24 красавiка 2024, Серада, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падпалкоўнік-бунтаўнік Вусік: Буду змагацца да апошняга

73
Падпалкоўнік-бунтаўнік Вусік: Буду змагацца да апошняга

Былы міліцыянт з Крычава прадаўжае судзіцца з МУС.

Падпалкоўнік Ігар Вусік, пасля незаконнага, на ягоную думку, звальнення з МУС за скаргі на начальства спрабаваў прабіцца на прыём да Лукашэнкі, але яго не прынялі. Таму ён далей судзіцца з Міністэрствам унутраных спраў, паведамляе «Радыё Свабода».

Менскі гарадскі суд прызначыў на 11 студзеня разгляд скаргі звольненага з Крычаўскага РАУС Ігара Вусіка. Былы міліцыянт заявіў пра немагчымасць сваёй прысутнасці на судовым працэсе - ён цяпер працуе ў Расеі. Ігар Вусік просіць не разглядаць касацыйную скаргу ў час ягонай адсутнасці, бо, як ён напісаў у лісце на імя старшыні Менгарсуда, «з'явіліся новыя абставіны справы».

Журналісты знайшлі былога крычаўскага міліцыянта ў Маскве, дзе ён цяпер працуе ў сферы ахоўнай дзейнасці.

- Чаму вы намагаеце на пераносе судовага працэсу, не згодныя, каб разгляд касацыйнай скаргі адбыўся без вашай прысутнасці? Аб якіх новых абставінах вы напісалі старшыні Менскага гарадскога суда?

- Мяне звольнілі з органаў МУС 17 траўня 2017 года, а сем з паловай месяцаў я не мог атрымаць на рукі копію свайго кантракту. Толькі калі я напісаў другую касацыйную скаргу, у канцы снежня мне даслалі копію.

Другі ліст кантракту выпраўлены: у 2013 годзе, калі я падпісваў яго, у ім сапраўды не было пункта «аб забароне распаўсюду ў сетцы Інтэрнэт і СМІ інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы». Подпіс на другой старонцы дакладна не мой, дата пастаўленая не маёй рукой. Да таго ж, адпаведна са службовымі абавязкамі я павінен быў штомесяц выступаць у СМІ. Так што я нічога не парушыў, наадварот, мы прыпынялі карупцыйныя дзеянні з боку кіраўніцтва.

Я маю намер правесці незалежную экспэртызу почырку і абвінаваціць службовых асоб МУС у злачынстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў і незаконным звальненні. Буду змагацца да апошняга. У лістападзе было ўжо адно пасяджэнне ў Менгарсудзе, а пастанову я дагэтуль не атрымаў. Гэта натуральна і чакана, бо я суджуся з Міністэрствам унутраных спраў.

- А як вы ацэньваеце вынікі праверкі, якую правяло Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаўскім РАУС пасля вашай скаргі?

- Як смешныя. Начальнік Крычаўскай міліцыі і ягоны намеснік як працавалі, так і працуюць. Гэта проста адпіска, укрывальніцтва. Бо калі б МУС прызнаў парушэнні, пасыпаліся б аналагічныя скаргі і з іншых РАУС. Пасля нас барысаўскія міліцыянты пачалі скардзіцца і таксама былі звольненыя.

Міністр Шуневіч нас не пачуў, хоць мы выставілі дыктафонныя запісы, як груба начальнік РАУС Станіслаў Хахлоў з намі размаўляў, абражаў афіцэраў. Я мяркую, што міністр паступіў подла, мяне звольнілі незаконна, ён перавысіў свае службовыя паўнамоцтвы. Я ж праўду напісаў, што начальнік брыдкасловіў, псаваў маёмасць: ламаў крэслы, выбіваў дзверы - ну хіба гэта адэкватны чалавек? Як Хахлоў вымагаў частку прэмій ад падначаленых.

Мы чатыры разы пацвярджалі факты перадачы грошай з прэміі, якія ішлі ў кішэню Хахлова. Праўда, былыя калегі кажуць, што лаяцца Хахлоў перастаў, іх менш сталі прыцягваць да звышурочнай працы. Але службовы транспарт у асабістых мэтах па-ранейшаму Хахлоў выкарыстоўвае.

Так што буду ісці да канца, буду змагацца да апошняга. Мне няма чаго губляць. Вельмі хачу, каб сам міністр прысутнічаў на судзе - мару яму ў вочы паглядзець. Спрабаваў прабіцца на прыём да Лукашэнкі - бессэнсоўна. Я не змагаўся з сістэмай - я змагаўся з канкрэтнымі кіраўнікамі, якія сталі надта нахабнымі.

- А як склалася ваша жыццё пасля звальнення? Крычаў - горад маленькі, ці былі спробы ўладкавацца на працу?

- Шчыра кажучы, усё склалася выдатна. Крычаў давялося пакінуць, бо працаўладкавацца там у мяне не было магчымасці. Уладкаваўся і жыву значна лепш, чым калі служыў у міліцыі. Калі пра мяне здымуць фільм, то ўсе астатнія міліцыянты кінуць службу (смяецца). Я праўда ні аб чым не шкадую.

Падрабязнасці распавядаць не буду, скажу толькі, што я працую ў Маскве ў сферы аховы (гэта не паліцыя, а менавіта ахоўная дзейнасць). Жыллё мне далі, плацяць прыстойна, так што ўсё нармальна. Адзін мой былы крычаўскі калега, якога таксама звольнілі, працуе разам са мной у Маскве. Яшчэ аднаго звольненага адразу ж забралі ў войска, бо яму пасля навучальнай установы трэба было яшчэ год адпрацоўваць. Так цягам тыдня хлопца «зачынілі» ў войска, служыць у Бабруйску - звязалі рукі, каб скаргаў не пісаў. Астатніх семярых, якія засталіся служыць, запалохваюць, каб з намі не кантактавалі.

- А дзе жыве ваша сям'я?

- Сям'я мая пакуль жыве ў Крычаве. Жонка ў дэкрэце, гадуе дваіх дзяцей. А сын ад першага шлюбу жыве ў Магілёве, падчас зімовых канікулаў прыязджаў да мяне ў Маскву. Я раз на месяц на тыдзень прыязджаю дадому, ёсць выхадныя.

У лютым 2017 года падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік, які тады займаў пасаду начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС, і дзесяць ягоных падначаленых звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча са скаргай на сваё кіраўніцтва. У звароце сярод іншага гаварылася аб паборах, абразах і наўмысным стварэнні службовых цяжкасцяў.

Праверка, якую правяло Міністэрства ўнутраных спраў у Крычаве, выявіла «парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржнікаў». Але ў выніку начальнік крычаўскай міліцыі Станіслаў Хахлоў на сваёй пасадзе застаўся, а Ігар Вусік і трое ягоных калегаў у траўні 2017 года былі звольненыя з органаў унутраных спраў. Іх абвінавацілі ў публічным распаўсюдзе інфармацыі, якая дыскрэдытуе міліцыю.

Экс-міліцыянт Ігар Вусік звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска з пазовам аб аднаўленні на службе. 28 чэрвеня 2017 года суддзя Аляксандр Длужнеўскі адмовіў яму ў пазове. І цяпер Вусік спрабуе абскардзіць гэтую пастанову ў больш высокай інстанцыі - Менскім гарадскім судзе.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках