18 красавiка 2024, Чацвер, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кошты растуць, але вы трымайцеся»

6
«Кошты растуць, але вы трымайцеся»

Як праўладны прафсаюз «народнае расследаванне» праводзіў.

Прафсаюзнікі прайшліся па крамах і ўбачылі, на колькі ў Беларусі падаражэлі мяса і гародніна. Рост коштаў асобных пазіцый уражвае, піша «Салідарнасць».

За год (прыводзяцца звесткі на верасень 2017-2018) кошты на ялавічыну і свініну павялічыліся на 13% і 14% адпаведна, а на гародніну (буракі, моркву, капусту) - больш чым на 33%. Мяса птушкі з пачатку года падаражэла на 15,4%.

Устурбаваная ростам коштаў Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сабрала круглы стол з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, Нацбанка, КДК, гандлёвых сетак і перапрацоўчай прамысловасці.

На сходзе патлумачылі, чаму даражэе мяса. Галоўнай прычынай назвалі павелічэнне коштаў на кармы («бо ў гэтым годзе ўраджай збожжавых у нашай краіне, як і ў нашых суседзяў, ніжэйшы за мінулагодні»). Гаварылася пра тое, што выдаткі на кармы складаюць да 70% сабекошту мяса.

Былі агучаныя і іншыя прычыны росту кошту мяса, павелічэнне выдаткаў вытворцаў і перапрацоўнікаў у іншых артыкулах выдаткаў, сярод якіх энэргарэсурсы, паліва, заробак.

Карыстальнікі сеткі выказваюцца пра рост коштаў.

Людзі ўспамінаюць, як некалькі месяцаў таму ўлады гэтак жа «браліся» за танны расейскі цукар: «У выніку для насельніцтва падаражэў і расейскі цукар, і беларускі».

«За што бяруцца ўлады, мяркуючы з мінулых іх спраў, даражэе яшчэ ўдвая. Да прыкладу, у чэрвені падаражэла кураціна, улады ўзяліся разбірацца, дык яна яшчэ больш падаражэла. Вось і цяпер больш, чым упэўнены: кошты не знізяцца, а толькі павялічвацца будуць. Усе гэтыя інфармацыйныя ўкіды - просты папулізм».

«Кошты растуць, але вы трымайцеся».

«Толькі мяса, а як жа астатняе? - абурыўся удзельнік форуму. - Усё падаражэла. Дзе гэта было, каб малако каштавала 12 тысяч? Раней на 5 тысяч камплект можна было купіць: малако, кефір, хлеб... А цяпер на 50 капеек нават дзіцячае малако 200 грам не купіш».

Людзі засумняваліся ў тым, што выдаткі на кармы складаюць да 70% сабекошту мяса.

«Хто ж напраўду ведае, колькі складаюць кармы, калі гаспадарка на галаву спісвае ў 4 разы больш, каб схаваць прыпіскі ўраджайнасці? - задаюцца пытаннем на форуме. - Прычым тут кошт кармоў, калі жывёлы здаюцца на мясакамбінат фіксаваным коштам? Не будзе такога, што свініну аднолькавай якасці ў Задняпроўскім і ў Бялынічах прымуць розным коштам. Але ж сабекошты ў іх сапраўды розныя будуць. Калі гаспадарка вымушаная закупляць кармы, а не перапрацоўваць уласны ўраджай, яна не можа здаць жывёлу з улікам сваіх выдаткаў, а толькі фіксаваным коштам. Ну і што сабраўся МАРГ разбіраць?»

Удзельніца дыскусіі лета правяла за межамі Беларусі: «Калі вярнулася, цэннік адразу кінуўся ў вочы... мяса дык на 2 рублі дакладна. Але, на жаль, нават за 12 рублёў яно зусім нясмачнае, ну ніякае. Хоць якія спецыі сып, Марына - няма таго водару мяса, які быў раней - значыць, ніякімі збожжавымі не кормяць, як тут пішуць, а хіміяй свіней піхаюць».

Адзін з форумцаў заўважыў, што ў пятніцу да вечара мяса ўжо не ўсюды купіш, «усё размятаюць тыя, у каго «даходы не паспяваюць за ростам коштаў».

У адказ з яго пакпілі: «Забыўся распавесці пра поўныя вазкі чорнай ікры на касах і засілле Лексусаў на стаянках гіпермаркетаў. Гэта работнікі МАЗа і МТЗ выдаткоўваюцца ў пятніцу на выходныя».

Яшчэ адзін карыстальнік падзяліўся асабістым досведам: «Сёння ездзіў у Расею. Беларускі цукар у пераліку на нашыя рублі - 1р 10 кап. У нас - 1р 50 капеек. Белвестаўскія чаравікі - на 30% танней. І гэта з улікам выдаткаў на транспарт, нацэнкі. Нічога не разумею».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках