Святлана Алексіевіч: Улада ў Беларусі не кантралюе сітуацыю
6- 11.10.2018, 15:55
- 22,773
Як бы яна не надзімалася.
Беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю расейскай службе ВВС паразважала пра журналістыку ў сучасным свеце. Сёлета яна стала адной з лаўрэатак прэміі імя Ганны Паліткоўскай, заснаванай няўрадавай міжнароднай арганізацыяй RAW in WAR (Дапамагчы ўсім жанчынам у вайне) з Вялікай Брытаніі.
Адно з пытанняў было пра тое, што журналістыка застаецца небяспечнай прафесіяй, а значыць, яна па-ранейшаму існуе як «чацвёртая ўлада».
«Пачынаю думаць, што так, існуе, - кажа Алексіевіч. - Я пра гэта не думала, хаця, калі мы збіраемся, мы ўжо гаворым пра тое, што займацца журналістыкай небяспечна.
З аднаго боку, страшна мець справу з гэтай уладай. З іншага боку, як бы ўлада ні надзімалася, ні ў Расеі, ні ў Беларусі яна ў прынцыпе не кантралюе сітуацыю.
Сумленны журналіст, які не прыслугоўвае, не падпарадкоўваецца, кідае выклік усёй гэтай сітуацыі, сістэме і ставіць сябе пад удар. Сёння гэта абсалютна відавочна: забойствы адбываюцца часта і нават можна сказаць, што яны пачашчаюцца, іх становіцца ўсё больш. І калі раней мы ведалі ворага, то сёння ён прывык хавацца, і вельмі цяжка знайсці сляды».