28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп: Мы прадоўжым пастаўкі зброі Саудаўскай Арабіі

Трамп: Мы прадоўжым пастаўкі зброі Саудаўскай Арабіі

Кіраўнік Белага дома не бачыць прычын спыняць пастаўкі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што не бачыць прычын для спынення паставак зброі ў Саудаўскую Арабію ў сувязі са знікненнем саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі, паведамляе «Голас Амерыкі».

Хашогі, вядомы крытык саудаўскай палітыкі, прапаў пасля таго, як зайшоў у консульства Саудаўскай Арабіі ў Стамбуле 2 кастрычніка. Турэцкія ўлады падазраюць, што яго маглі забіць у будынку.

Падчас размовы з журналістамі Трамп сказаў, што не бачыць прычын блакаваць кантракты на пастаўку зброі ў Саудаўскую Арабію або інвестыцыі краіны ў ЗША, нягледзячы на сітуацыю вакол Хашогі. З ягоных слоў, у такім выпадку блізкаўсходняя краіна проста пераразмяркуе грошы ў Расею і Кітай.

«Яны марнуюць 110 мільярдаў даляраў на вайсковую тэхніку і рэчы, якія ствараюць працоўныя месцы...для гэтай краіны. Мне не падабаецца канцэпцыя стрымання інвестыцый на 110 мільярдаў даляраў у ЗША, бо ведаеце, што яны зробяць? Яны возьмуць і выдаткуюць гэтыя грошы ў Расеі ці ў Кітаі, ці дзе-небудзь яшчэ», - заявіў прэзідэнт.

Ягоная заява выклікала рэзкую рэакцыю з боку чальцоў Сената, у тым ліку і рэспубліканцаў. Многія з іх у сераду падпісалі ліст, каб падрыхтаваць глебу для ўвядзення санкцый у дачыненні да саудаўскіх чыноўнікаў.

У адпаведнасці з глабальным законам Магніцкага аб адказнасці за парушэнні правоў чалавека, гэты ліст абавязвае Белы дом цягам 120 дзён паведаміць Кангрэсу свой пункт гледжання аб тым, ці сапраўды мела месца парушэнне правоў чалавека і ці варта ўвесці санкцыі.

«Калі будзе ўстаноўлена, што яны забілі журналіста, гэта моцна зменіць нашы стасункі, - сказаў журналістам сенатар Боб Коркер, які ўзначальвае камітэт у міжнародных стасунках. - Павінны будуць рушыць услед сур'ёзныя санкцыі на вышэйшых узроўнях».

У адпаведнасці з амерыканскім заканадаўствам, Кангрэс можа заблакаваць буйныя пастаўкі зброі. Існуе таксама неафіцыйны працэс, у рамках якога заканадаўцы могуць часова прыпыніць продаж зброі.

Трамп уклаў пагадненне аб пастаўках амерыканскай зброі ў Саудаўскую Арабію на 110 мільярдаў даляраў падчас сваёй першай замежнай паездкі ў якасці прэзідэнта ў траўні 2017 года.

Са слоў сенатара-дэмакрата Боба Менендэса, складваецца ўражанне, што заканадаўцы гатовыя заблакаваць пастаўкі, калі высветліцца, што саудаўскія ўлады датычныя да знікнення Хашогі.

«Мы не можам дазволіць нават хаўруснікам меркаваць, што ў іх ёсць карт-бланш на ўсе дзеянні», - сказаў ён журналістам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках