтва яны не адчуваюць і досыць лёгка інтэгруюцца ў польскае грамадства.

Чакаецца рост працоўнай міграцыі з Беларусі ў Польшчу

Параўнанне заробкаў і ўзроўню жыцця – па-ранейшаму не на карысць Беларусі. Эксперты прагназуюць рост кароткатэрміновай і доўгатэрміновай працоўнай міграцыі беларусаў у Польшчу. Пры гэтым у першым выпадку наступствы хутчэй станоўчыя: зніжаецца сацыяльная напружанасць, бо ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі ёсць праблемы з працаўладкаваннем. Акрамя таго, заробленыя працоўнымі мігрантамі грошы ў два-тры разы памяншаюць колькасць хатніх гаспадарак у Беларусі, якія жывуць за мяжой беднасці.

Наступствы доўгатэрміновай працоўнай міграцыі, паводле ацэнкі Андрэя Елісеева, хутчэй негатыўныя. У Польшчы цяпер вучацца ўжо больш за 5000 беларускіх студэнтаў, польскія ўніверсітэты становяцца год ад году ўсё больш папулярнымі сярод беларускай моладзі. Такім чынам, высокакваліфікаваныя беларусы – і тыя, хто яшчэ вучыцца, і тыя, хто ўжо з'ехаў і паспяхова падымаецца па кар'ернай лесвіцы ў Польшчы, наўрад ці вернуцца. І гэта, вядома, на шкоду Беларусі, падкрэсліў Елісееў.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках