19 апреля 2024, пятница, 23:41
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Як жывецца вулічным музыкам у Менску

4
Як жывецца вулічным музыкам у Менску
Вулічныя музыкі
Фота: RFE/RL

Ці могуць музыкі свабодна граць на пешаходных вуліцах у Менску?

З гэтым пытаньнем разьбіралася «Радыё Свабода».

25 сакавіка міліцыя затрымала музыкаў Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна, якія зьбіраліся павіншаваць менакоў з Днём Волі вулічным канцэртам. Свой выступ яны хацелі зрабіць на перасячэньні вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Як толькі Вольскі прыйшоў да месца выступу, міліцыянт яго папярэдзіў што канцэрт будзе расцэнены як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Потым да музыкаў пад’ехаў міліцэйскі аўтобус і музыкаў затрымалі для высьвятленьня асобы. Праз тры гадзіны іх выпусьцілі з пастарунку.

Выступы толькі на падставе закону

Ва ўпраўленьні культуры Менскага гарвыканкаму расказалі, што выступы вулічных музыкаў рэглямэнтуюцца законам аб масавых мерапрыемствах.

Паводле пятага артыкулу гэтага закону, арганізатар павінен падаць заяву ў Менгарвыканкам. Ці паступала заява ў Менгарывканкам адносна выступу музыкаў, намесьнік кіраўніка ўпраўленьня культуры Аляксандар Шастакоў ня ведае, але «на разгляд ва ўпраўленьне культуры нічога не паступала».

«Таму дадатковай інфармацыі мы ня маем», — сказаў Аляксандар Шастакоў.

Ён сказаў, што музыкі павінны падаваць свае заявы ў адмысловую скрыню для карэспандэнцыі.

У 2018 годзе вулічныя музыкі мелі ў Менску 17 пляцовак для выступаў, зь іх 5 у гістарычным цэнтры і 12 у падземных пераходах. Музыкам выдалі каля 200 дазволаў на выступы. Каб выступаць на вуліцах у новым сэзоне трэба падаць заяўку да 29 красавіка. Пасьля артысты пройдуць праслухоўваньне падчас фэстывалю «Месца пад сонцам» 18 траўня. У 2019 годзе дазволяць граць таксама ў Траецкім прадмесьці, на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Пра гэта паведаміла агенцтву «Менск-Навіны» начальніца ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Віталіна Рудзікава.

«Для мяне вулічная музыка — гэта найперш свабода»

«Для мяне вулічная музыка — гэта найперш свабода», кажа музыка Андрэй Мяшкоў, які яшчэ ў 2014 годзе распрацоўваў праект разьвіцьця вулічнай музыкі. Паводле яго, у выніку вулічная музыка атрымала легальны статус. Цяпер у Менску працуе праект «Падземка».

«У пярэйсьцях мэтро можна граць абсалютна легальна. З 2017 году пачаў дзейнічаць праект „Падземка“ у межах праекту „Пешаходка“. На станцыях мэтро расклееныя вялікія налепкі і пад імі можна афіцыйна граць у вызначаны час. Але для таго каб граць у вызначаны час трэба зарэгістравацца на сайце пешеходка.бел, прайсьці праслухоўваньне напрыканцы красавіка-пачатку траўня і атрымаць дазвол, які дзейнічае цягам года і дазваляе рэгістравацца праз закрытую сыстэму браніраваньня часу выступаў».

Андрэй Мяшкоў

Паводле Андрэя Мяшкова, маючы дазвол можна «афіцыйна» граць прыкладна чатыры гадзіны цягам трох дзён. Але міліцыянты могуць спыніць музыканта, калі будзе для гэтага нейкая нагода, нават калі той мае дазвол.

«У прынцыпе граць на пешаходных вуліцах ніхто не забараняе. І калі карыстацца прынцыпам заходнеэўрапейскіх музыкаў, што не забаронена, тое дазволена, то на вуліцах можна граць, калі гэта не замінае крамам, нейкім установам ці жыхарам. Праект „Пешаходка“ у нас працуе па выходных, пераважна ў суботу. Гэта канцэртны дзень, калі кожны жадаючы, які ўжо зарэгістраваны, можа прапанаваць свае выступы каля ратушы, ці ў Карэтным дворыку і на Зыбіцкай. Але гэтая тэма, я лічу, знаходзіцца ўжо па-за межамі праекту».

Паводле Андрэя Мяшкова, музыкаў тычыцца ўказ аб гастрольнай і канцэртнай дзейнасьці, які мае на ўвазе збор прыбыткаў зь вялікіх канцэртаў у крытых памяшканьнях, і закон аб масавых мерапрыемствах, які ўлічвае выступы на вуліцах.

«Але закон аб масавых мерапрыемствах не рэгулюе камэрцыйны складнік. На той жа Камсамольскай вуліцы музыкам дазволілі граць, але ў афіцыйна дазволены сьпіс пляцовак яна яшчэ ня трапіла. Бо ў афіцыйнай сыстэме, дзе мы браніруем, гэтая пляцоўка яшчэ не зьявілася як дазволеная. Там няма ніякай налепкі, што там можна граць. Таму ў гэтым месцы да музыкаў запраста можна прыдрацца, калі яны там граюць».

«Я ня думаю, што Пол Макартні ці Ніна Гаген бяруць дазвол, каб сьпяваць»

Вядомыя музыкі Лявон Вольскі і Зьміцер Вайцюшкевіч фактычна ня граюць на вуліцах. Яны кажуць, што ня мелі дазволу, які выдаецца вулічным музыкам. Яны кажуць, што тут рэч нават не ў дазволе, бо іх затрымалі, калі яны яшчэ нават не дасталі свае гітары і не пачалі сьпяваць.

Зьміцер Вайцюшкевіч

«Я быў адным з першых музыкаў, хто граў на плошчы Перамогі ў пачатку 90-х гады. Я граў на клярнэце і тады ніхто не патрабаваў дазволу. І ніхто не ганяў. Толькі калі прыходзілі жабракі, я сыходзіў, бо хацеў зь Менску зрабіць Парыж. На Новы год я раздаваў дзецям цукеркі, апранаў касьцюм сьвятога Мікалая. Што тычыцца цяперашніх дазволаў, я ня ведаю, бо на вуліцах даўно ня граў», — сказаў Зьміцер Вайцюшкевіч.

Лявон Вольскі кажа, што сама працэдура і адбор музыкаў для выступаў на вуліцах «досыць прыніжальныя».

Лявон Вольскі

«Які сэнс нам праходзіць адбор, каб граць на вуліцы? Ёсьць людзі, якія на гэтым зарабляюць грошы, граюць кавэры. І некаторыя граюць нават без усялякіх рэгістрацый, наколькі я бачу. Мы хацелі нядоўга там паграць».

Іншы раз вядомыя музыкі выходзілі граць на вуліцу, калі ўлады заносілі іх у «чорныя сьпісы» і не было іншага выйсьця.

«Я ня думаю, што Пол Макартні ці Ніна Гаген бяруць дазвол, каб сьпяваць», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях