29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пернікавы дамок на мяжы банкруцтва

53
Пернікавы дамок на мяжы банкруцтва
Усадьба Лукашенко в Александрии-2

І ніякіх рэальных спосабаў папоўніць казну няма.

Гэтыя двое стаялі перад пернікавым дамком. І адзін запэўніваў іншага, што менавіта тут і нарадзіўся. Але паверыць у гэта было амаль немагчыма. Дагледжаны лужок. Старанна падстрыжаныя кусцікі. Белыя стаўні. Акуратна выбрукаваныя дарожкі. І такая ж вылізаная вёсачка па той бок паркана. Зусім пустая – парупілася ахова.

Пуцін пакратаў недаверліва кару старога дрэва - не чакаў убачыць нешта натуральнае ў гэтым стэрыльным маленькім запаведніку. Магчыма, мемарыяльнай задуме хаўрусніка пазайздросціў нават. Такімі дамкамі адзначаныя на стагоддзі месцы з'яўлення на свет таварышаў Мао і Кім Ір Сена. І вось гэты таксама ўбудаваўся ўпэўнена ў іх памятны шэраг. А ў яго, палымянага прыхільніка шматпалярнага свету, нічога таклга няма. Крыўдна!

Потым яны пачаставаліся дранікамі. Запілі вадой з крыніцы. І адышлі ў палеткі. Больш іх ніхто не бачыў.

А грандыёзны Форум рэгіёнаў Расеі, які і сабраны быў у Магілёве з нагоды найвышэйшага візіту двух неразлучных хаўруснікаў, набіраў размах і неўтаймоўную сілу. Толькі цяпер ужо сам па сабе. Бравыя рэгіяналы старанна надзімалі ладна патрапаны балонік інтэграцыі. Губернатары апавяшчалі колькасць укладзеных і ўяўных дамоваў. Усе настойлівей гучала выніковая лічба -500 мільёнаў. Чамусьці не рублёў, тутэйшых або суседскіх, а даляраў. Вядома, жаданая лічба пакуль яшчэ толькі ў праекце. Але з часам, калі праславуты рак на гары падасць сігнал свістком, намечаны паказчык будзе дасягнуты.

Пра тое, што рэальна стаіць за гэтымі лічбамі, палымянымі запэўненнямі ў адміністрацыйнай дружбе і чыноўніцкімі адкрыццямі ў буфеце, распавёў губернатар Тульскай вобласці. «Так, у Тульскай і Магілёўскай абласцей няма агульнай мяжы. Але хіба гэта нешта мяняе»? І тут жа разгарнуў натхняльны план інтэграцыі. У ягонай вобласці наважылі вырошчваць беларускую бульбу. А ў Беларусь яны будуць пастаўляць ужо бульбяныя шматкі. І няцяжка ўявіць, якое дзіўнае жыццё закіпіць пад шатамі гэтага грандыёзнага плана.

І нават дыктатар, які ў тую радасную раніцу яшчэ не настроіўся на лірычную тэму роднага аграгарадка, упэўнена рапартаваў высокаму сходу аб асабістых дасягненнях у гэтым кірунку. «Нарэшце напярэдадні форуму мы дамовіліся аб тым, як будуць развязвацца нашы праблемы». Вось радасць жа якая – яны дамовіліся!

Аднак расейскі міністр энэргетыкі цалкам сапсаваў светлую хвіліну простай крамлёўскай-драздоўскай радасці. Абвясціў там у Маскве, што ўведзеная забарона на пастаўку ў Беларусь светлых і цёмных нафтапрадуктаў, ды яшчэ і звадкаванага газу, да канца 2019 года. А нафтавы складнік нашай унікальнай эканомікі - гэта 40 адсоткаў валютнага экспарту. Вось так праз адзін неасцярожны рух нейкага чыноўніка здзьмуўся і скурчыўся даўні міф аб брацкай дружбе двух народаў і іх унікальных лідараў. Як кажуць у колах сваіх звычайных, ад нашага стала – да вашага стала.

І трэба ж было гэты трук прымеркаваць менавіта да Форуму, які, на думку яго арганізатараў, атрымаўся на ўсе сто. Ды яшчэ калі Пуцін прыехаў - выступіць з прамовай і зірнуць яшчэ раз на суразмоўцу, да якога так прывязаўся пасля размоў у Сочы. А тут - неспадзяванка! Нейкая нафта. Нейкія аддаленыя пагрозы. Зразумелая справа, што яшчэ і не такая забарона можа адбыцца ва ўсякі момант. А фактычна – нічога асаблівага. Проста дыктатару яшчэ раз нагадалі, хто ёсць хто.

Пуцін з ім сустракаецца за нейкі месяц трэцім разам. Проста так? А можа быць, ён вельмі заклапочаны тым, як будзе праходзіць паміж абласцямі, Тульскай і Магілёўскай, абмен пучка пятрушкі на пучок морквы. Працэс настолькі важны, што чалавек, надзелены бязмежнай уладай, кідае ўсё і ўжо спяшаецца асабіста прасачыць мудрагелістую схему ператварэння пятрушкі ў эквівалент морквы. Кожнаму зразумела, што такія пытанні развязваюцца заўсёды на вышэйшым узроўні. Інтэграцыя – справа не простая.

Халодная вайна набірае тэмп часоў даўно пройдзеных. Расеі з яе неўтаймаванымі імперскімі амбіцыямі пазарэз патрэбен выхад на мяжу з Еўразвязам. Пасля аблому з Украінай - лепш бы не занадта скандальны, без наступстваў. А тут - такі ўдалы варыянт. Саюзная дзяржава, АДКБ і іншыя хітрыя пасткі. Усё тая ж Калінінградская вобласць на наўпроставым флангу. І Сувалкскі калідор спакусніцкі да крайнасці. А таму не абавязкова пачынаць з зялёных чалавечкаў. Можна першым эшалонам запусціць кантынгент адборных бюракратаў. І амаль забытую саюзную дамову напоўніць зноўку канкрэтным сэнсам.

Тым больш, што бяжыць насустрач з распасцёртымі абдымкамі дзіўны чалавек, надзелены вышэйшай уладай. У яго грошай няма - ён гатовы на ўсё. Увесь выдаткаваўся. Увесь у пазыках. Толькі налета трэба выплаціць тры з паловай мільярды даляраў. А дзе іх узяць? Вось і радуецца прастадушна нават нейкай рэшце ранейшага крэдыту, які пасля доўгай валакіты нарэшце пералічылі. Мясцовая тэлевізія які дзень трубіць аб нечуванай шчодрасці хаўрусніка. Гэта ж трэба – дзвесце мільёнаў!

Вось толькі дзе ўзяць неабходную суму? Як ні круці, а давядзецца зноў ісці на паклон усё туды ж. Але дыктатару чамусьці здаецца, што лімітаваная паслужлівасць, якая пераходзіць у дробную ліслівасць, абавязкова павінна прынесці шуканыя дывідэнды. А таму ён здзяйсняе нейкія дзіўныя ўчынкі. Палохае паплечнікаў непазбежнасцю ўваходжання ў склад іншай дзяржавы. Або абяцае раптам раздаць народу сем мільёнаў кулямётаў і аўтаматаў. Прымаючы новага расейскага амбасадара, пачаў пераконваць таго, што Пуцін ніколі не прапаноўваў беларусам увайсці ў склад Расеі. Дзіўная няпамятлівасць.

Хіба не яго, інтэгратара і гаранта, у жніўні 2002 года ўсё той жа Пуцін запрасіў у Крэмль і без лішніх цырымоній заявіў, што палітычныя эліты цалкам паспелі для рэальнага аб'яднання Расеі і Беларусі. Прапанаваў з гэтым не марудзіць. І ўжо ў траўні наступнага года правесці рэферэндум для аб'яднання, а ў снежні 2004 года і выбары кіраўніка адзінай дзяржавы. Выявілася, што ў Пуціна ўжо падрыхтаваныя тры пытанні на той жаданы рэферэндум.

Асабліва красамоўным было трэцяе. «Ці згодныя вы на аб'яднанне Расеі і Беларусі і стварэнне адзіных органаў улады адзінай дзяржавы на аснове Канстытуцыі Расейскай Федэрацыі?»

І што ж, сёння, калі Расея нават і не ўтойвае свайго намеру вярнуцца да савецкіх межаў 1941 года, Пуцін адмовіцца ад таго старой задумы? Тым больш, што прыкметна пастарэлы і да крайнасці згалелы хаўруснік сустракае яго ў Магілёве дагодлівай фразай: «рады вітаць вас на гэтым лапіку, можна сказаць, расейскай зямлі».

Гэта што яшчэ за навіны? Калі горад з велічнай ратушай стаў нейкім «лапікам», ды яшчэ чужым?

Бессэнсоўна задаваць нейкія пытанні. Рэжым на грані банкруцтва. І ніякіх рэальных спосабаў папоўніць казну цяперашняя каманда пакуль не бачыць. А таму ў такіх выпадках уключаецца неадольнае жаданне зрабіць паслугу багатаму суседу. Людзі, якія прыйшлі ва ўладу выпадкова, ніадкуль, проста ўпэўненыя, што рабская пакорлівасць і ўбогая ліслівасць акупяцца абавязкова. І кіраўнік, які прыніжае краіну, не сумняваецца, што народ яго зразумее. Ацэніць намаганні. І усё яму даруе.

Пустыя надзеі. Не ацэніць. Не даруе.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках